Пабудова ўнесеная ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей і знаходзіцца на балансе Навагрудскага райвыканкама. Паводле ўмоў аўкцыёну, новы ўладальнік павінен распрацаваць і зацвердзіць праект рэканструкцыі не пазней чым праз два гады з моманту заключэння дамовы.

Рамонт трэба правесці не пазней чым праз тры гады ад заключэння дамовы. Пад што можна перарабіць былую вяндлярню, ва ўмовах аўкцыёну не паведамілі.

Ніжняя частка будынка цагляная, над ёй высокі дах, крыты гонтай. На даху плаўнымі лініямі выступаюць выпуклыя душнікі. Цагляныя сцены дэкараваныя лапаткамі, карнізам простага профілю і лучковымі перамычкамі над аконнымі і дзвярнымі праёмамі.

Раней будынак былой вяндлярні ўжо выстаўлялі на продаж, апошняя спроба была ў лютым 2023 года. Тады за аб’ект хацелі 9950 рублёў, але будынак ніхто не набыў. Цяпер цану знізілі да адной базавай велічыні — 37 рублёў.

Сядзіба ў Шчорсах у Навагрудскім раёне калісьці належала канцлеру ВКЛ Іаахіму Храптовічу. У XVIII стагоддзі ён узвёў тут палацава-паркавы ансамбль у стылі французскага класіцызму. Да нашых дзён асноўны будынак сядзібы не ацалеў, але захаваўся парк і сажалкі.

Да нядаўняга часу ўсе будынкі сядзібы ў Шчорсах належалі дзяржаве. Частка — аддзелу культуры Навагрудскага райвыканкама, частка — сельсавету ў Шчорсах, частка — ААТ «Шчорсы» (былы калгас «Зорка»). З 2018 года сядзібу спрабавалі прадаць як комплекс, пазней — як асобныя будынкі.

З 2017 года над захаваннем і развіццём комплексу працаваў культурна-асветніцкі фонд «Шчорсы і Храптовічы» пад кіраўніцтвам Ганны Булды. Але ён трапіў пад хвалю масавых ліквідацый грамадскіх арганізацый у Беларусі ў 2021−2022 гадах. Суд прайшоў 19 лістапада мінулага года, 4 снежня рашэнне ўступіла ў сілу.

Чытайце таксама:

Свяцкі палац — твор італьянскага майстра для прускага графа са старажытнага беларускага роду

Яшчэ дзве кнігі з бібліятэкі Храптовічаў вярнуліся на радзіму

У палацы першага беларускага арнітолага будзе музей. З пастаўскай рэзідэнцыі Тызенгаўзаў нарэшце з'едзе бальніца

Клас
1
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
2
Абуральна
1