Кіраўніца адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Наталля Качанава паабяцала сустрэцца з актывісткамі руху «Маці 328», якія трэці тыдзень трымаюць галадоўку з патрабаваннем далейшай лібералізацыі антынаркатычнага артыкула Крымінальнага кодэкса, піша Радыё Свабода.
Сустрэча мае адбыцца да 10 ліпеня. Пра гэта паведаміла кіраўніца руху «Маці 328» Ларыса Жыгар пасля размовы 27 чэрвеня з намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Мікалаем Снапковым.
«Раней я звярталася ў Адміністрацыю з просьбай мяне прыняць, а таксама дасылала нашыя прапановы па змене артыкула 328. Мне была прызначаная сустрэча на сёння. Мяне прынялі намеснік кіраўніка Адміністрацыі Мікалай Снапкоў і загадчык прыёмнай спадар Шлык.
І ад Мікалая Снапкова я пачула, што Наталля Качанава «цвёрда паабяцала» нас прыняць да 10 ліпеня. Снапкоў таксама сказаў, што яны вывучаюць нашы патрабаванні, у тым ліку і патрабаваньне стварыць камісію для перагляду спраў па 328 артыкуле, — сказала Ларыса Жыгар.