Футбольнае першынство брала паўзу на міжнародныя матчы, у якіх зборная Беларусі згуляла дома ўнічыю з Эстоніяй і прайграла Нідэрландам.
Калі вяртацца да падзей папярэдняга тура, то тут варта адзначыць валявую перамогу «Мінска» ў Гарадзеі, а таксама другую запар вікторыю «Энергетыка-БДУ».
Форвард «Энергетыка-БДУ» Ілля Шкурын быў прызнаны найлепшым гульцом верасня ў чэмпіянаце.
Здавалася, што «Віцебск» крыху ачуняў, пра што сведчылі дзве перамогі, але на сінтэтыцы РЦАР-БДУ паўночная каманда нічога не змагла зрабіць са «студэнтамі», чые пазіцыі на мяжы зоны вылету сталі мацнейшымі за становішча «Гомеля» і «Дняпро», якія згулялі ў панылую нічыю.
Цяпер да падзей наступнага тура.
«Славія» — «Нёман»
Абое рабое: мазырчукі і гарадзенцы маюць аднолькавую колькасць турнірных балаў, а таксама апошнім часам не могуць парадаваць заўзятараў перамогамі.
У «Славіі» — адна вікторыя ў сямі апошніх турах, і тая тэхнічная. «Нёмана» справы яшчэ горшыя — адна перамога ў 11 матчах.
Ёсць неблагі шанец крыху выправіць становішча.
Прагноз «НН»: тотал, меншы за 2.5.
БАТЭ — «Гомель»
- 19.10, 16:00. «Барысаў-арэна».
- Каэфіцыенты: БАТЭ (перамога) — 1.21; нічыя — 6.65; «Гомель» (перамога) — 10.75.
- Матч першага круга — 2:0
У інтэрнеце разгортваецца ініцыятыва аб перайменаванні «Барысаў-арэны» ў гонар Анатоля Капскага. Спачатку гэта быў флэшмоб у сацсетках, а нядаўна 150 спартоўцаў звярнуліся да барысаўскіх уладаў з адкрытым лістом.
Але пакуль у самім клубе думаюць яўна не пра назву стадыёна — трэба даганяць брэсцкае «Дынама» і трымаць у галаве будучыя матчы з «Шахцёрам» і мінскім «Дынама». А пакуль можна крыху расслабіцца, бо ў Барысаў едзе гаротны «Гомель».
Прагноз «НН»: перамога БАТЭ.
«Дынама-Мінск» — «Віцебск»
«Дынама» два тыдні таму згуляла ўнічыю з «Іслаччу» і яшчэ на адзін бал аддалілася ад жодзінскага «Тарпеда-БелАЗ», якое без шанцаў саступіла ў Салігорску, але яшчэ на два адстала ад трэцяга месца.
Фота: ФК «Дынама-Мінск»
«Віцебск» жа, прайграўшы «Энергетыку-БДУ», зноў вываліўся з першай паловы табліцы. Але ў сярэдзіне табліцы такая шчыльнасць, што перамога зноў можа падняць віцяблянаў на восьмае месца, а параза з улікам вікторый канкурэнтаў можа адкінуць ажно на дванаццатае.
Прагноз «НН»: перамога «Дынама».
«Тарпеда-БелАЗ» — «Іслач»
У матчы першага круга «Іслач» ужо на восьмай хвіліне засталася ўдзесяцёх пасля выдалення Янушкевіча, але здолела вырваць перамогу.
Паўтарэнне майскага матча зможа перасунуць «ваўкоў» на пяты радок табліцы, але ў гэта чамусьці не надта верыцца.
Прагноз «НН»: «Тарпеда» не прайграе.
«Дняпро» — «Шахцёр»
Увечары 14 кастрычніка на магілёўскім стадыёне «Спартак» адбыўся пажар. Агонь пашкодзіў банер з лагатыпам «Дняпро», а таксама сцяну адміністрацыйнага будынка. Ніхто не пацярпеў.
Наступствы пажару не мусяць адбіцца на арганізацыі матча супраць «Шахцёра», які адбудзецца на «Спартаку». Цяпер задача за футбалістамі: паказаць такую гульню, каб яе можна было назваць «вогненнай».
Прагноз «НН»: перамога «Шахцёра».
«Дынама-Брэст» — «Слуцк»
Берасцейцы працягваюць свой шлях да чэмпіёнства. Наступны чэкпойнт — гульня са «Слуцкам», які правальвае другую восень запар. Сёлета ў падначаленых Віталя Паўлава ўжо чатыры паразы запар.
Паўтарэння леташняга рэкорду не будзе (дзякуй мінскаму «Тарпеда»), але радавацца асабліва няма чаму.
Прагноз «НН»: перамога «Дынама».
«Гарадзея» — «Энергетык-БДУ»
«Гарадзея» праводзіць найлепшы сезон у сваёй вышэйшалігавай гісторыі: «цукровыя» знаходзяцца на сёмым радку і паказваюць стабільную гульню. Здараюцца, канечне, канфузы кшталту паразы ў мінулым туры ад «Мінска», але наогул уражанне застаецца вельмі станоўчым.
Тое ж можна сказаць і пра «Энергетык», хаця поспехамі каманда можа адзначыцца хіба што ў гонцы бамбардзіраў. «Студэнты» усё яшчэ могуць вылецець у першую лігу.
Прагноз «НН»: тотал, большы за 2.5.
У сувязі са зняццем з чэмпіянату мінскага «Тарпеда» ва ўсіх астатніх матчах «аўтазаводцам» будзе прысуджана тэхнічная параза 0:3. На гэты раз пашанцавала «Мінску».
ТУРНІРНАЯ ТАБЛІЦА
Дзяліцеся прагнозамі ў каментарах і абавязкова схадзіце на стадыён, надвор'е ж добрае! Лічыце сябе экспертам у беларускім футболе — зрабіце стаўку ў Букмекерскай канторы Марафон!