Традыцыйны суботні Жаночы марш 12 верасня пачаўся драматычным супрацьстаяннем, але жанчыны ўсё ж вырваліся на праспект Незалежнасці.
Удзельнікі ўзялі з сабой фатаграфіі і плакаты ў падтрымку ўсіх рэпрэсаваных беларусак.
Сярод патрабаванняў пратэстоўцаў: спыненне гвалту і расследаванне па ўсіх фактах яго прымянення, свабода палітвязням, новыя сумленныя выбары без Лукашэнкі.
А 15.00 пачаліся першыя затрыманні.
Дзяўчаты акружылі машыну, не давалі праехаць бусу з ціхарамі.
АМАП акружыў натоўп на плошчы Свабоды, жанчыны крычаць «Нас душаць!»
Калона жанчын пайшла ад Верхняга Горада па вуліцы Багдановіча ў бок Оперы. Чатыры меншыя групы яшчэ стаяць каля сабораў і гатэля Еўропа.
Калона дэманстрантак сфарміравалася на вуліцы Янкі Купалы. Яна расцягнулася ад Оперы да Вострава Слёз пры каласальнай падтрымцы аўтамабілістаў.
Тысячы дэманстрантак выйшлі на праспект Незалежнасці і пайшлі ў бок плошчы Перамогі.
ДАІ перакрыла скразны праезд па праспекце Незалежнасці ад цырка. Па праспекце Незалежнасці да плошчы Перамогі прыйшлі тысячы дэманстрантак.
Тысячы дэманстрантак дайшлі да плошчы Якуба Коласа, а потым да Акадэміі Навук.
Нягледзячы на жорсткія затрыманні напачатку, колькасць дэманстрантак у раёне плошчы Якуба Коласа дасягнула той, якая была тыдзень і два тыдні таму. Тут.бай ацэньвае агульную колькасць дэманстрантак у 10 тысяч чалавек.
Калона дэманстрантак потым пачала вяртаецца ў цэнтр. Яна расцягнулася ад Філармоніі да вуліцы Дарашэвіча. Жанчыны бразгаюць у каструлі і скандуюць «Пашол вон, ты і твой АМОН».
Калона пратэстуючых жанчын дайшла да плошчы Перамогі. Дэманстранткі праскандавалі «Да заўтра!» і паступова разышліся.