Альберт Ежы Вяжбіцкі. Фота Алены Ляшкевіч

Альберт Ежы Вяжбіцкі. Фота Алены Ляшкевіч

— Адкуль твая цікаўнасць да беларускай мовы?

— Яна цалкам выпадковая. Спачатку было проста жаданне мець статус студэнта і адпаведныя зніжкі. Я калісьці вучыўся на юрыдычным факультэце, праўда, толькі адзін семестр. Потым паехаў у Грузію на валанцёрства і вярнуўся ўжо ў сярэдзіне наступнага навучальнага года.

Не збіраўся вяртацца на юрыдычны факультэт. У Грузіі захапіўся вывучэннем моў і таму хацеў на філалагічную спецыяльнасць. Акурат кафедра беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта рабіла дадатковы набор. Я туды пайшоў, каб проста атрымаць легітымацыю, паслухаць курсы ўступу да мовазнаўства, да літаратуразнаўства і падобныя, а праз паўгода перайсці на якую-небудзь іншую, можа, італьянскую мову. Але мне так спадабалася на беларусістыцы, што я застаўся, адзіны з усяго свайго набору.

— Як праходзіла навучанне на кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта?

— Асноўныя кірункі — літаратура і мова. Была дыялекталогія, троху гісторыі Беларусі. Шмат увагі надавалася перакладу з беларускай на польскую і наадварот.

Кафедра стварала ўмовы, каб студэнты маглі пагрузіцца ў беларускі кантэкст. На занятках мы знаёміліся з беларускімі аўтарамі, культурніцкімі дзеячамі, завязваліся кантакты з імі. Для нас рабілі даклады, напрыклад, Лявон Вольскі, Сяржук Доўгушаў.

Праз паўгода навучання я першы раз з’ездзіў у Беларусь. Гэта быў жнівень 2018 года. Наша кафедра супрацоўнічала з беларускімі ўніверсітэтамі, таму я бываў у Беларусі з навуковымі мэтамі яшчэ некалькі разоў у 2018 і 2019 гадох, ледзь не кожныя два месяцы.

 Альберт Ежы Вяжбіцкі на Замкавай плошчы ў Варшаве. Фота Алены Ляшкевіч

 Альберт Ежы Вяжбіцкі на Замкавай плошчы ў Варшаве. Фота Алены Ляшкевіч

— Ці рабіў ты нешта дадаткова па-за заняткамі, каб вывучыць беларускую мову, альбо таго, што давалі ва ўніверсітэце, было дастаткова?

— Я пачаў працу ў адной НДА, якая падтрымлівала кантакты з грамадскімі арганізацыямі ў Беларусі, потым працаваў у беларускай службе Польскага радыё. То-бок у мяне было шмат моўнай практыкі.

— Чаму агулам людзі вывучаюць беларусістыку? Ці запатрабаваная беларуская мова на польскім рынку працы?

— Праз мой падыход да жыцця я не задаваў сабе пытання, ці змагу я знайсці працу пасля вучобы. У Польшчы сустракаецца думка, што ідзеш вучыцца, каб потым працаваць у гэтай галіне. Праўда, у апошні час усё радзей гэта чую. У мяне такога не было. Я ведаў: нейкую працу заўсёды знайду.

Альберт Ежы Вяжбіцкі каля помніка Адаму Міцкевічу ў Варшаве. Фота Алены Ляшкевіч

Альберт Ежы Вяжбіцкі каля помніка Адаму Міцкевічу ў Варшаве. Фота Алены Ляшкевіч

Шмат хто з маіх аднакурснікаў не імкнуўся ўвайсці ў беларускую супольнасць, часта не вельмі добра размаўлялі па-беларуску. Думаю, яны катавалі сябе думкай, што не знойдуць працу. Былі і выпадковыя, і сапраўды зацікаўленыя людзі. Была дзяўчына, якая проста хацела скончыць бакалаўрыят і пайсці ў магістратуру на ангельскую філалогію. Быў хлопец, які нарадзіўся блізка да польска-нямецкай мяжы, але яго продкі туды пераехалі з Гродзеншчыны. Шмат людзей прыходзяць на беларусістыку, бо не прайшлі па конкурсе на рускую філалогію. Ёсць нацыянальна-арыентаваныя беларусы, якія не хочуць ці не могуць вучыцца ў беларускіх ВНУ.

— Ці прыдалася табе беларуская мова для працы, ці толькі для прыватнай камунікацыі?

— Ва ўсіх трох сваіх прафесіях я карыстаюся беларускай мовай. Я экскурсавод, выкладчык і перакладчык.

— Распавядзі, калі ласка, пра сваю працу экскурсаводам.

— Я пачаў вадзіць экскурсіі па-беларуску дзякуючы дапамозе Беларускага моладзевага хаба ў Варшаве. Я быў знаёмы з кіраўніком БМХ Алесем Лапко з 2020 года, калі працаваў журналістам. Спытаў яго, ці ёсць попыт на такія экскурсіі. Мы пачалі ў ліпені 2022-га і рабілі беларускамоўныя шпацыры па Варшаве да канца лета. Потым яшчэ быў сезон у 2023-м.

  Новы двор Беларускага моладзевага хаба. Фота дадзена Алесяй Гмір

Новы двор Беларускага моладзевага хаба. Фота дадзена Алесяй Гмір

Хаб займаўся прамоцыяй, запісамі, а я прыходзіў на месца і проста забіраў групу. Магло прыйсці і 7, і 40 чалавек. Наведвальнасць на экскурсіях не залежыць ні ад тэмы, ні ад надвор’я, ні ад дня тыдня. Магу толькі выказаць думку, што, можа, адначасова з малалюднымі экскурсіямі праходзілі нейкія іншыя беларускія мерапрыемствы. Недзе ў траўні—чэрвені 2024 года пачнем новы экскурсійны сезон.

— Ты кажаш, яшчэ працуеш выкладчыкам. Хто твае вучні?

— Я выкладаю польскую і беларускую мовы. Два вучні беларускай — полька, у якой хлопец з беларускамоўнай сям’і, і немец-паліглот, які цікавіцца рознымі славянскімі мовамі. Жыве ў Празе, ведае чэшскую, вучыць украінскую і беларускую.

Альберт Ежы Вяжбіцкі на фоне помніка сірэнцы (русалцы) — аднаго з сімвалаў Варшавы. Фота Алены Ляшкевіч

Альберт Ежы Вяжбіцкі на фоне помніка сірэнцы (русалцы) — аднаго з сімвалаў Варшавы. Фота Алены Ляшкевіч

Польскую мову я выкладаю беларусам, пераважна ІТ-шнікам. Яны ці толькі пачынаюць вучыць польскую, ці ўжо жывуць нейкі час у Польшчы, але не загаварылі. Альбо ўжо размаўляюць, але не маюць з кім. Гэта вялікая праблема беларусаў, украінцаў і расіян тут. Альбо ім нялёгка завесці новыя знаёмствы, альбо палякі не асабліва ідуць на кантакт. Розныя культуры, кантэксты, гэта складана і для аднаго, і для другога боку. Нават калі мову цудоўна ведаеш, то некаторых жартаў можаш не зразумець, напрыклад. Я б не сказаў, што гэта расізм ці нейкі антыбеларусізм, проста цяжка знайсці супольную мову ў шырокім сэнсе. Ну і вось мае студэнты са мной размаўляюць. Гэта індывідуальныя заняткі. Важна, каб чалавек адчуваў сябе камфортна прынамсі з адным палякам.

— Як звязана з беларускай мовай твая перакладчыцкая дзейнасць?

— Зараз перакладаю з беларускай на польскую адну кніжку. Гэта мой першы досвед такой працы з вялікім тэкстам па-беларуску. Часам перакладаў дакументы, кшталту матывацыйных лістоў. Для сябе, бывае, перакладаю паэзію, песні. З розных моў, не толькі з беларускай.

Кнігі пра Варшаву. Фота Алены Ляшкевіч

Кнігі пра Варшаву. Фота Алены Ляшкевіч

— Якія мовы ты ведаеш, акрамя польскай, беларускай і ангельскай?

— Вывучаю італьянскую. Чытаю, слухаю падкасты пра філасофію. Калі прыязджаю ў Італію, то спрабую размаўляць, але ў буйных турыстычных гарадах са мной адразу пераходзяць на ангельскую: калі гэта кавярня ці крама, то іх мэта — хутчэй абслужыць кліента. Таму каб пагутарыць, трэба ехаць у менш турыстычныя месцы.

Экскурсіі ваджу па-ўкраінску. Гэта мая працоўная мова нароўні з ангельскай і беларускай. Па-польску ваджу рэдка, вучуся на курсах экскурсаводаў, бо гэта іншы кантэкст. Палякі больш ведаюць, часцей спрачаюцца.

Яшчэ ведаю расійскую. Вучыў нарвежскую, але апошнім часам закінуў. Разумею ідыш на слых, нешта магу сказаць. Чытаць складана, бо іншыя літары. Затое чытаю па-грузінску, але нічога не разумею. Калісьці размаўляў па-грузінску, але ўжо доўга не было практыкі.

Краявід старой Варшавы. Фота Алены Ляшкевіч

Краявід старой Варшавы. Фота Алены Ляшкевіч

— Як ты цяпер ставішся да беларускай мовы?

— У мяне сіндром Месіі. Размаўляю, каб мова не загінула. Хачу вывучыць сілезскую і кашубскую па той жа прычыне.

Чытайце таксама:

Чым беларусы могуць ганарыцца? Беларускамоўная іншаземка ўпэўненая, што такога шмат

«Беларускую мову не трэба рабіць сэксі — яна ўжо такая». Парады ад тых, хто пачаў размаўляць па-беларуску 

«З дачкой размаўляю па-беларуску, муж-айн — па-японску». Як наладзіць адукацыйны працэс у эміграцыі

Клас
35
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
3
Абуральна
5