Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл вылецеў з чылійскага горада Пунта-Арэнас у Антарктыду, дзе адслужыць літургію на расійскай станцыі Белінсгаўзен і сустрэнецца з палярнікамі.
Мяркуючы па ўсім, патрыярх Кірыл стане першым з рэлігійных лідараў такога ўзроўню, які адслужыць літургію ў Антарктыдзе.
Як удакладніў прэс-сакратар прадстаяцеля РПЦ Аляксандр Волкаў, богаслужэнне пройдзе ў адзіным стала дзеючым праваслаўным храме ў Антарктыдзе — царкве Святой Тройцы на востраве Ватэрлоо.
«Гэта гістарычная падзея ў жыцці рускага праваслаўя, якая сведчыць аб тым, што Руская праваслаўная царква нясе сваё служэнне на ўсіх кантынентах. Тут, у гэтым месцы патрыярх будзе маліцца за ўвесь свет», — адзначыў Волкаў.
Пасля літургіі, як чакаецца, патрыярх пагутарыць з палярнікамі. У храме будуць таксама прысутнічаць запрошаныя члены экспедыцый іншых краін, у тым ліку з Чылі.
Разам з патрыярхам у Антарктыду адправіліся члены дэлегацыі РПЦ, якія суправаджаюць прадстаяцеля ў ходзе яго першасвяціцельскага візіту ў Лацінскую Амерыку.
У Антарктыдзе пабудаваныя па меншай меры восем культавых збудаванняў, у якіх праводзяцца набажэнствы.
Ідэя пабудаваць царкву непадалёк ад расійскай палярнай станцыі Белінсгаўзен у 2002 годзе з'явілася ў начальніка Расійскай антарктычнай экспедыцыі Валерыя Лукіна, капітана жаночай палярнай каманды «Мяцеліца» Валянціны Кавалёвай і Патрыярха Алексія II.
Царква Святой Тройцы на востраве Ватэрлоо ўмяшчае да 30 чалавек. У лік абавязкаў настаяцеля храма ўваходзіць душпастырства персаналу расійскай і іншых бліжэйшых станцый і памінанне 64 расійскіх палярнікаў, якія загінулі ў ходзе вывучэння Антарктыды.