Цэнтральны навукова-даследчы інстытут эканомікі, інфарматыкі і сістэм кіравання, які быў прыцягнуты Міністэрствам унутраных спраў Расіі для барацьбы з ананімнасцю ў інтэрнэце, гатовы адракчыся ўскладзеных абавязкаў і заплаціць 10 млн руб. Аб гэтым піша расійская газета «Коммерсант».

ЦНДІ ЭІСК і МУС Расіі заключылі кантракт, згодна з якім арганізацыя павінна была правесці працу па ідэнтыфікацыі карыстальнікаў сусветна вядомага ананімайзера Tor. У маі гэтага года інстытут правёў тэндар па прыцягненні юрыдычнай фірмы для заключэння кантракту на 10 млн руб. — і для «падрыхтоўкі прававой пазіцыі датычна парадку скасавання».

Згодна з інфармацыяй аднаго з кантрактаў, інстытут абавязалі выканаць навукова-даследчыя работы пад шыфрам «ТОР», а таксама доследна-канструктарскую працу пад шыфрам «Хамелеон-2», якая меркавала «стварэнне апаратна-праграмнага комплексу па правядзенні сакрэтнага і схаванага аддаленага доступу да аператыўна значнай інфармацыі на мэтавай электронна-вылічальнай машыне».

Як заўжды з такімі паведамленнямі, цяжка сказаць, ці сапраўды Расіі не ўдаецца зламаць ананімайзер, ці гэты зліў інфармацыі — толькі дымавая заслона.

Tor (скарочанае ад англійскага The Onion Router) — свабоднае і адкрытае праграмнае забеспячэнне для рэалізацыі другога пакалення так званай цыбульнай маршрутызацыі. Гэта сістэма проксі-сервераў, якая дазваляе ўсталёўваць ананімнае сеткавае злучэнне, абароненае ад праслухоўвання. Разглядаецца як ананімная сетка віртуальных тунэляў, якая надае перадачу дадзеных у зашыфраваным выглядзе. Напісана пераважна на мовах праграмавання C, C++ і Python.

Як паведамляе Вікіпедыя, сістэма Tor была створана ў «Цэнтры высокапрадукцыйных вылічальных сістэм» Даследчай лабараторыі Ваенна-марскіх сіл ЗША ў рамках праекта Free Haven супольна з DARPA па федэральнай замове. У 2002 годзе гэтую распрацоўку вырашылі рассакрэціць, а зыходныя тэксты былі перададзеныя незалежным распрацоўнікам, якія стварылі кліент-сервернае прыкладанне і апублікавалі яго пад вольнай ліцэнзіяй, каб усе ахвотныя маглі правесці праверку на адсутнасць памылак і закладак.

Аб падтрымцы праекта абвясціла праваабарончая арганізацыя Electronic Frontier Foundation, якая пачала актыўна прапагандаваць новую сістэму і прыкладаць значныя намаганні для максімальнага пашырэння сеткі. Істотную фінансавую дапамогу Tor аказваюць Міністэрства абароны і Дзяржаўны дэпартамент ЗША, а таксама Нацыянальны навуковы фонд. Па стане на канец 2014 Tor меў больш за 6500 вузлоў сеткі, якія былі раскіданыя па ўсіх кантынентах Зямлі, а колькасць удзельнікаў сеткі, уключаючы ботаў, перавышае 2,5 мільёна. Паводле звестак Tor Metrics, у ліпені 2014 Расія ўвайшла ў тройку краін, найбольш актыўна выкарыстоўваюць Tor.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?