«Наша Ніва» і Букмекерская кантора Леон пільна сочаць за вышэйшай лігай.
Цяпер больш падрабязна пра барацьбу на розных полюсах табліцы. У мінулым туры «Шахцёр» вельмі нечакана саступіў у Мазыры і дазволіў на тры балы адарвацца БАТЭ, у якім, дарэчы, змяніўся трэнер. Кірылу Альшэўскаму не даравалі вылет з еўракубкаў, і цяпер камандай будзе кіраваць Аляксандр Лісоўскі.
Для барысаўцаў тытул чэмпіёна — адзін з нешматлікіх шанцаў захаваць клуб на існуючым узроўні. З наступнага сезона з'яўляецца новы еўракубак — Ліга канферэнцый, у якім будуць гуляць усе беларускія прадстаўнікі, акрамя чэмпіёна. Адпаведна, трэці па статусе еўракубак наўрад ці прадугледжвае вялікія прызавыя, таму БАТЭ трэба прыкладаць максімум намаганняў для выйгрышу чэмпіянату.
Нягледзячы на канфуз у Мазыры, «Шахцёр» не збіраецца здавацца. Раман Грыгарчук узмацняе атакуючую лінію: узяты ў арэнду Дыега Сантас з «Віцебска», а таксама магчымае падпісанне экс-форварда «Астаны» Жуніёра Кабанангі.
Што тычыць ніжэйшай часткі табліцы, то тут «Белшына» амаль выбралася з зоны вылету. Шанцы на выратаванне ў бабруйцаў выглядаюць лепшымі за канкурэнтаў, нягледзячы на складаны каляндар наперадзе: «Белшыну» яшчэ чакаюць матчы з «Шахцёрам», БАТЭ і мінскім «Дынама».
«Слуцк» і «Гарадзею» наперадзе яшчэ чакае асабістая сустрэча, у якой, хутчэй за ўсё, вызначыцца другі няўдачнік лігі. З першым усё, на жаль, зразумела: «Смалявічы» ўжо наўрад ці выратуюцца, хаця наперадзе ім яшчэ гуляць з абедзвюма «цукровымі» клубамі.
Вось вынікі матчаў 24 тура:
- «Смалявічы» — «Рух» 0:6 (8, Садоўскі; 13, Рахманаў; 54, 75 (п), У. Васільеў; 86, А. Анцілеўскі; 89, Шаўчэнка)
- «Нёман» — «Мінск» 2:0 (22, Марушыч; 38, Кадзімян)
- «Віцебск» — «Белшына» 1:1 (53, Вандэрсан — 64, Салімаў)
- «Дынама-Брэст» — «Энергетык-БДУ» 2:1 (6, 53; Савіцкі — 16, Гаўрылаў)
- «Гарадзея» — «Тарпеда-БелАЗ» 1:3 (76, Ігнаценка — 10, Габоўда; 36, 86, Прамудраў)
- «Іслач» — «Дынама-Мінск» 2:1 (3, Януш; 85, Янсанэ — 62, Дзінга)
- «Слуцк» — БАТЭ 1:3 (24, Сямёнаў — 39, 73, Скавыш; 43, Філіпенка)
- «Славія» — «Шахцёр» 1:0 (81, Тлупаў)
- 23 верасня прайшла перанесеная гульня «Смалявічы» — «Мінск» 0:4 (22, Грыбоўскі; 49, Ануфрыеў; 82, Яроцкі; 90, Пяньчук)
ТУРНІРНАЯ ТАБЛІЦА
Якія матчы нас чакаюць у наступным туры?
«Энергетык-БДУ» — «Іслач»
- 26.09, 14:00. Маладзечна, цэнтральны стадыён.
- Каэфіцыенты: «Энергетык» (перамога) — 3.75; нічыя — 3.85; «Іслач» (перамога) — 2.02.
Нягледзячы на вельмі складаную фінансавую сітуацыю, «ваўкі» штампуюць перамогі — у мінулым туры каманда асіліла мінскае «Дынама».
Клуб з мінскага раёна анансаваў, што матч у Маладзечне стане развітальным для Мамо Янсанэ. Куды пераходзіць гвінеец, не паведамляецца, але, магчыма, трансфер дазволіць палепшыць фінансавае становішча «Іслачы».
Мома Янсанэ. Фота Анатоля Рэдзіна.
Прагноз «НН»: тотал, большы за 2.5.
«Гарадзея» — «Славія»
- 26.09, 16:00. Стадыён «Гарадзея».
- Каэфіцыенты: «Гарадзея» (перамога) — 3.03; нічыя — 3.65; «Славія» (перамога) — 2.40.
Нечакана «Гарадзея» здзейсніла даволі гучны трансфер, падпісаўшы былога брамніка зборнай Сяргея Чэрніка. Магчыма, ягоны досвед зможа дапамагчы камандзе ўратавацца.
Фота: ФК «Гарадзея».
Перамога над «Шахцёрам» дазволіла мазырскай камандзе адарвацца ад дна табліцы на даволі камфортную дыстанцыю, якая амаль выключае магчымасць вылету ў гэтым сезоне. Канчаткова зняць пытанні можа гульня ў суботу.
Прагноз «НН»: тотал, меншы за 2.5.
«Тарпеда-БелАЗ» — «Нёман»
- 26.09, 18:00. Жодзіна, стадыён «Тарпеда»
- Каэфіцыенты: «Тарпеда» (перамога) — 2.91; нічыя — 3.65; «Нёман» (перамога) — 2.49.
У суботу аматараў беларускага футбола чакаюць адразу дзве топ-зарубы — аперытывам перад бітвай гігантаў у Барысаве будзе матч у Жодзіне, дзе сустрэнуцца трэцяя і чацвёртая каманды лігі на сёння.
«Тарпеда», якое не прайграе вось ужо сем тураў запар, мае добрую магчымасць скінуць з п'едэстала гарадзенцаў, у якіх яшчэ нядаўна была кароткая чорная паласа.
Прадказаць пераможцу нерэальна, таму проста будзем чакаць вогненнай гульні.
Прагноз «НН»: «Тарпеда» не саступіць.
БАТЭ — «Дынама-Брэст»
- 26.09, 20:00. «Барысаў-Арэна»
- Каэфіцыенты: БАТЭ (перамога) — 1.78; нічыя — 4.10; «Дынама» (перамога) — 4.65.
Мы шмат вышэй напісалі пра становішча БАТЭ, але берасцейцам таксама не пазайздросціш: перад вырашальным матчам у еўракубках з «Лудагорцам» ім трэба гуляць у гасцях з лідарам табліцы.
Невядома, у якой форме будуць гульцы пасля матчу ў Барысаве, але ён можа добрай рэпетыцыяй перад гульнёй у Лізе Еўропы.
Прагноз «НН»: перамога БАТЭ.
«Белшына» — «Шахцёр»
- 25 верасня стала вядома, што матч перанесены.
У мінулым туры мы спрагназавалі ўпэўненую перамогу «Шахцёра» ў Мазыры, але моцна памыліліся. Таму цяпер трэба быць вельмі асцярожным.
На гэты раз салігорцы едуць у госці да «Белшыны», якой турнірныя балы патрэбныя не менш, чым камандзе гасцей. Таму не выключана, што гульня акажацца багатай на забітыя мячы.
«Дынама-Мінск» — «Віцебск»
- 27.09, 17:00. Мінск, стадыён «Дынама»
- Каэфіцыенты: «Дынама» (перамога) — 1.75; нічыя — 3.95; «Віцебск» (перамога) — 5.10.
Адразу варта адзначыць, што гульня пройдзе без гледачоў. Нядзеля, вечар, цэнтр Мінска — вы ўсё самі разумееце.
З улікам еўракубкаў і кубкавай гульні мінскае «Дынама» прайграла 5 з апошніх 6 матчаў. Леанід Кучук нібыта прасіўся ў адстаўку, але яе не прынялі — кіраўніцтва клуба ўсё яшчэ давярае трэнеру.
У «Віцебска» перыяд таксама не зайздросны — пяць тураў без перамог у чэмпіянаце плюс страты лідараў каманды.
Прагноз «НН»: нічыя.
«Рух» — «Слуцк»
- 27.09, 19:00. ДАСК «Брэсцкі»
- Каэфіцыенты: «Рух» (перамога) — 1.64; нічыя — 4.20; «Слуцк» (перамога) — 5.75.
Брэсцкі клуб лёгка разабраўся са «Смалявічамі» і цяпер чакае ў госці «Слуцк», які працягвае ўзмацняцца расіянамі з мінорных ліг.
«Рух» нечакана для ўсіх пад канец турніра ідзе шостым, але ў сярэдзіне табліцы высокая шчыльнасць, таму любыя страты хутка могуць адбіцца на месцы. Таму прайграваць аўтсайдарам дакладна не варта, калі ёсць амбіцыі.
Прагноз «НН»: перамога «Руха».
«Мінск» — «Смалявічы»
- 28.09, 16:00. Мінск, стадыён «Трактар»
- Каэфіцыенты: «Мінск» (перамога) — 1.39; нічыя — 5.85; «Смалявічы» (перамога) — 7.80.
Другая за тыдзень сустрэча дзвюх «гарадскіх» каманд. У «Мінска» дзве задачы — не дапусціць недаацэнкі суперніка пасля лёгкай перамогі і паўтарыць дома вынік гасцявой гульні.
Фота: ФК «Мінск».
Перамога можа дазволіць мінчукам ускочыць у першую дзясятку. Што няблага, улічваючы нядаўні статус аўтсайдараў.
Прагноз «НН»: перамога «Мінска».
Дзяліцеся прагнозамі ў каментарах. Калі лічыце сябе экспертам у беларускім футболе, зрабіце стаўку ў Букмекерскай канторы Леон!