У Беларусі выбралі найлепшыя брэнды краіны. Гран-пры прэміі «Брэнд года — 2018» — званне «Здабытак рэспублікі» дасталася кампаніі «Савушкаў прадукт». Брэсцкі вытворца таксама перамог ва ўсіх малочных катэгорыях і ўзяў «золата» як «Сацыяльна адказны брэнд».

Найлепшыя брэнды краіны выбіралі спажыўцы і прафесійнае журы. Усе гандлёвыя маркі ацэньваліся па двух параметрах — вядомасць і перавагі. У агульнанацыянальным апытанні ўзялі ўдзел мужчыны і жанчыны 18—60 гадоў. Усіх іх прасілі не абраць са спісу, а назваць брэнды, якія яны ведаюць і якім аддаюць перавагу.

На гэты раз пераможцаў вызначылі ў чатырох намінацыях і больш чым у 100 катэгорыях. У конкурсе ўдзельнічалі як беларускія, так і замежныя брэнды. Гран-пры прэміі і званне «Брэнд — здабытак рэспублікі» атрымаў «Савушкаў прадукт». Ён жа стаў пераможцам у трох прадуктовых катэгорыях: малочная прадукцыя, ёгурты і сыры.

«Асноўнай нашай задачай застаецца вытворчасць натуральных малочных прадуктаў, карысных для здароўя і такіх, што цалкам адпавядаюць запытам спажыўцоў. Пры гэтым мы намагаемся выпускаць прадукцыю, якая годна канкуруе не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. І нам вельмі прыемна, што сёння нам гэта ўдаецца», — адзначае намеснік гендырэктара кампаніі «Савушкаў прадукт» Алена Бабкіна.

Кампанія таксама ўзяла «золата» як «Сацыяльна адказны брэнд», стаўшы пераможцам у катэгорыі «Актыўная сацыяльная пазіцыя». «Савушкаў» адным з першых у краіне стаў удзельнікам міжнароднай ініцыятывы «Глабальны дагавор» і штогод рэалізуе дзясяткі сацыяльных праектаў. Іх мэта — данесці дакладную і карысную інфармацыю пра здаровы лад жыцця, правільнае харчаванне і ролю малочных прадуктаў у рацыёне чалавека.

«Брэнд года» з'яўляецца першым у Беларусі прафесійным конкурсам у сферы маркетынгу і брэндынгу. Конкурс праводзіцца ўжо 17 гадоў і збірае сотні ўдзельнікаў у розных катэгорыях.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0