Што на дадзены момант вядома пра новую версію аперацыйнай сістэмы?
Падтрымка «гарлавіны» ў дысплэі
Разам з модай на адсутнасць рамак вакол экрана мабільных прыладаў з'явілася шмат смартфонаў з гарлавінай у экране, які ў народзе атрымаў назвы «чолка», «монабрыво». Гэта ўскладняе працу распрацоўшчыкаў, бо трэба адаптаваць інтэрфейс сістэмы і дадаткаў.
Цяпер распрацоўшчыкі смартфонаў змогуць змяняць вышыню радка стана, выкарыстоўваць прастору на экране справа і злева ад гарлавіны рознай формы.
Новы дызайн
Google чарговы раз перапрацавала знешні выгляд стандартных вокнаў — апавяшчэнняў, наладаў і іншых інтэрфейсаў. Пункты ў меню атрымалі закругленыя вуглы, а ў цэлым інтэрфейс стаў больш светлым і каляровым.
Новы пункт апавяшчэнняў
Цяпер наўпрост з пункту апавяшчэнняў, што высоўваецца зверху, з'явілася магчымасць хуткіх адказаў на паведамленні з месенджараў. На скрыншоце ніжэй паказана, як на пытанне «Як наконт сушы?» сістэма прапануе тры адказы: «Добра, убачымся», «Гучыць някепска» і «Выбачай, не магу».
Прапанаваныя «разумныя» адказы будуць залежаць ад зместу паведамлення.
Падтрымка некалькіх камер
Android P прадастаўляе стандартную падтрымку шматкамерных модуляў. Гэта спросціць працэс наладаў камер на смартфонах, і распрацоўшчыкі змогуць дадаць падтрымку функцый размыцця задняга фону або аптычнага зуму за кошт пераключэння паміж рознымі модулямі. Таксама для іншых дадаткаў з'явіцца магчымасць здымкі адразу з двух камер для стварэння 3D-эфекту.
Навігацыя ўнутры будынкаў
У новай АС уводзіцца падтрымка пратаколу Wi-Fi IEEE 802.11mc (RTT). Калі такі стандарт сеткі распаўсюдзіцца ва ўсіх кропках свету, карыстальнікі змогуць выкарыстоўваць карты для навігацыі ўнутры будынкаў, дзе GPS дае нізкую дакладнасць, у той час як Wi-Fi RTT дае дакладнасць пазіцыянавання ў 1-2 метры. Будзе зручна шукаць патрэбную краму ў вялікіх гандлёвых цэнтрах або машыну на паркоўцы.