Былы дырэктар Бабруйскага мясакамбіната Андрэй Ісайчанка амаль год знаходзіцца пад вартай за перавышэнне паўнамоцтваў, а таксама за незаконнае выкарыстанне працы падначаленых. Тым часам ягоная жонка Наталля спрабуе даказаць, што муж не вінаваты.

Ісайчанку абвінавачваюць у двух злачынствах. Па-першае, следчыя лічаць, што ён перавысіў паўнамоцтвы, калі арганізаваў заключэнне кантрактаў з двума расейскімі партнёрамі на ўмовах аплаты з адтэрміноўкай. Гэта прынесла страты памерам 33 мільярды рублёў. Па-другое, былога дырэктара абвінавачваюць у тым, што ён незаконна выкарыстоўваў працу падначаленых на сваім зямельным участку.

«Сваімі супрацьпраўнымі дзеяннямі абвінавачаны дыскрэдытаваў аўтарытэт кіраўніка дзяржаўнага прадпрыемства ў вачах падпарадкаваных»,— адзначыла Аксана Салянюк, афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці.

Аднак жонка былога дырэктара не пагаджаецца са следчымі. Яна сцвярджае, што рабочыя ездзілі на будоўлю лецішча добраахвотна!

«У нас нармальныя адносіны з людзьмі, нашыя дзеці сябруюць. Чалавечыя адносіны!» — кажа Наталля. Патлумачыць суду гэта будзе складана, бо будоўля на лецішчы вялася ў працоўны час.

З другой прэтэнзіяй праваахоўнікаў да былога дырэктара ўсё складаней. Наталля даводзіць, што праца над аплатай запазычанасці вялася, і больш за тое — ужо пасля таго, як яе мужа «закрылі», дзяржаўны канцэрн «Мясамалпрам» прыняў рашэнне працягваць працу з тымі ж партнёрамі, праз якіх Андрэй Ісайчанка трапіў за краты.

Тыя 33 мільярды рублёў усплылі ў 2014 годзе. Іх мясакамбінату былі вінныя дзве расійскія кампаніі: «Беларускі прадукт» з Калугі і «Мясамалпрадукт» з Бранска.

«Справу аб запазычанасці завялі на падставе акта Дзяржкантролю. Але да таго праходзіла шмат праверак, і ніякіх прэтэнзій не было! — узгадвае Наталля Ісайчанка. — 18 жніўня 2014 года Дзяржкантроль праверыў мясакамбінат. У акце было ўказана, што адказнасць за запазычанасць ляжыць на начальніку аддзела знешнеэканамічных сувязяў. Пасля гэтага муж, як кіраўнік камбіната, заплаціў адміністратыўны штраф, яго пераводзяць у першыя намеснікі, в.а. дырэктара становіцца галоўны інжынер Хадасевіч. Пасля гэтага акт праверкі быў перапісаны, і вінаватым стаў мой муж. На базе гэтага акта фарміруецца крымінальная справа», — пераконвае яна.

Цікава, што сам Віктар Хадасевіч займаў дырэктарскую пасаду толькі паўтара месяца. А пасля яго спынілі на прахадной з мясапрадуктамі на 2 мільёны рублёў. Хадасевічу прысудзілі 2 гады пазбаўлення волі, аднак увесь тэрмін ён так і не адбыў. Сёлета яго вызвалілі і адправілі «на цаліну» — выконваць абавязкі старшыні СВК «Ліпаўка» ў глухім Хоцімскім раёне.

Наталля звязалася з расейскімі партнёрамі мясакамбіната. Абедзве фірмы пацвярджаюць, што гатовы выплачваць запазычанасць.

«Яны нікуды не хаваюцца, яны не зніклі з тымі грашыма, наадварот — кажуць, што гатовыя працягваць супрацоўнічаць, гатовыя гасіць запазычанасць, — сцвярджае Наталля Ісайчанка. — Я сама хадзіла да Бонахава [цяперашні кіраўнік Бабруйскага мясакамбіната — «НН»], казала пра гэта». Расейцы прапаноўвалі наступную схему: калужскі «Беларускі прадукт» пералічвае пэўную суму мясакамбінату, 5% ад гэтай сумы ідзе на пагашэнне запазычанасці, на астатнія грошы набываецца прадукцыя. Пасля яе продажу схема паўтараецца — частка грошай ідзе на запазычанасць, на астатнія набываецца тавар. Такім чынам запазычанасць паступова пагашалася б. Але гэтая ідэя не пасуе кіраўніцтву мясакамбіната. Спачатку беларускі бок прапаноўваў, каб на пагашэнне доўга ішло 20% аплаты, цяпер патрабуе поўнай выплаты запазычанасці.

«У снежні 2015 года мяне запрасілі на пасяджэнне магілёўскага аб’яднання «Мясамалпрама», на якім прынялі рашэнне, што з гэтымі ж расейцамі варта працягваць працаваць, проста трэба рабіць гэта праз трэцюю юрыдычную асобу, — кажа Наталля Ісайчанка. — І ўсіх, здаецца, гэтая схема задаволіла. Але на мясакамбінаце ўсё ж нічога не робяць, наколькі я ведаю. Чаму? Баяцца?»

Сама жанчына спадзяецца, што зможа даказаць, што запазычанасць павінна была быць паступова пагашана. Да таго ж, калі і дзяржаўны канцэрн «Мясамалпрам» рэкамендуе працягваць працу з «праблемнымі» кліентамі, то… «То чаму тады сядзіць мой муж?» — бароніць яго Наталля.

Сам Андрэй Ісайчанка ў сваіх скаргах адзначае, што нельга разглядаць як шкоду дэбіторскую запазычанасць, пакуль не выйшаў тэрмін іскавай даўнасці і пакуль спагнанне запазычанасці магчымае, як гэта і было ў яго выпадку.

Але ж ці прыслухаецца да гэтых аргументаў суд?

На сёння Андрэй Ісайчанка працягвае знаходзіцца пад вартай у чаканні суда. Хадайніцтва аб вызваленні былога дырэктара падпісалі каля 500 супрацоўнікаў камбіната.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?