ТАСС

ТАСС

Ад пачатку мінулага тыдня паселішчы ў Іркуцкай вобласці Расіі пачалі сыходзіць пад ваду — праз надзвычайныя залевы рэзка падняўся ўзровень рэкаў. Ужо налічылі сем загінулых і прынамсі 600 пацярпелых, піша Радыё Свабода.

Намесьнік старшыні іркуцкага беларускага клюбу «Крывічы» Алег Рудакоў расказаў Свабодзе, што ад паводкі пацярпелі і беларускія вёскі — паселішчы, заснаваныя высланымі ў Сыбір беларусамі, дзе дагэтуль жывуць людзі зь беларускімі каранямі.

Але інфармацыі мала — пацярпелыя вёскі адрэзаныя ад зьнешняга сьвету:

«Сувязь толькі празь верталёты, а верталёты паўсюль не пасьпяваюць»,— кажа Рудакоў.​

«Вось, напрыклад, вёска Чарчэт [Тайшэцкага раёну Іркуцкай вобласьці з насельніцтвам больш за тры сотні чалавек] сама па сабе не затопленая, бо знаходзіцца на ўзвышшы, але вакол усе вёскі затопленыя, і затопленая дарога, якая зьвязвае вёску са зьнешнім сьветам, — расказвае Рудакоў. — На сёньняшні дзень яны проста адрэзаныя, у іх амаль няма электрычнасьці. Трошкі, бывае, даюць, але баяцца, бо ўсе электралініі падтопленыя, слупы падаюць, замыканьні адбываюцца.

Пры тым у самой вёсцы Чарчэт дажджоў зусім няма, але сьпякота жудасная. Няма чым паліваць, а вакол няма добрай вады, бо побач рэчка выйшла зь берагоў вельмі значна, у некаторых мясьцінах пазносіла хаты, скаціну. У адной суседняй вёсцы аж 200 цялятаў затанула — іх пасьпелі выгнаць на востраў на ўзвышшы, а і ён затануў».

Пацярпелі і іншыя вёскі, заснаваныя беларусамі, у тым ліку Мугун, Ніжні і Верхні Бурбук у суседнім Тулунскім раёне — дарогі вакол затопленыя, электрычнасьці няма. Таксама часткова затопленая заснаваная беларусамі вёска Ікей у Тулунскім раёне, але зьвязацца зь ёй няма ніякай магчымасьці, дарогі туды затопленыя, толькі МНС далятае на верталётах і забірае людзей, калі бачыць іх на дахах. Ёсьць людзі, якія зьніклі бязь зьвестак — магчыма, яны спрабавалі самі эвакуявацца насуперак папярэджаньням ратавальнікаў.

Днём раней вада пачала адступаць, але на наступны дзень прагназуюць вялікія залевы, вада можа зноў падняцца. Ці ратавальнікі і чыноўнікі дзейнічаюць слушна, Рудакоў не бярэцца сьцьвярджаць, але мяркуе, што яны, відаць, робяць усё магчымае, ды структуры не былі падрыхтаваныя да бяды такога маштабу.

«Узровень рэк небывала падняўся, — дадае Рудакоў. — Такога ўжо даўно не было, са старых людзей ніхто такога ня памятае».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?