Улады Літвы ведаюць пра новыя абмежаванні для беларусаў-эмігрантаў, ухваленыя Аляксандрам Лукашэнкам. Пра гэта «Белсату» сказала дырэктарка Дэпартамента міграцыі пры МУС Літвы Эвеліна Гудзінскайце. Яна запэўніла, што беларускія грамадзяне, як і раней, змогуць афармляць пашпарты іншаземца.

«Мы ведаем, што цяпер беларусы мусяць вяртацца ў Беларусь, каб працягнуць дакументы. Аднак бальшыня беларусаў, якія тут жывуць і працуюць, маюць магчымасць вярнуцца, і яны гэта вельмі часта робяць», — адзначыла Гудзінскайце.

Тым, хто не можа з’ездзіць у Беларусь па новы пашпарт, Літва выдае адмысловыя пашпарты для падарожжаў. Толькі трэба абгрунтаваць такую патрэбу:

«Мы асобна разглядаем кожны выпадак беларусаў, якія асцерагаюцца пераследу і не могуць ехаць у Беларусь. Калі сапраўды з аб’ектыўных прычын беларус не можа вярнуцца на радзіму, мы выдаём пашпарт іншаземца».

Кіраўніца Дэпартамента міграцыі падкрэсліла, што пашпарт іншаземца могуць аформіць уладальнікі часовага або сталага ДНЖ.

«Мы ў Літве маем усе працэдуры, і мы гатовыя да тых выпадкаў, як цяпер, калі людзям спатрэбяцца пашпарты для падарожжаў і яны не могуць атрымаць беларускі пашпарт, у іх будзе магчымасць аформіць пашпарт іншаземца ў Літве», — падсумавала Эвеліна Гудзінскайце.

Такі дакумент замяняе нацыянальны беларускі пашпарт у паездках па-за межы Літвы і прызнаецца амаль усімі краінамі, што прызнаюць пашпарт грамадзяніна Літвы. Беларус з літоўскім пашпартам іншаземца можа свабодна вандраваць па Шэнгенскай зоне цягам максімум 90 дзён на паўгода (бо адначасова мае ДНЖ у Літве). Аднак усё адно патрабуецца афармляць візы тых краін, куды грамадзянам Беларусі бязвізавы ўезд забаронены.

Афармленне пашпарта замежніка ў Літве будзе каштаваць 65 еўра. Цягам пяці дзён улады мусяць разгледзець заяву і пры станоўчым рашэнні выдаць дакумент цягам яшчэ 30 дзён. Паскоранай працэдуры за дадатковую аплату цяпер няма. Тэрмін дзеяння такога пашпарта не павінен перавышаць тэрміна дзеяння ДНЖ, пры гэтым будзе не меншы за 3 месяцы і не большы за 5 гадоў.

Чытайце таксама:

«Як дойдзе да справы, тады і будзем вырашаць». Немцы пакуль не ведаюць, што рабіць з беларусамі без пашпартоў

Заканчваецца беларускі пашпарт. І што цяпер рабіць? Парады адваката

Беларусам, якія жывуць у Грузіі, варта паклапаціцца пра еўрапейскую візу

«Я плачу, муж праклінае ўладу». Беларусы расказваюць, з якімі праблемамі сутыкнуліся пасля новага ўказа Лукашэнкі

Клас
23
Панылы сорам
17
Ха-ха
6
Ого
1
Сумна
6
Абуральна
14