Лідар «Бацькаўшчына» і экс-прэм'ер Юлія Цімашэнка заклікае ўкраінцаў паўстаць супраць дзеючай улады на чале з Віктарам Януковічам.
«Кожны ўдар дубінкай «Беркута» па мірных людзях на Майдане — гэта ўдар дубінкай па твары ўсяго ўкраінскага народа. Не дайце Януковічу зрабіць гвалт нормай нашага жыцця, — заклікала яна ў лісце з-за кратаў, піша «Украінская праўда».
«Я звяртаюся да кожнага ўкраінца: паўстаньце!», — просіць Цімашэнка, цытуе «Бацькаўшчына».
Экс-прэм'ер заклікае не дамаўляцца з прадстаўнікамі ўлады: «Ніякіх перамоваў з бандай, ніякіх круглых сталоў з імі. Толькі неадкладная адстаўка Януковіча і яго атачэння».
«Я таксама звяртаюся да лідараў дэмакратычнага свету. Кожны ўдар дубінкай «Беркута» па мірных ўкраінцах на Майдане — гэта ўдар дубінкай па агульначалавечых каштоўнасцях, якія вы спрабуеце зрабіць асновай жыцця чалавецтва. Я прашу вас: дзейнічайце!», — заклікала Цімашэнка.
«Спыніце аўтарытарны рэжым ва Украіне фінансавымі і візавымі санкцыямі, міжнароднымі антыкарупцыйнымі расследаваннямі. У адваротным выпадку ва Украіне пабудуюць могілкі свабоды. Дзейнічайце!», — заклікала яна лідараў заходніх краін.
«Слава Украіне!», — так Цімашэнка завяршыла свой зварот.