На цэнтральнай алеі сталічнага парку імя 50-годдзя Кастрычніка ў 13.00 пачалася дабрачынная акцыя «Абарані і дапамажы!», прымеркаваная да Міжнароднага дня абароны жывёл.
Акцыя арганізавана грамадскім аб'яднаннем абароны жывёл «Эгіда», паведамляе БелаПАН.
Галоўная яе мэта — «выхаванне ў людзей пазітыўных, добрых пачуццяў у дачыненні да братоў нашых меншых, прыцягненне ўвагі да праблемы бяздомных жывёл Беларусі, пошук сем'яў для бяздомных жывёл, якія будуць прадстаўлены на мерапрыемстве», гаворыцца ў паведамленні «Эгіды».
Актывісты «Эгіды» і валанцёры прывялі ў парк 100 катоў і сабак. Усе жывёлы прышчэплены, большасць з іх — стэрылізаваныя.
Той, хто жадае ўзяць жывёлу, павінен мець пашпарт, а таксама павадок і ашыйнік — для сабакі, пераноску або сумку — для ката. У рамках мерапрыемства ў парку пройдзе канцэрт, конкурсы для дзяцей і дарослых, працуе выстава дзіцячых малюнкаў «Звяркі — не цацкі».
У парку ўстаноўлена «Палатка дапамогі», куды можна прынесці рэчы для ўтрымання жывёл у прытулку: сухі корм, кансервы, латкі для катоў, напаўняльнік для туалетаў, сродкі ад глістоў і блох, пераноскі для катоў і шчанят і г.д.
Арганізатары просяць мінчан не браць у парк уласных жывёл, каб пазбегнуць канфліктаў з сабакамі і катамі, якія ўдзельнічаюць у акцыі. Акцыя будзе доўжыцца да 17 гадзін.