фота: mboo-kids.blogspot.com

фота: mboo-kids.blogspot.com

Завершана расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да Вячаслава Давыдовіча, заснавальніка і старшыні міжнароднай дабрачыннай грамадскай арганізацыі «У дапамогу дзецям-сіротам». Яму прад'яўленае абвінавачванне ў здзяйсненні злачынства супраць палавой недатыкальнасці непаўналетніх, а таксама шэрагу эканамічных злачынстваў.

«Падчас следства выяўлена, што ў перыяд з красавіка 2010 года па лістапад 2012 года ён здзейсніў дзеянні сэксуальнага характару ў дачыненні да выхаванцаў дзіцячых дамоў», — распавяла афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Беларусі Юлія Ганчарова.

Дзеянні Давыдовіча следчымі кваліфікаваныя адразу па пяці артыкулах Крымінальнага кодэкса Беларусі: ч.3 арт. 167 (Гвалтоўныя дзеянні сэксуальнага характару, учыненыя ў дачыненні да заведама малалетняга), арт. 168 (Іншыя дзеянні сэксуальнага характару з асобай, якая не дасягнула шаснаццацігадовага ўзросту), ч.2 арт. 233 (Незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць), ч.2 арт. 424 (Злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі), ч.2 арт. 427 (Службовая падробка).

Крымінальная справа вывучана пракурорам і накіравана ў суд.

Нагадаем, Вячаслаў Давыдовіч ужо быў пад следствам па 168-м артыкуле Крымінальнага кодэксу (Палавыя зносіны і іншыя дзеянні сэксуальнага характару з асобай, якая не дасягнула шаснаццацігадовага ўзросту). Справа была заведзеная 25 ліпеня 2014-га. Але зімой таго ж года з-за адсутнасці доказаў СК спыніў справу. У чэрвені 2015 года яна была адноўлена.

Зараз Вячаслаў Давыдовіч адбывае пакаранне за ўчыненне эканамічнага злачынства. У лютым 2014 года суд прыгаварыў яго да 4 гадоў пазбаўлення волі за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць, звязаную з атрыманнем даходу ў асабліва буйным памеры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0