Сяржук Кедышка Сергей Кедышко Serzhuk Kedyshka

Сяржук Кедышка абвясціў аб сваім сыходзе з «Паспалітага рушэння»

Пра сыход з арганізацыі

У пачатку эфіру Сяржук Кедышка абвясціў, што сыходзіць з арганізацыі.

«Я для сябе вырашыў, што не магу больш быць прадстаўніком арганізацыі ў той якасці, у якой мяне бачыла беларускае грамадства. Я як кіраўнік меў уплыў на рашэнні, якія прымаліся ў арганізацыі. На дадзены момант я бачу, што мае рашэнні ўжо не маюць той вагі. Кожны раз, калі я агучваў свае ініцыятывы, я вымушаны быў спрачацца са сваімі паплечнікамі. 

Кожная ідэя ідзе не са згоды і агульнага меркавання, а са спрэчкай. Часам рашэнні проста ігнаруюцца, і па факце я пасля даведваюся, што было прынята іншае рашэнне. Калі я не магу кіраваць, то навошта буду за гэтую пасаду трымацца», — тлумачыць сваё рашэнне Кедышка.

У далейшай размове ён тлумачыць, якія пытанні выклікалі найбольшыя спрэчкі: «Каб ішло нейкае развіццё, мы мусім знаходзіць новыя кантакты дзеля фінансавання. У дадзены перыяд часу стала пытанне супрацы з пэўнымі структурамі. Я асабіста супраць супрацоўніцтва з імі. У мяне ёсць абгрунтаванне чаму.

У мяне вялікі досвед. Але шмат з кім з нашых хлопцаў, якія прыйшлі ў гэты апазіцыйны або дэмакратычны рух не так даўно, можа, у 20-м годзе, трэба працаваць, размаўляць, спрачацца. Мне даводзіцца шмат часу губляць на спрэчкі, доказы. Гэтыя людзі праз год, два, тры, пяць прыйдуць да тых самых высноў, што і я. Яны зразумеюць, што вось з гэтым чалавекам, што б ён ні казаў, не будзе супрацы — гэта бачна па яго дзеяннях. Але гэтыя людзі прымаюць іншае рашэнне, абыходзячы мяне як кіраўніка ці аднаго з тых, хто гэта пачынаў.

Такім чынам, паказваюць непавагу да майго меркавання і меркавання іншых. І атрымліваецца, што мы губляем вагу ў вачах беларускай грамадскасці. І пасля гэтыя людзі зробяць нешта, з іх меркавання, на карысць «Паспалітага рушэння», а да мяне, як публічнай асобы, будуць пытанні. Я не хачу патрапіць у становішча, калі буду вымушаны адказваць за рашэнні, да якіх я не маю дачынення».

Сяржук заўважае, што, магчыма, ён памыляецца, і менавіта тыя людзі, якія цяпер заняліся новымі кантактамі, знойдуць паразуменне з магчымымі партнёрамі, з якімі ў яго камунікацыя на атрымалася.

«Навошта я буду замінаць гэтай справе. Таму я вырашыў проста адысці без канфлікту, выканаўшы ўсе патрабаванні».

Кедышка не стаў расказваць пра тое, чым ён будзе ў далейшым займацца:

«Раней казалі: распавядзі пра свае планы і рассмяшы Бога. А цяпер я кажу: распавядзі свае планы і парадуй ворага».

Скандал з матэрыялам «Белсата»

Падчас размовы быў абмеркаваны скандал вакол матэрыялаў тэлеканала «Белсат» пра дзейнасць арганізацыі, якія невядомым чынам былі скрадзеныя і паказаныя на беларускім тэлебачанні. Намеснік дырэктара «Белсата» Аляксей Дзікавіцкі патлумачыў з'яўленне матэрыялаў пра «Паспалітае рушэнне» на беларускім тэлебачанні тэхнічнай памылкай. Са свайго боку Кедышка заяўляе, што матэрыялы былі скрадзеныя.

«Калі мы камунікуем з прэсай і просім паказаць матэрыял, які зняў іншы канал, то нам заяўляюць, што такога зрабіць не могуць, бо ёсць аўтарскія правы і прафесійная этыка. Калі беларускі канал паказвае матэрыял, які зняў «Белсат», без усялякага дазволу, у мэтах прапаганды, то я лічу, што гэтыя матэрыялы скрадзеныя.

У гэтым выпадку была спецаперацыя беларускіх спецслужбаў, каб у нас быў недавер да «Белсата». Ідзе інфармацыйная вайна. Таму ў нас няма ніякага жадання сварыцца, бо на гэта і накіраваная іх дзейнасць. Мы не зробім ім такога падарунка».

Кедышка звяртае ўвагу, што кіраўніцтва канала паабяцала, што разбярэцца. Было дамоўлена, што заўчасна інфармацыя не будзе агучвацца. «Але пасля выходзіць афіцыйнае паведамленне, што адбылася тэхнічная памылка. І ўсе, хто чытаў гэтае паведамленне, прынялі яго за канчатковы вынік. Але там толькі накшталт «ну выбачайце, так атрымалася», — заўважае Кедышка і выказвае спадзяванне, што кіраўніцтва «Белсата» давядзе гэтую справу да канца, будуць прынятыя меры і будзе кампенсаваная шкода людзям, якія пацярпелі.

Кедышка адзначыў, што далей пра дзейнасць арганізацыі будуць распавядаць іншыя людзі. Пры гэтым ён звярнуў увагу на змену ў яе падачы. Пасля скандалу з матэрыяламі «Белсата» арганізацыя вырашыла максімальна скараціць кантакты з прэсай і максімальна абмежаваць прадстаўленне інфармацыі пра актуальную дзейнасць. Цяпер інфармацыю праз сваю дзейнасць арганізацыя будзе даваць сама праз свае каналы.

Сітуацыя ў арганізацыі

Па словах Кедышкі, выпадак з матэрыяламі «Белсата» не першы. У арганізацыі ўжо былі дробныя ўцечкі інфармацыі. Таму да таго, што адбылося, ставяцца спакойна.

Але арганізацыя згубіла некалькі чалавек, якія пабачылі, што не працуе абяцанне аб гарантаванні бяспекі звестак. Разам з гэтым, распавядае Кедышка, у выніку рэфармавання з «Паспалітага рушэння» таксама сыходзілі цэлыя падраздзяленні ў іншыя фармаванні. Ён тлумачыць гэта праблемай росту:

«Мы сутыкнуліся з праблемай росту. Чым больш людзей, тым складаней гэтай масай людзей кіраваць. І зʼяўляецца так званая «махноўшчына», калі кожны камандзір аддае свае загады. Таму неабходна было правесці структурызацыю.

Мы спрабавалі выбудаваць вертыкальную структуру, але не ўсе з гэтым згодныя, бо гэта рух добраахвотны, мы не маем ніякіх падпісаных кантрактаў, умоўных званняў. Таму кожны можа сказаць «мяне гэта не задавальняе». Таму гэта і адбылося. І мы не маем ніякіх механізмаў стрымаць людзей», — распавядае Кедышка. Але ён упэўнены, што людзі, якія прыйшлі ў дэмакратычны беларускі рух, там і застануцца.

Прапанова правесці сацыяльны эксперымент

Сяржук адзначыў, што ўнутры арганізацыі няма канфліктаў, але і няма фінансавання. Людзі трымаюцца за кошт сваіх рэсурсаў. Ёсць нейкі мінімум данатаў.

«Я зразумеў, і мушу канстатаваць гэта з сумам, што беларускаму грамадству ў эміграцыі, ці можа ўвогуле беларусам, «Паспалітае рушэнне» як структура не патрэбнае. Не прыйшоў час. Альбо гэта грамадства ў сваім развіцці спазняецца. У той жа час лукашысцкія структуры разумеюць важнасць патрыятычнай працы.

Цяпер усе школы, вучэльні на святы забітыя мянтамі ў спецабмундзіраванні. Паўсюль ідзе гэтая прапаганда. А беларускаму незалежнаму грамадству… Вось мы кажам, што стварылі «Паспалітае рушэнне», далучайцеся. А нам кажуць (што актывісты, што журналісты): «Дык патлумачце, што такое «Паспалітае рушэнне». Нас 200 чалавек, а беларусаў 300 тысяч. Дык, значыць, мы не патрэбныя. Мы прыйшлі на выклік часу, але грамадства наша не гатовае».

Кедышка адзначае, што абвешчаны на «Байсоле» збор на дзейнасць арганізацыі замарозіўся. Некалькі месяцаў на яго не паступаюць сродкі. З абвешчанай сумы ў 20 тысяч еўра сабрана 8 тысяч.

«Калі беларускаму грамадству патрэбна наша арганізацыя, то пакажыце гэта. З нагоды Дня беларускай вайсковай славы 8 верасня дапамажыце, падтрымайце. Калі мы ўбачым, што нічога не адбылося, то гэта будзе сведчыць пра рэальнае стаўленне да арганізацыі. І тады мы будзем прымаць рашэнне».

Чытайце яшчэ:

Кіраўнік «Паспалітага рушэння» расказаў, чые загады яны гатовыя выконваць і з кім кантактуюць

Унук Героя Савецкага Саюза Мікалая Кедышкі стаў голасам Паспалітага рушэння, якое хоча «вызваліць Беларусь»

«Вар’яцтва з фантанамі прыйшло да нас з Расіі»: гутарка з дэсантнікам, які служыў у 94-м 

Клас
3
Панылы сорам
17
Ха-ха
5
Ого
2
Сумна
39
Абуральна
7

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?