Пасяджэнне Савета міністраў Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі ў кастрычніку не плануецца, паведаміў суразмоўца, знаёмы з графікам мерапрыемстваў на афіцыйным узроўні.
Ён звярнуў увагу на тое, што 25 кастрычніка ў Мінску пройдзе пасяджэнне Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД. У гэты ж час плануецца правесці і пасяджэнне Вышэйшага еўразійскага савета.
З улікам чаканых мерапрыемстваў на вышэйшым узроўні пасяджэнне Саюзнага ўрада, відаць, пройдзе пазней. «Магчыма, яно адбудзецца ў лістападзе. Пакуль дакладная дата, як і парадак дня, невядомыя», — зазначыў суразмоўца.
Пры гэтым ён удакладніў, што з самага пачатку планавалася правесці пасяджэнне саюзнага Саўміна 17 верасня, аднак па тэхнічных прычынах яно было перанесенае.
«Беларускі бок ініцыяваў падпісанне на вераснёўскім пасяджэнні саюзнага Саўміна паліўна-энергетычнага балансу на 2014 год», — нагадала крыніца, удакладніўшы, што дагэтуль данае пытанне не вырашана.
Паводле інфармацыі БелаПАН, раней расійскі бок абумоўліваў падпісанне паліўна-энергетычнага балансу ходам рэалізацыі беларуска-расійскіх праектаў у прамысловай сферы. Да гэтага часу вызначаныя пяць такіх праектаў.
Пасля затрымання 26 жніўня ў Мінску гендырэктара «Уралкалія» Уладзіслава Баўмгертнера адносіны паміж Расіяй і Беларуссю абвастрыліся. Афіцыйныя асобы Расіі называлі дзеянні праваахоўных органаў Беларусі недапушчальнымі і заклікалі афіцыйны Мінск вызваліць Баўмгертнера, які знаходзіўся ў беларускай сталіцы па запрашэнні прэм'ер-міністра Беларусі.