Ілюстрацыйнае фота: Наша Ніва

Ілюстрацыйнае фота: Наша Ніва

Іван жыве ў Грузіі з лета 2021 года. За гэты час ён перааформіў сабе пашпарт — у беларускім пасольстве ў Тбілісі гэта зрабілі без праблем. Івану невядома пра выпадкі, калі некаму адмаўлялі ў атрыманні дакумента.

А вось з атрыманнем міжнароднай абароны, наадварот, усё складана, кажа ён «Нашай Ніве». «Я не ведаю ніводнага выпадку, каб нехта з беларусаў атрымаў тут дадатковую абарону», — кажа мужчына, які актыўна ўдзельнічае ў жыцці беларускай дыяспары ў Грузіі, ходзіць на палітычныя мітынгі і культурныя падзеі.

Як і большасць беларусаў, якія знаходзяцца ў Грузіі, Іван не легалізоўваўся, не афармляў там ніякіх дакументаў, а проста карыстаецца бязвізавым рэжымам, які дазваляе бесперапынна знаходзіцца ў краіне цягам года.

«Калі год сканчаецца, я проста выязджаю ў Турцыю на дзень, каб абнуліцца, і зноў маю магчымасць жыць у Грузіі наступныя 365 дзён», — кажа наш чытач.

Дакладных лічбаў, колькі грамадзян Беларусі пражываюць у Грузіі, няма. Вядома толькі, што, паводле даных на вясну, у Грузію ўехала на 14 тысяч беларусаў больш, чым выехала. Колькі з іх жыве там пастаянна, сказаць складана. 

Раман Кісляк, намеснік кіраўніка беларускай дыяспары Аджарыі — рэгіёна на ўзбярэжжы, дзе ў Батумі асела істотная частка беларускіх эмігрантаў, кажа, што праблемы з легалізацыяй у Грузіі раней тычыліся нешырокага кола грамадзян.

«Беларуская амбасада не выдавала пашпартоў тым, на каго заведзена крымінальная справа. Цяпер жа гэта будзе тычыцца ўсіх», — кажа Кісляк.

Як атрымаць пашпарт дзіцяці, калі яно нарадзілася за мяжою

Асабліва складаная сітуацыя для тых, хто нарадзіў у Грузіі.

«Бацькі не могуць атрымаць дакументаў на дзіця. У іх ёсць толькі даведка аб нараджэнні. Зрабіць дзіцяці пашпарт у амбасадзе яны не маглі і раней, бо першы пашпарт абавязкова трэба было рабіць непасрэдна ў Беларусі».

Атрымаць у Грузіі статус уцекача — праблема

«Нам вядома прынамсі пра тры кейсы, калі людзі падаваліся, але атрымалі адмову. І гэта вельмі працяглая па часе працэдура. Людзі падаваліся яшчэ ў 2020 годзе, а калі надышоў час прымаць рашэнні, то ўжо пачалася вайна і ім адмовілі. Цяпер гэтыя людзі працягваюць дабівацца перагляду таго рашэння ў судзе». 

Раман Кісляк кажа, што колькасць беларусаў, якія падаюцца ў Грузіі на атрыманне статусу міжнароднай абароны, расце.

Адначасова ўсё больш беларусаў паступова пераязджаюць у Еўропу. Часцей за ўсё ў Польшчу. Так зрабіла, напрыклад, жонка палітзняволенага праваабаронцы-вясноўца Валянціна Стэфановіча. У 2021 годзе яна выехала ў Грузію, але праз два гады пераехала ў Варшаву.

Намеснік кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінета Валер Кавалеўскі адзначае, што, у параўнанні з сітуацыяй у іншых краінах, у беларусаў, якія жывуць у Грузіі, сапраўды існуюць свае праблемы з легалізацыяй.

Цяпер Кабінет вывучае гэтую праблему, кажа Кавалеўскі. Пасля гэтага будуць выпрацаваныя нейкія рэкамендацыі для беларусаў.

Ці здольныя дапамагчы кантакты Офіса Святланы Ціханоўскай і Кабінета з грузінскімі ўладамі? Палітык называе іх «спарадычнымі».«Урад Грузіі займае асцярожную пазіцыю», — дыпламатычна кажа Кавалеўскі.

Ваш пашпарт канчаецца? Загадзя аформіце шэнгенскую візу ці ВНЖ

Дырэктар Freedom House Vilnius Віціс Юрконіс раіць беларусам, якія жывуць у Грузіі з пашпартам, тэрмін дзеяння якога можа скончыцца найбліжэйшымі гадамі, паклапаціцца пра атрыманне шэнгенскай візы, ці, напрыклад, літоўскага ВНЖ.

«З гэтага году падаць дакументы на атрыманне ВНЖ у Літве можна знаходзячыся па-за межамі Літвы. Грамадзяне Беларусі могуць зрабіць гэта ў тым ліку ў Грузіі», — кажа Юрконіс.

Для Польшчы і Літвы рашэнне ўладаў Беларусі, зафіксаванае ва ўказе № 278 ад 4 верасня, не стала нечаканасцю. Гэтыя дзяржавы, як і большасць краінаў Еўрасаюза, маюць магчымасць выдаваць свае трэвел-дакументы для замежнікаў, у тым ліку і беларусаў. І гэтая працэдура актыўна дзейнічае. Яна распаўсюджваецца найперш на людзей, у якіх ужо ёсць альбо дадатковая абарона, альбо статус уцекача, альбо пастаянны від на жыхарства.

Пашпарт новага беларуса — пакуль у праекце

Альтэрнатывай праязным дакументам замежнага грамадзяніна мог бы стаць пашпарт Новай Беларусі, які прэзентавалі на Канферэнцыі Новай Беларусі ў жніўні. Але пакуль гэта на стадыі ідэі.

«У новых умовах мы разумеем, што час бяжыць значна хутчэй. Цяпер нам трэба рухацца з гэтым праектам яшчэ актыўней, каб як мага эфектыўней вырашаць праблемы беларусаў», — кажа Валер Кавалеўскі.

Палітык спадзяецца, што новы ўказ Лукашэнкі дапаможа пераканаць заходніх партнёраў падтрымаць праект альтэрнатыўнага беларускага пашпарта.

«Але нам неабходна не толькі гэта. Таксама трэба, каб працэдуры па легалізацыі беларусаў у новых краінах былі спрошчаныя. Каб была ўлічана немагчымасць прадстаўлення пэўных дакументаў, якія раней можна было атрымаць праз консульствы», — адзначае прадстаўнік Аб'яднанага пераходнага кабінета.

Чытайце таксама: 

Хваля эміграцыі ў 2021—2023 гадах — самая вялікая ў гісторыі Беларусі. Лічбы

«Я плачу, муж праклінае ўладу». Беларусы расказваюць, з якімі праблемамі сутыкнуліся пасля новага ўказа Лукашэнкі

Клас
4
Панылы сорам
4
Ха-ха
4
Ого
1
Сумна
11
Абуральна
8