У інтэрнэце з’явіўся спіс намінантаў на трэцюю Нацыянальную музычную прэмію, заснаваную Мінкультам і каналам СТВ. З усіх беларускім музычных прэмій Нацыянальная — самая стабільная: адны і тыя ж выканаўцы з году ў год.
Нядаўна трапіўся мне ў рукі дыск «Песня года» ці то 2005, ці то 2006. Уражвае, што спіс выканаўцаў і праз семь год застаецца амаль нязменным. Напрыклад, сёлета спявак Саша Нэма прэтэндуе на найлепшую песню года, летась ён стаў «поп-выканаўцам года», можа ў наступным дарасце да «туру года».
Гурт «Без Білета», які ў мінулым годзе ўзяў намінацыю «найлепшы канцэрт», сёлета намінуецца аж на тры пазіцыі: «найлепшы рок-артыст», «найлепшы кліп» і «найлепшая песня».
Сярод іншых намінантаў – Іна Афанасьева, Ганна Шаркунова, Аляксей Хлястоў, Гюнэш, Ірына Дарафеева, Уладзімір Кубышкін і нават нябожчык Дзмітрый Баранаў
(як адзін з верагодных «найлепшых прадзюсараў»). Найлепшым аўтарам музыкі ізноў можа стаць (як і летась) Герман, а Apple Tea можа паўторна стаць найлепшым джаз-гуртом…
Сюрпрызы – наяўнасць у спісе намінантаў гурту N.R.M. з песняй «Мроя мая», якая прэтэндуе на «найлепшую беларускамоўную песню». І, магчыма, альбом Kriwi Traukamurauka,
які прэтэндуе на тытул найлепшага, калі зможа перамагчы Анатоля Ярмоленку. Прысутнічаюць у некаторых намінацыях і іншыя, скажам так, перспектыўныя праекты – ili-ili і Hurma.
Беларуская музыка з пункту гледжання Міністэрства культуры стаіць на месцы вось ужо колькі год.
Макс Корж? Не, не чулі. Найлепшых поп-выканаўцаў вызначаць сярод Шаркуновай, Хлестова, Гюнэш і Наталлі Тамела. «Ляпісы»? Жартаваць надумалі, сярод рок-гуртоў прэтэндэнты – Litesound, узгаданыя «Без білета» і «Лермонт». Пра Akute таксама нагадваць не будзем.
Нацыянальная музыная прэмія ператварылася ў штогадовы агляд творчасці дзясятка «класікаў» з малым дамешкам новых імёнаў.
Навошта трэба ажно 18 намінацыяў, невядома.
Паглядзець на поўны спіс-прэтэндэнтаў можна тут. 16 снежня абяруць пераможцаў. Будзем спадзявацца, спіс пераможцаў не будзе выглядаць як дыягназ «пацыент хутчэй мёртвы».