У старэйшай дачкі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа Іванкі Трамп будзе свой працоўны кабінет у Белым доме, паведамілі ў Вашынгтоне. Пры гэтым афіцыйна 35-гадовая дачка прэзідэнта не будзе займаць ніякай пасады ў яго адміністрацыі, піша ВВС.
Іванка Трамп прысутнічала на перамовах свайго бацькі з прэм'ер-міністрам Канады Джасцінам Трудо… Фота AFP
Выданне Politico, спасылаючыся на юрыста Іванкі Трамп Джэймі Гарэліка, паведаміла, што ў дачкі прэзідэнта будзе доступ да сакрэтнай інфармацыі, фактычна яна будзе выконваць ролю дарадцы прэзідэнта, а яе галоўная задача — быць «вачамі і вушамі» свайго бацькі.
Паведамляецца, што офіс Іванкі будзе размяшчацца ў заходнім крыле Белага дома, дзе знаходзіцца Авальны кабінет.
…і канцлерам Германіі Ангелы Меркель. Фота ЕРА
Іванка прысутнічала на многіх сустрэчах свайго бацькі з сусветнымі лідарамі, у тым ліку на перамовах з прэм'ер-міністрам Канады Джасцінам Трудо і канцлерам Германіі Ангелай Меркель.
Са слоў яе юрыста Джэймі Гарэліка, прысутнасць Іванкі ў Белым доме не парушае амерыканскага заканадаўства, накіраванага на барацьбу з непатызмам, бо яна не займае ніякай афіцыйнай пасады і не атрымлівае зарплату, а выконвае абавязкі дарадцы на добраахвотных пачатках.
Раней вялікі рэзананс выклікала рашэнне Трампа прызначыць свайго зяця Джарэда Кушнера — мужа Іванкі Трамп — на пасаду старэйшага дарадцы ў Белым доме.
Крытыкі гэтага рашэння адзначалі, што ў Кушнера няма дыпламатычнага досведу.
Як і Трамп, яго зяць — буйны бізнэсмен. Сваю дэвелаперскую імперыю ён атрымаў у спадчыну ад бацькі, Чарльза Кушнера.
Лічыцца, што Дональд Трамп прыслухоўваецца да меркавання свайго зяця.
Падчас выбарчай кампаніі Трампа Кушнер кіраваў інтэрнэт-стратэгіямі і займаўся пытаннямі найму высокапастаўленых супрацоўнікаў. Пасля прызначэння Кушнера сваім дарадцам Трамп даручыў зяцю заняцца перамовамі аб вырашэнні канфлікту паміж Ізраілем і палестынцамі. Як казаў Трамп, Кушнер, які вырас у артадаксальнай габрэйскай сям'і, добра ведае гэты рэгіён і людзей.