Для Логвінава страта ліцэнзіі была балючым сюрпрызам.
Логвінава прыйшлі падтрымаць пісьменнік Уладзімір Арлоў (злева) і юрыст Андрэй Бастунец (справа).
Юлія Дарашкевіч была адной з укладальніц альбома, за які Логвінаў страціў ліцэнзію.
У Вышэйшым гаспадарчым судзе адбыўся разгляд справы па пазове выдавецтва «Логвінаў» да Міністэрства інфармацыі. Мінінфа забрала ў выдаўца ліцэнзію. Ігар Логвінаў абскарджваў гэтае рашэнне.
Журналістаў з фота- і відэакамерамі у залу паседжанняў суда не пусціла ахова пад камандаваннем невядомага мужчыны ў цівільным, які адмовіўся назваць сябе і сваю пасаду.
Падтрымаць Ігара Логвінава прыйшлі выдатныя дзеячы грамадства і культуры Уладзімер Арлоў, Альгерд Бахарэвіч, Ігар Бабкоў, Вольга Шпарага, Павал Касцюкевіч.
«Справа, якая разглядаецца сёння, не руцінная і не шараговая, -- сказаў у судзе пісьменнік Уладзімір Арлоў. -- Гаворка ідзе пра лёс аўтарытэтнага выдавецтва. Яно працуе чатырнаццаты год. За гэты час выйшла каля 700 кніг. Выдавецтва з'яўляецца адным з лідараў па выданні мастацкай літаратуры па беларускай мове. Высокі суд, -- звярнуўся ён да суддзі, -- вашае рашэнне, якое дазволіла б працягваць выдавецтву сваю працу, было б адначасова і рашэннем у падтрымку нашай беларускай культуры».
Справу разглядала суддзя Таццяна Праташчык.
Інтарэсы Міністэрства інфармацыі ў судзе баранілі дзве спецыялісткі з юрыдычнай службы.
Суддзя адмовіла выдаўцу ў ягоным пазове.