Аляксандр Лукашэнка 9 верасня нечакана прызначыў новага генеральнага пракурора. Ім стаў 47-гадовы Андрэй Швед, які да гэтага ўзначальваў Камітэт судовых экспертыз.

«Наша Ніва» сабрала найбольш цікавыя факты пра спадара Шведа. Рэзанансныя справы, якімі ён займаўся, драбніцы з сямейнай біяграфіі.

Андрэй Швед. Фота ctv.by.

Андрэй Швед. Фота ctv.by.

Андрэй Швед нарадзіўся ў 1973 годзе ў Глушкавічах Лельчыцкага раёна. Гэта дастаткова вялікі аграгарадок на самым поўдні Беларусі. Каб трапіць у Глушкавічы па трасе, трэба абавязкова праязджаць тэрыторыю Украіны. Ды што казаць, з трох з чатырох бакоў Глушкавічы акружаныя Украінай.

Там вядзецца здабыча граніту і шчэбню, на паверхню выходзяць старажытныя археалагічныя пароды. Побач вялікі тарфяны заказнік. З Глушкавічаў паходзіць родам мітрапаліт Белацарковіцкі (Украіна) Аўгустын.

З Глушкавічаў быў родам бацька генпракурора Іван Васілевіч. Мама ж трапіла ў Лельчыцкі раён па размеркаванні. Абое бацькоў працавалі настаўнікамі ў школы. Зінаіда Сямёнаўна выкладала матэматыку, а Іван Васілевіч — быў дырэктарам школы.

Кацярына Аўрамаўна Коваль — адна з старэйшых настаўніц Глушкавічаў. У школе яна працавала з 1964 да 2004 гадоў. Папрацавала і са Швядамі (менавіта так, праз «я», кажуць мясцовыя жыхары — «НН»). «Іван Васілевіч — залаты быў чалавек, колькі я адпрацавала, але ні з кім не параўнаецца», — кажа спадарыня Коваль.

Бацька генпракурора загінуў рана і маладым. У вёсцы кажуць, што ягоная жонка не хацела жыць у Глушкавічах, сям’я рыхтавалася да пераезду на Магілёўшчыну, радзіму жонкі. У адну з паездак на Магілёўшчыну Іван і загінуў, машына трапіла ў аварыю, сутыкнулася з лесавозам. Выратаваць дырэктара не змаглі.

Адбылося гэта напрыканцы 1970-х. Пахаваны бацька Шведа ў Глушкавічах. Маці ў хуткім часе ўсё ж з’ехала, яна і цяпер жыве ў вёсцы Леніна Горацкага раёна. Там будучы генеральны пракурор і вырас. У Глушкавічах Андрэй хадзіў толькі ў нулявы клас.

Таксама цікавая постаць дзеда Андрэя Шведа, Васіля. Ён сам родам з Украіны, з суседняй вёскі Будкі-Камянскі Ровенскай вобласці. Мясцовая жыхарка Ева Дзмітрыеўна Швед (не сваякі, там палова вёскі з такім прозвішчам) расказвае, што Васіль працаваў кавалём у калгасе.

Васіль Швед. Фота з фэйсбука Сяргея Доўгушава.

Васіль Швед. Фота з фэйсбука Сяргея Доўгушава.

А ў вольны час Васіль Швед вырабляў дудкі, граў і спяваў разам з сябрамі. У спадара Васіля было дзве жонкі, абедзве памерлі раней за яго. Дажываў свой век стары ў вёсцы Рэчань Любанскага раёна ў сына Андрэя.

У цяперашняга генеральнага пракурора ёсць старэйшая сястра Анжэла і малодшы брат Алег. Абое яны таксама дастаткова высока прасунуліся на пасадах. Алег Швед з’яўляецца кіраўніком «Медтэхнацэнтра» — прадпрыемства, якое займаецца рамонтам і абслугоўваннем медычнага абсталявання.

Алег Швед. Фота produktgoda.by.

Алег Швед. Фота produktgoda.by.

Сястра Анжэла Раемская доўгі час заставалася пры маці ў Горацкім раёне, была там дырэктаркай школы. Цяпер жа яна працуе намесніцай старшыні Лагойскага райвыканкама, адказвае за сацыяльную сферу.

Анжэла Раемская. Фота ok.ru.

Анжэла Раемская. Фота ok.ru.

Жонка Андрэя Шведа таксама родам з Лельчыцаў. Менавіта таму яны так часта бываюць у гэтым кутку, заязджаюць і на магілу да бацькі.

Іх сын Кірыл скончыў юрыдычны факультэт БДУ. Абараняўся з дыпломам на тэму «Дактыласкапія: паняцце, прадмет, магчымасці». Жанаты, гадуе маленькую дачку. Калі паглядзець на сацыяльныя сеткі Кірыла, то можна пабачыць аматара падарожжаў: Швейцарыя, Францыя, Польшча, Расія.

Кірыл Швед. Фота vk.com.

Кірыл Швед. Фота vk.com.

Што тычыцца афіцыйнай часткі біяграфіі Шведа, то ён скончыў юрыдычны факультэт БДУ (1996). Пасля працаваў на розных пасадах у пракуратуры Мінска і генеральнай пракуратуры. У 2006 годзе сыходзіць у Раду бяспекі, дзе ўзначальвае экспертна-прававы аддзел. Кандыдацкую дысертацыю Швед абараніў на тэму «Актуальныя тэарэтычныя і практычныя аспекты стадыі завядзення крымінальнай справы».

У 2010 годзе Швед прызначаны намеснікам генеральнага пракурора. З гэтага моманту і пачынаецца імклівае развіццё ягонай кар’еры. Менавіта Швед быў тым, хто агучваў дэталі па смерці каардынатара «Еўрапейскай Беларусі» Алега Бябеніна.

Але самым зорным часам для сілавіка стала расследаванне справы аб выбуху ў мінскім метро, які адбыўся 11 красавіка 2011 года. Менавіта Швед дапытваў затрыманых Канавалава і Кавалёва ў першыя дні пасля тэракту. Ён жа ўзначальваў аб’яднаную следчую групу па гэтай справе. Потым ён скажа, што Канавалаў і Кавалёў панеслі «заслужанае пакаранне». Нагадаем, што іх расстралялі.

У той самы год Лукашэнка прызнаваўся, што першым кіраўніком Следчага камітэта хацеў паставіць менавіта Шведа, але палічыў, што арганізацыйная праца па стварэнні ведамства будзе замінаць Шведу ў следчай працы, таму зрабіў яго намеснікам Валерыя Вакульчыка.

Затое ў красавіку 2013 года Швед стаў першым кіраўніком Камітэта судовых экспертыз.

Летась Швед апынуўся ў эпіцэнтры медыйнага скандалу: сілавікі ладзілі ператрус у офісе тэлеканала «Белсат» паводле крымінальнай справы за паклёп. Справа ў тым, што ў адной са сваіх публікацый журналіст Алесь Залеўскі напісаў, што Андрэй Швед быў затрыманы, а гэта выявілася няпраўдай. Тэлеканал папрасіў потым прабачэнні, але чыноўнік усё адно напісаў заяву ў Следчы камітэт.

Яшчэ з дэталек: Андрэй Швед у свой час узначальваў федэрацыю воднага пола.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?