Афіцыянт тэхаскага рэстарана атрымаў ад кліента чаявыя на суму 750 даляраў пасля таго як згадаў, што два гады не бачыў сваю сям'ю з Паўночнай Ірландыі, піша ВВС.
Taryn Keith
22-гадовы афіцыянт Бэн Мілар распавёў, што ў мінулую суботу ён абслугоўваў за абедам мужчыну па імені Джэфры і яны пачалі гаварыць пра Ірландыю.
Джэфры сказаў, што часта там бывае, а Бэн паскардзіўся, што хацеў бы часцей бачыць сям'ю, якая жыве там.
Бэн Мілар пабачыў чаявыя, толькі калі Джэфры і яго спадарожнікі пакінулі рэстаран. Надпіс на чэку за абед быў такі: «Спадзяюся, гэта дазволіць табе паехаць у Ірландыю на вакацыі».
Мілар распавёў, што за час сваёй працы ён ніколі не атрымліваў такіх шчодрых чаявых. Яго сяброўка чакае дзіця, і ён разлічваў назапасіць грошай да нараджэння сына, каб прадставіць сваю новую сям'ю сваякам з Белфаста.
«Я спадзяюся звязацца з Джэфры і перадаць, што я яму вельмі ўдзячны», — сказаў афіцыянт.