Пытанне, ці можна праглядаць небеларускамоўны кантэнт, у гэты раз абмяркоўваюць разам з маштабнейшай тэмай — ці мусіць беларусізацыя быць прымусовай. У дыскусіі бачныя два лагеры — тыя, хто лічыць такую беларусізацыю неабходнай, і тыя, хто ўспрымае яе як нешта лішняе, а то і шкоднае.

Першы лагер — людзі, якія імкнуцца ўсяляк патлумачыць, чаму без ціску Беларусь не зрабіць беларускамоўнай. Аргументы гучаць наступныя:

«Цяпер мы знаходзімся ў пункце, у якім без ціску беларуская ніколі не зможа скласці канкурэнцыю расейскай (на якую пераходзілі зусім нелагодна). Іншая рэч, што ціск мусіць быць ад дзяржавы, цяпер можам займацца адно толькі кансервацыяй».

«Як 200+ гадоў у беларуса ўбівалі расейшчыну праз лупцаваную сраку, так і цяпер вяртанне да беларушчыны магчыма толькі аналагічным шляхам. Фігуральна кажучы, безумоўна. Бо як ні круці, а працэс гэты будзе пэўным гвалтам. А без удзелу дзяржавы, законаў у гэтай справе ніяк».

«Дзіцячая наіўнасць, божухна. 95% без знешняга ціску нічога не робяць нават для свайго здароўя. Таму і плацяць трэнеру і дыетолагу, бо ён стварае ціск!»

«Рабіце цікава, рабіце з любоўю, не прымушайце, не цісніце, расказвайце пра важнасць, самі рабіце, калі вам так трэба» і інш. гучыць апошнія 30 гадоў, і пры гэтым ужыванне беларускай мовы ў грамадстве не пашыраецца, а звужаецца. Для таго, каб перайсці, трэба вывучыць».

«Не веру ў тое, што без ціску «меншасці» можа на беларускую мову перайсці астатняя «большасць». Пад ціскам, калі што, я не маю на ўвазе ганьбу і абразы. Я заўважаю, што хоць чалавек я вельмі мяккі і пазітыўны, але ўсё роўна так ці інакш цісну на іншых часам».

Часам ціск у дачыненні да беларусаў, якія абіраюць рускамоўны кантэнт, робіцца зусім рэзкі.

«Чаму аграмадная колькасць беларуса_к, якія не знаюць ангельскай, польскай і г. д., глядзелі ды глядзяць украінскія тэлешоу на ўкраінскай мове, але не могуць так жа глядзець украінскамоўны кантэнт на ютубе замест расейскамоўнага? У чым праблема? Моўны бар’ер? А пры праглядзе «Вагітна ў 16» яго не было? А ў «Хата на тата»? У гумарыстычных шоу спецыяльная безбар’ерная ўкраінская мова? Украінскамоўны кантэнт цяпер мае ў сябе куды больш цікавага і якаснага, чым рускамоўны. І не вымагае мэтанакіраванага вывучэння ўкраінскай для разумення, калі вы беларус_ка, якая разумее беларускую».

Іншыя беларусы бачаць хібы ў такім падыходзе. На іх думку, ціск раз'ядноўвае і не можа быць доўгатэрміновай стратэгіяй:

«Мне здаецца, калі б адна частка беларусаў ад***алася ад іншай наконт расейскай мовы і проста працягнула рабіць сваю справу — размаўляць на беларускай, без ціску распавядаць пра важнасць гэтага, ствараць на ёй кантэнт, то тая другая частка пераходзіла б на беларускую куды ахвотней».

«Гэтым ціскам толькі робяць беларускую мову зноў гета-мовай, на якой будзе размаўляць малая доля палітызаваных людзей, якая на базе гэтага будзе лічыць сабе элітай».

«Не трэба нікога цкаваць ці ганьбіць, але без пазітыўнай дыскрымінацыі на карысць беларускай нічога не атрымаецца: найлепшыя школы, найлепшыя спецыяльнасці ў ВНУ, кінапрэм'еры, прыярытэтныя чэргі ў дзяржустановы — гэта мінімум, які можна зрабіць».

«Падзяляць беларусаў на нейкія часткі наогул дрэнная ідэя. Але хто ж пра гэта думае».

«Калі-небудзь беларусікі зразумеюць, што цяпер мова — гэта, мякка кажучы, наогул ніфіга не галоўнае».

Яшчэ адзін блогер звяртае ўвагу, што імкненне да беларусізацыі — зусім не заўсёды шчырая з'ява:

«Для вялікай колькасці людзей гэта проста спосаб адчуць сваю элітарнасць. Ім насамрэч у глыбіні душы не так цікавы сапраўдны распаўсюд беларускай мовы, бо адчуванне сябе эліткай знікне. Дый шмат проста канфліктных гадзюк, для якіх гэта проста нагода кагосьці пацкаваць у твітары».

Вікторыя Пальчыс прапануе сістэмны падыход у пытанні пра мову. Для яе рэч не ў ціску ці яго адсутнасці, а ў адукацыі:

«Каб павярнуць Беларусі беларускую мову, трэба выгадаваць новае беларускамоўнае пакаленне. Дзеля гэтага першым чынам трэба стварыць поўны цыкл адукацыі на беларускай мове — ад дзіцячага садка да навуковых ступеняў. Гэта база».

Тэма натхніла твітар-жартаўніка Джыпсінкова на цэлы россып допісаў:

Знайшоўся і блогер, які ўвогуле не бачыць магчымым дыктаваць іншым людзям, які кантэнт ім абіраць:

«А вы сапраўды верыце, што маеце права таксічна, без дазволу і прапановы вучыць іншых і раіць ім, які кантэнт глядзець і слухаць?»

Чытайце таксама:

«Размаўляю па-беларуску, каб мова не загінула». Паляк вывучыў беларускую мову настолькі, што водзіць на ёй экскурсіі і выкладае

Кнігі па-беларуску чытае або слухае 14% апытаных гараджан

«Чаму беларусы не знялі Лукашэнку?» Украінская блогерка тлумачыць суайчыннікам, што адбываецца ў Беларусі

Клас
17
Панылы сорам
14
Ха-ха
7
Ого
3
Сумна
2
Абуральна
15

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?