Уступіў у законную сілу прысуд суда Столінскага раёна ў дачыненні да грамадзяніна Украіны за незаконнае перамяшчэнне праз Дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь агнястрэльнай зброі і боепрыпасаў, паведамляе прэс-служба Памежнага камітэта.

29 снежня 2016 года за 400 метраў ад беларуска-ўкраінскай мяжы быў затрыманы 28-гадовы грамадзянін Украіны. Мужчына наўмысна незаконна перасёк мяжу з мэтай палявання. Заўважыўшы пагранічны нарад, ён паспрабаваў схавацца на тэрыторыі Украіны. Спыніць яго змаглі толькі папераджальныя стрэлы ў паветра. Пры сабе ў паляўнічага аказалася стрэльба маркі «ІЖ-18Е» 16 калібра, 22 патроны, тэлефон і грашовыя сродкі.

Жыхар Ровенскай вобласці прызнаны вінаватым па ч.1 арт. 333-1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (незаконнае перамяшчэнне праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза і Дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў).

Яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на тры гады і тры месяцы з адбыццём у калоніі ўзмоцненага рэжыму. Стрэльба і патроны канфіскаваныя ў даход дзяржавы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0