Ужо амаль месяц міністр замежных справаў Уладзімір Макей не фігуруе ў зводках навін. Апошняе згадванне актыўнасці чыноўніка датуецца 23 студзеня, калі ён сустракаўся з паслом Чэхіі ў Беларусі Томашам Пярніцкім.

Уладзімір Макей і Віктар Лукашэнка на прыёме да 100-годдзя дыпламатычнай службы. Фота Волі Афіцэравай

Уладзімір Макей і Віктар Лукашэнка на прыёме да 100-годдзя дыпламатычнай службы. Фота Волі Афіцэравай

18 лютага Уладзіміра Макея паказалі ў навінах падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з еўракамісарам па бюджэце і чалавечых рэсурсах Гюнтэрам Эцінгерам. Але цікавым з’яўляецца тое, што ўжо ў самім міністэрстве камісара прымаў намеснік Макея Алег Краўчанка.

Прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз рашуча абвяргае інфармацыю пра знікненне міністра. Ён патлумачыў «Нашай Ніве», што так было запланавана, каб Макей не сустракаўся двойчы з еўрапейскім госцем.

Праўда, яшчэ месяц таму дзейнічаў іншы падыход: міністр замежных спраў Венгрыі Петэр Сіярта спачатку сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам і Уладзімірам Макеем, а пасля яшчэ раз асобна толькі з Макеем.

У ранейшыя прыезды іншых еўракамісараў Уладзімір Макей таксама асобна прымаў гасцей у МЗС.

Звяртае на сябе ўвагу, што на Мюнхенскую канферэнцыю па бяспецы таксама адправіўся не міністр профільнага ведамства, а кіраўнік КДБ Валерый Вакульчык.

На 21 лютага, праўда, запланаваны выязны прыём грамадзян Уладзімірам Макеем у Маладзечанскім райвыканкаме. Прыём будзе адбывацца ад 10 да 12 гадзіны.

На сайце МЗС за апошні месяц дастаткова шмат паведамленняў пра актыўнасць намеснікаў Макея — Дапкюнаса, Краўчанкі, Еўдачэнкі, — але пра самога міністра нічога няма.

У пачатку студзеня Аляксандр Лукашэнка ўручыў Уладзіміру Макею ордэн Айчыны ІІІ ступені. А 18 студзеня адбыўся ўрачысты прыём з нагоды 100-годдзя беларускай дыпламатычнай службы. Фактычна гэтым днём і датуецца знікненне міністра з інфармацыйнага поля.

Выказваецца версія, што змяншэнне актыўнасці кіраўніка МЗС можа быць звязана з пераводам яго на іншую пасаду.

Макею прадказваюць ролю дзяржаўнага сакратара Рады бяспекі.

Уладзімір Макей. Фота Сяргея Гудзіліна.

Уладзімір Макей. Фота Сяргея Гудзіліна.

Яшчэ ў снежні 2018 года Лукашэнка падпісаў праект рашэння Рады калектыўнай бяспекі аб прызначэнні Станіслава Зася генсакратаром АДКБ. Кандыдатуру Зася ў якасці кіраўніка АДКБ падтрымалі Расія, Казахстан, Таджыкістан, Кыргызстан, але «дабро» ўсё яшчэ не дае Арменія, цягнучы час. Таму Зась ужо фактычна знаходзіцца ў ролі не дзяржсакратара Рады бяспекі.

***

Уладзімір Макей

Нарадзіўся ў 1958 у вёсцы Некрашэвічы Карэліцкага раёна. Скончыў Мінскі дзяржаўны інстытут замежных моваў (1980), служыў у савецкай разведцы (1980—1992), палкоўнік запасу. Перавучваўся ў Дыпламатычнай акадэміі МЗС Аўстрыі (1992—1993). Знаходзіўся на дыпламатычнай службе (1993—2000), працаваў памочнікам прэзідэнта (2000—2008), кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта (2008—2012). Ад жніўня 2012 — міністр замежных справаў. Мае сыноў ад абодвух шлюбаў. Другая жонка — актрыса і тэлевядучая Вера Палякова.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?