Фота: Вілейскае вадасховішча / VK

Фота: Вілейскае вадасховішча / VK

«Гэта сапраўднае паляванне, калі ты ўвесь час мусіш рухацца і кеміць, каб перахітрыць рыбу»

Беларус Валерый С. называе сябе рыбалоўным журналістам — слова «блогер» яму зусім не падабаецца. Раней ён пісаў для часопісаў і газет, якія ўжо даўно не выходзяць, а цяпер вядзе YouTube-канал «Практика ловли», на якім 18,6 тысячы падпісантаў.

У сваіх відэа Валерый дзеліцца назапашаным досведам, выязджае на вадаёмы, расказвае пра прынады, тактыку і розную тэхніку лоўлі. Асноўная тэматыка выпускаў: спінінгавая лоўля з адкрытай вады і разнастайная рыбалка з лёду.

Рыбалкай Валерый займаецца прыкладна з дзевяці гадоў.

«Захапіўся гэтым заняткам каля вёскі, дзе нарадзіўся тата, — там, на невялікай канаве, лавіў печкуроў. Потым са стрыечнымі братамі вудзілі на рэчцы Пціч, ну а далей ужо было шмат самых розных рэк, азёр, штучных вадаёмаў. Лавіў нават у марах: Белым, Баранцавым, Чорным».

Атрымліваецца, што рыбачу ўжо каля 40 гадоў. Зараз лаўлю ў асноўным спінінгам на штучную прынаду — цікава перахітрыць рыбу менавіта так, а не чымсьці вядомым. Што тычыцца правіл рыбалкі ў беларускіх вадаёмах, то ніякі дазвол не патрэбны — рыбалка бясплатная, акрамя тых вадаёмаў, якія арандуюцца.

Па словах Валерыя, існуе забарона на лоўлю асноўных відаў рыб, «каштоўных драпежнікаў»: шчупака, судака і сома. Але гэта толькі ў перыяд іх нерасту.

«Ёсць яшчэ агульная забарона падчас нерасту, згодна з якой нельга лавіць рыбу з лодкі і з заходам у ваду, а карыстацца можна толькі адным вудзільнам. Акрамя таго, на некаторыя віды ўстаноўленая прамысловая мера — гэта мінімальная даўжыня рыбы, якую можна забіраць».

Два гады таму Валерый пераехаў у вёску. У далёкія вандроўкі цяпер не ездзіць, у асноўным ловіць рыбу ў наваколлі: ва Уздзенскім, Капыльскім, Стаўбцоўскім раёнах. Раз ці два на год Валерый з жонкай і гадаванцамі — сабакамі і катамі — выбіраюцца пажыць у намётах і «парыбачыць ва ўлюбёных мясцінах на Іўеўшчыне».

У 2023 годзе беларус яшчэ больш палюбіў малыя рэчкі і правёў на іх амаль усё лета.

«Часцей за ўсё паляваў на галаўня. У выніку гэты сезон атрымаўся самым насычаным не толькі на рачныя падарожжы, але і на сустрэчы з вялікімі галавачамі, як называюць галаўнёў у нас на вёсцы. Ну а вясной ды восенню традыцыйна скіроўваю ўвагу на шчупакоў ды акунёў. У асноўным лаўлю драпежнікаў — гэта сапраўднае паляванне, калі ты ўвесь час мусіш рухацца і кеміць, каб перахітрыць рыбу».

Валерый кажа, што адсоткаў 90 злоўленай рыбы вяртаецца дахаты — ён выпускае яе пасля фота– і відэаздымкі туды, дзе злавіў. З усёй рыбы, што беларус ловіць разам з жонкай, забіраюць шчупака, калі ён моцна паранены кручкамі прынад. «Астатнюю рыбу звычайна шкадуем, асабліва жонка — яна ўвогуле адпускала б усё».

Цікавых гісторый у Валерыя таксама хапае.

«Напрыклад, лавіў з байдаркі ў Паўночным Ледавітым акіяне. Неяк у сярэдзіне красавіка нас занесла снегам на востраве на адным з карэльскіх азёр. А яшчэ мы з маім сабакам падчас сплаву і рыбалкі праходзілі парогі на горнай рэчцы. Шмат цікавага было і ў роднай Беларусі. Усе асноўныя трафеі злоўленыя менавіта тут. Можа, тыя рыбы і не былі рэкорднымі ў межах краіны, але ў памерах тых невялікіх вадаёмаў, адкуль я іх выцягваў, іх можна было лічыць адметнай здабычай.

Да прыкладу, быў сом на 11 кг у вясковай сажалцы, акунь больш за паўтара кілаграма ў невялікім вадасховішчы з гарадскім пляжам, ці амаль двухкілаграмовыя галаўні ў невялічкай рачулцы.

А ўвогуле, можна сказаць, што кожная рыбалка, асабліва на маіх улюбёных малых рэчках, — гэта маленькая прыгода са сваімі трафеямі.

У Валерыя таксама ёсць некалькі «вучняў», з якімі ён займаецца рыбалоўнай навукай. Тым, хто толькі пачынае займацца рыбалкай, беларус раіць, у першую чаргу, не рабіць асноўнай мэтай «хутчэй злавіць больш рыбы».

«Лепей спачатку навучыцца правільна карыстацца снасцю і прынадамі, каб атрымліваць задавальненне і каб нічога не замінала працэсу. Тады і рыба сама прыйдзе на кручок. Але ж паважайце яе як саперніка, стаўцеся да ўлову ветліва.

Яшчэ дапытліва аглядайце кожнае месца, дзе рыбачыце — вывучайце вадаём, яго асаблівасці, уяўляйце, што і як бы вы рабілі, калі б былі рыбай. Ну і ўвогуле больш назірайце, аналізуйце адпаведнасці паміж рознымі з’явамі і клёвам рыбы, тады і вынік будзе станоўчы. Усім поспехаў!»

«Рыбалка — стан душы і вельмі цікавае хобі»

Беларус Аляксандр Ш. займаецца рыбалкай, «колькі сябе памятае, з ранняга дзяцінства». Пачынаў з лоўлі карася на вуду, фактычна да сярэдзіны 1990-х. Затым паспрабаваў лавіць на спінінг драпежную рыбу — і на гэты момант гэта асноўнае захапленне Аляксандра.

«Што тычыцца правіл рыбалкі ў беларускіх вадаёмах, то ніякіх адмысловых дазволаў і платы за лоўлю ў нас няма, любы чалавек можа рыбачыць на вадаёмах бясплатна. Выключэннем з’яўляюцца так званыя «платнікі» — невялікія арандаваныя азёры для гадоўлі карпа альбо стронгі».

Фота з асабістага архіва Аляксандра

Фота з асабістага архіва Аляксандра

Апошнім часам Аляксандр займаецца рыбалкай на рэках свайго роднага Віцебска: рыбы там хапае, нават у цэнтры горада. Ён не бачыць сэнсу ездзіць за сотні кіламетраў. Па словах Аляксандра, вялікая частка яго рыбалак — гэта па сутнасці так званы «стрытфішынг».

«Сезон гэтага года яшчэ не скончаны і, спадзяюся, працягнецца мінімум да лістапада, пакуль не пачнуцца першыя сур’ёзныя замаразкі».

Пачынаючы з канца красавіка, было злоўлена крыху менш за сотню розных драпежных рыб, сярод якіх шчупакі, судакі, самы, жэрахі, акуні. Больш за палову — шчупакі.

Фота з асабістага архіва Аляксандра

Фота з асабістага архіва Аляксандра

Фота з асабістага архіва Аляксандра

Фота з асабістага архіва Аляксандра

Аляксандр даўно не разглядае рыбалку як «мясанарыхтоўку». Для яго гэта «стан душы і вельмі цікавае хобі». Менавіта таму 60-70% усёй злоўленай рыбы ён адпускае, а з астатняй жонка любіць гатаваць розныя рыбныя стравы, якімі частуюць сваякоў.

Па словах Аляксандра, кожная новая рыбалка цікавая па-свойму — і «гаворка тут не толькі пра трафеі».

«Новыя ўражанні, новыя сябры, новыя веды. Проста люблю прыроду, шмат фатаграфую і здымаю на відэа. Гадоў з восем таму ўдалося трапіць у праграму тэсціравання TsuYoki, пастаянна атрымліваю ад іх новыя воблеры (прынады), з’явіўся новы інтарэс — выкарыстаць тую ці іншую прынаду ў розных умовах. Ужо амаль год як супрацоўнічаю з яшчэ адной расійскай кампаніяй — «Следопыт». Тут ужо не толькі прынады, а фактычна ўсё неабходнае для рыбалкі, турызму, адпачынку на прыродзе. Калі казаць пра трафеі, мабыць, гэта сом амаль на 20 кілаграмаў, злоўлены на Дзвіне.

Фота з асабістага архіва Аляксандра

Фота з асабістага архіва Аляксандра

Тым, хто толькі пачынае займацца рыбалкай, Аляксандр раіць не кідаць сваю мэту напаўдарозе, нават калі нешта не атрымліваецца адразу, «з часам і досведам усё будзе».

«Ну і другая парада — ловяць рыбу на рыбалцы, у першую чаргу, вашы рукі і галава. Атрымлівайце веды з досведам, думайце, не бойцеся эксперыментаваць».

Як лавіць рыбу ў Беларусі

29 ліпеня 2022 года ў сілу ўступілі новыя правілы рыбалоўства ў Беларусі. Іх падзялілі на дзве часткі: у адной пералічваюцца ўмовы для рыбалоўных гаспадарак, у іншай — для рыбаловаў-аматараў. Акрамя таго, гэтыя правілы знялі некаторыя забароны і ўстанавілі новыя абмежаванні:

  • Дазволена вылоўліваць у любых аб’ёмах некаторыя чужародныя для гэтага прыроднага асяроддзя віды рыб, сярод якіх сомік амерыканскі, ратан-галавешка, бычок-кругляк, амурскі чабачок і іншыя. Гэтыя віды рыб негатыўна ўплываюць на экалагічную раўнавагу.

  • Падчас рыбнай лоўлі можна карыстацца асвятляльнымі прыладамі.

  • У нераставы перыяд можна выкарыстоўваць сачок, каб было зручней падымаць рыбу.

  • Можна прымяняць экран-тэлевізары, але не больш за дзве штукі і з памерамі самой снасці да 1×1,5 м.

  • Дазволена пакідаць вуды або іншыя снасці без нагляду, а таксама не пакідаць на іх свае асабістыя даныя.

  • Падчас нерасту рыбная лоўля дазволена з берага — на адну вуду або адзін спінінг. Дапускаецца мець з сабой запасныя вуды або спінінгі, але іх трэба трымаць у чахлах.

  • Вадаёмы, якія знаходзяцца побач з пасёлкамі, забаронена здаваць у арэнду рыбалоўным гаспадаркам.

  • Цяпер на платных вадаёмах могуць лавіць рыбу бясплатна не толькі жыхары найбліжэйшых паселішчаў і інваліды I і II груп, а і дзеці да 16 гадоў, «вайскоўцы-інтэрнацыяналісты» і пенсіянеры.

  • Лавіць рыбу можна толькі тых відаў, якія не ўключаныя ў Чырвоную кнігу. Калі вылавілі такую, то неабходна адразу вярнуць яе ў ваду.

  • Забаронена выкарыстоўваць рыбалоўныя сеткі.

  • У халодную пару года забаронена лавіць рыбу ў месцах, дзе размяшчаюцца зімавальныя ямы. Гэты перыяд пачынаецца з 1 кастрычніка і працягваецца да 15 красавіка. Таксама там ёсць абмежаванні і забароны рыбнай лоўлі падчас нерасту.

  • Падводная лоўля і лоўля рыбы з суднаў, якія рухаюцца, дапускаецца толькі ў светлы перыяд сутак і ў дазволеных для гэтага месцах.

  • Рыбаловам-аматарам нельга выкарыстоўваць у якасці прынады пэўныя віды рыб, на якія ўстаноўленыя абмежавальныя забароны.

  • У перыяд нерасту для вуды можна выкарыстоўваць розныя прынады (натуральныя ці штучныя), а для спінінга — толькі штучныя.

  • Забаронена лавіць рыбу на адлегласці да 500 м да мемарыяльных або гістарычных помнікаў, спартыўных комплексаў, мастоў, іншых збудаванняў.

Як ужо адзначалася вышэй, у Беларусі забаронена лавіць пэўныя віды рыб падчас нерасту — у перыяд размнажэння рыб. Напрыклад, шчупак нерастуе адным з першых, таму ў 2023 годзе ў Віцебскай вобласці (на поўначы краіны) яго нельга было лавіць з 9 сакавіка па 23 красавіка. У астатніх рэгіёнах Беларусі забарона доўжылася з 1 сакавіка па 15 красавіка. Калі здараецца злавіць шчупака ў забаронены перыяд, то яго трэба асцярожна зняць з кручка і адпусціць.

Да 31 сакавіка нельга было лавіць сома паўсюдна, а затым у Гомельскай і Брэсцкай абласцях — з 19 мая па 20 чэрвеня. Судака нельга было лавіць па ўсёй Беларусі з 15 красавіка па 30 мая. Сіга чудскага — з 1 лістапада па 15 снежня, а ментуза звычайнага — з 25 снежня па 28 лютага.

Існуе таксама ўсеагульная забарона:

  • Гродзенская, Мінская і Магілёўская вобласці — з 1 красавіка па 30 мая;
  • Гомельская і Брэсцкая вобласці — з 20 сакавіка па 18 мая;
  • Віцебская вобласць — з 10 красавіка па 8 чэрвеня.

У гэты перыяд можна лавіць рыбу на адзін кручок з берага (гэта значыць без заходу ў ваду) у светлы перыяд сутак. Паслабленне зрабілі толькі для спінінгістаў.

Пры парушэнні правіл і за незаконную лоўлю забароненых відаў рыб прадугледжаныя штрафы і іншыя пакаранні — ажно да крымінальнай адказнасці.

За лоўлю рыбы ў перыяд нерасту або выкарыстанне забароненых рыбалоўных прынад можна атрымаць штраф у памеры 10-30 базавых велічынь, таксама неабходна будзе пакрыць шкоду за кожную вылаўленую рыбу. Напрыклад, за вугра рачнога — 15 базавых велічынь, сома звычайнага — 4, шчупака звычайнага — 4, карпа — 6. Калі нанесены ўрон складзе суму больш за 100 базавых велічынь, то прадугледжваецца крымінальная адказнасць.

Пытанні, якія ўзнікаюць у рыбаловаў

Што такое «светлы перыяд сутак»?

Гэта час, які пачынаецца за гадзіну да світанку і заканчваецца праз гадзіну пасля захаду сонца. Да прыкладу, калі ўзыход сонца а 6:00, а захад — а 19:00, светлым перыядам сутак будзе лічыцца час ад 5:00 і да 20:00.

Якой снасцю можна карыстацца рыбалову ў перыяд забароны на рыбную лоўлю?

Спінінгам, паплавочнай вудай, фідарам, донкай, нахлыстам. Галоўнае, каб кручок на снасці быў толькі адзін. Калі канструктыўна ў спінінгавай прынадзе прадугледжаная наяўнасць двух патройных гаплікоў, выкарыстоўваць яе таксама дазваляецца.

Якая колькасць вуд можа быць у рыбалова з сабой?

Любая. Забарона не рэгламентуе колькасць запасных вудзільнаў, якія знаходзяцца на беразе. Галоўнае, каб яны ляжалі ў чахлах.

Ці можна лавіць на некалькі вуд з сям’ёй?

Кожны член сям’і мае права лавіць рыбу на адну вуду. Але, калі дзеці спяць у машыне, а тата выставіў батарэю закідух і чакае ляшча, такую рыбалку можна трактаваць як парушэнне правіл.

Ці можна карыстацца сачком у перыяд забароны на рыбную лоўлю?

Сачок — прыстасаванне, якое выкарыстоўваецца, каб падымаць рыбу з вады. Прымяняць яго можна.

Ці можна лавіць рыбу з масткоў і пірсаў?

Можна, калі гэтыя канструкцыі маюць непасрэдную сувязь з берагам. Гэта тычыцца і пясчаных кос, і розных насыпаў. А з выспаў, ізаляваных участкаў сушы і пірсаў без масткоў лавіць рыбу забаронена. Таксама як і дабірацца да іх на лодцы са складзенымі снасцямі.

У якіх сітуацыях можна заходзіць у ваду?

Тады, калі трэба перамясціцца па вадаёме альбо адчапіць кручок або прынаду ад травы ці карчакі. Важна, каб у першым выпадку снасці былі складзеныя, а ў другім — заставаліся на беразе. Іначай інспектар, калі «застукае» рыбалова за гэтымі маніпуляцыямі, цалкам можа палічыць іх рыбалкай з заходам у ваду.

Чытайце таксама:

Мінчук злавіў на Прыпяці сома даўжынёй больш за два метры. Але есці не стаў

Рыбакі трапілі пад тарнада на возеры ў Гарадоцкім раёне

Як сёння шкодзяць беларускай прыродзе старадаўнія штучныя каналы?

У цэнтры Мінска рыбак вылавіў 15-кілаграмовага таўсталобіка

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
4
Абуральна
4