Варшава. Ілюстрацыйнае фота: «Наша Ніва»

Варшава. Ілюстрацыйнае фота: «Наша Ніва»

«Каб больш ногі тваёй тут не было»

Аксана жыве ў Варшаве ў раёне Воля і перыядычна заходзіць у невялікую фірмовую мясную краму па суседстве. Некалькі месяцаў таму жанчыне здалося, што яна заплаціла за пакупкі больш, чым звычайна, і, выйшаўшы з крамы, яна вырашыла праверыць чэк. У ім выявіліся кракаўскія каўбаскі на суму 18 злотых (4,5 даляра), якіх Аксана не купляла. З гэтага і пачаўся канфлікт з прадаўшчыцай.

— Я падумала, што яна памылілася. Вярнулася і сказала: «Я толькі што ў вас была. Я не брала каўбаскі, але вы выпадкова іх прабілі. Я б хацела вярнуць гэтую розніцу». А яна незадаволена: «Што? Дзе?» — успамінае Аксана. —

Тады я сказала: «Прабачце, гэта вы мяне падманулі. Чаму вы так рэагуеце на тое, што я гэта выявіла?» Натуральна, яе гэта закранула, і яна пачала: «Ды пайшла ты! Ды ты ўкраінка, што, будзеш мне права прасоўваць? Валі! Больш ты сюды хадзіць не будзеш! Каб больш нагі тваёй тут не было», — і гэтак далей. Натуральна, усё гэта было на польскай.

Аксана спрабавала супакоіць жанчыну і паведаміла, што яна беларуска з польскім грамадзянствам. Але супрацоўніца крамы не слухала яе і паводзіла сябе агрэсіўна. У выніку яна кінула Аксане 18 злотых, і беларуска сышла.

@nashaniva У Варшаве прадавачка адмовілася абслугоўваць беларуску, назваўшы яе ўкраінкай #варшава #беларусьновости #нашаніва #белорусы #белорусывпольше #польша #беларускаямова ♬ Solas X Interstellar - Gabriel Albuquerqüe

«Яна б ніколі такога не сказала»

Нейкі час Аксана сапраўды не хадзіла ў тую краму.

— А потым падумала: «Чаму я павінна сабе адмаўляць? Мяне выгналі, а я проста апусціла нос».

Аксана распавяла пра здарэнне знаёмым, і яны напісалі ліст на электронную пошту фірмы, якая валодае сеткай мясных крамаў.

— У лісце пазначылі, што была дыскрымінацыя, і папрасілі пагутарыць з гэтай нагоды з прадаўцамі.

Пасля гэтага Аксана стала наведваць краму зноў. Беларуска мяркуе, што гутарка з супрацоўнікамі была праведзеная, паколькі падчас аднаго з такіх візітаў іншая прадавачка стала распытваць беларуску пра тое, што за канфлікт у іх адбыўся з яе калегай. Кажуць, што крама атрымала нейкі ліст.

Аксана ў двух словах апісала інцыдэнт, а прадавачка паспрабавала апраўдаць калегу: «Ды вы што? Не можа быць. Яна не такая. Яна б ніколі такога не сказала». Беларуска не стала працягваць тую размову, разлічылася за пакупкі і сышла.

«Ты што, не зразумела? Я цябе абслугоўваць не буду»

Пазней Аксана яшчэ некалькі разоў сутыкалася з супрацоўніцай, з якой у іх здарыўся канфлікт. Па словах суразмоўніцы, прадавачка камунікавала з ёй ветліва, але тады на змене яна была з напарніцай. Праўда, Аксане здалося, што гэтая ветлівасць была «скрозь зубы».

Пасля майскіх святаў Аксана зноў зазірнула ў краму і зноў сутыкнулася са сваёй крыўдзіцелькай. Аднак гэтым разам у краме жанчыны былі ўдваіх.

— І яна мне з парога: «Ты што, не зразумела? Я цябе абслугоўваць не буду. Пайшла адсюль»,

— успамінае беларуска. — Я спакойна адказала, што так нельга і што яна не мае права [забараняць мне наведваць краму]. А пасля паспрабавала высветліць, з чым звязана такое стаўленне: з тым, што яна не хоча абслугоўваць замежнікаў, ці гэта асабістая непрыязнасць праз тое, што я выявіла падман з каўбаскамі.

У выніку яна выбегла з крамы і закрыла мяне ў ёй. Мне было смешна. Гэта проста цырк. Але добра хоць проста закрыла, а не з нажом на мяне кінулася, — разважае жанчына.

Аксана хацела выклікаць паліцыю, каб яе выпусцілі з крамы, але прадавачка хутка зразумела, што робіць нешта не тое, адчыніла дзверы і вярнулася. Беларуска вырашыла зафіксаваць тое, што адбываецца на відэа і дастала тэлефон.

— Я разумела, што не магу яе здымаць [па законе], але мне патрэбныя былі доказы. Хачу выйсці на кіраўніцтва фірмы і паказаць, што адбываецца, каб яе пакаралі і каб іншыя баяліся [так паступаць]. Стала на відэа пытацца ў яе, чаму яна не хоча мяне абслугоўваць, але яна ігнаравала мяне і ўцякала ў каморку. Але калі ў краму зайшла нейкая жанчына, яна пачала яе абслугоўваць, а я пракаментавала: «Мяне не абслугоўвала, праз тое што я нібыта ўкраінка, а новы кліент прыйшоў — яна пачала абслугоўваць, а мяне працягвае ігнараваць». Выключыла камеру і пайшла.

Цяпер Аксана думае, куды ёй варта звярнуцца, каб крыўдзіцелька не засталася беспакаранай.

«Сказала, што нам давядзецца пачакаць, бо яна паліць цыгарэту»

MOST вывучыў водгукі аб краме, у якім адбыўся канфлікт, і знайшоў некалькі заўваг пра супрацоўніцу, пра якую распавяла Аксана. Аб нацыянальных канфліктах карыстальнікі не паведамлялі, але на паводзіны супрацоўніцы скардзіліся.

— Жанчына ў акулярах,<…>, зусім п'яная. Яна ўпусціла нас у краму і сказала, што нам давядзецца пачакаць, бо яна паліць цыгарэту. Затым, падаючы нам каўбасу, выпусціла яе на падлогу. Яна мармыча і павышае голас. Чаму кліент павінен з гэтым мірыцца?! Акрамя таго, жанчына дзейнічае на шкоду кампаніі. < … > Відавочна, што каўбаса з падлогі патрапіць на ранейшае месца і хтосьці, хто не ведае пра гэта, купіць яе. Запісала гэты цырк на відэа, таму што гэта занадта, — напісала кліентка крамы летам мінулага года.

Гэтую сітуацыю пацвердзіла і іншая кліентка: «Сёння ў мяне склалася аналагічнае ўражанне аб прадаўшчыцы ў акулярах. У рэшце рэшт яна нават не змагла прыняць аплату. Не хачу нікога пакрыўдзіць, бо, можа быць, праблема не ў алкаголі, але такога быць не павінна, калі справа тычыцца працы з кліентамі і ежай».

Іншыя кліенты ў сваіх водгуках таксама звяртаюць увагу на тое, што жанчына паліць на ўваходзе ў краму, не абслугоўвае пакупнікоў належным чынам і абвешвае кліентаў.

Клас
12
Панылы сорам
49
Ха-ха
25
Ого
12
Сумна
13
Абуральна
60