21 лютага а 15 гадзіне ў Міністэрстве замежных спраў адбудзецца мерапрыемства «Я нясу вам дар», якое ладзіць Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы ў рамках святкавання Міжнароднага дня роднай мовы і 135-годдзя першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы, паведамляецца на старонцы музея ў фэйсбуку.

Спадчына народнага паэта Беларусі Янкі Купалы — гэта здабытак беларускай, еўрапейскай і сусветнай культуры. Падчас урачыстасці паэтычныя радкі Янкі Купалы прачытаюць па-беларуску і на многіх мовах свету міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзімір Макей і прадстаўнікі дыпламатычных місій, акрэдытаваных на Беларусі.

У рамках мерапрыемства адбудзецца адкрыццё выставы з фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы «Я нясу вам дар». Выстава пазнаёміць са старонкамі жыцця і творчасці Янкі Купалы, прадставіць прыгажосць Вязынкі — мясціны, якой выпаў лёс стаць малой радзімай вялікага паэта.

Пазней стала вядома, што 21-22 лютага У. Макей наведае Маскву. У МЗС «Нашай Ніве» сказалі, што адкрываць купалаўскую імпрэзу ў МЗС будзе намеснік міністра замежных спраў Алег Краўчанка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0