Тайвань, яго крэмніевы шчыт, сакрэты і першая лэдзі з Беларусі. Вялікі рэпартаж Арцёма Гарбацэвіча пра востраў, які паставіў свет у залежнасць ад сябе 18

Аўтар: Nashaniva.com

З нашай краіны Тайвань амаль нябачны, ён заслонены Кітаем. Пакуль Лукашэнка робіць стаўку на Пекін, нашы суседзі шукаюць выгаду і робяць вялікі бізнэс на супрацоўніцтве з дэмакратычным востравам. У Тайваня ёсць чаму павучыцца і што запазычыць. Пры жыцці аднаго пакалення Тайвань паставіў у залежнасць ад сваіх мазгоў увесь свет, фантастычна разбагацеў без нафты і газу і фактычна прымусіў амерыканцаў абараняць сябе ад Кітая. На Тайвані пабываў рэдактар «Нашай Нівы» Арцём Гарбацэвіч. Наначыпы, беларусы, якія робяць там навуковую кар'еру, міністры — былыя апазіцыянеры, тайванскае Акрэсціна, начны рынак, ежа, прастытуцыя, абарыгены — вось што ён там пабачыў. 

Гістарычная даведка

Мала чым адметны гэты востраў, які плошчай у шэсць разоў меншы за Беларусь, размешчаны побач з мацерыковым Кітаем і большую частку сваёй гісторыі знаходзіўся ўдалечыні ад цэнтральных падзей рэгіёна, — усе вялікія справы рабіліся на кантыненце.

На Тайвань неяк заплывалі галандцы, на ім жа шукалі прытулку асобныя кітайскія каланізатары ці ўцекачы, якія змешваліся з карэнным насельніцтвам, моўна блізкім да аўстралійскіх абарыгенаў. 

 

У 1895 годзе востраў адышоў тагачаснаму тэрарысту рэгіёна — Японіі, але тайванцам моцна пашчасціла.

Японская акупацыя Кітая ці Карэі — гэта балючая тэма для гэтых народаў, поўная пакут і прыніжэння.

Звычайна метраполія ставіцца да акупаваных рэгіёнаў як да сыравіннай базы, але з Тайванем здарылася выключэнне: адтуль не забіралі рэсурсаў, бо іх там не было, а, наадварот, інвеставалі, каб зрабіць на той час дзікаваты востраў прыдатным для існавання японскага флоту і цывільных. На Тайвані японцы ўзводзілі школы, дарогі, масты, фабрыкі. 

Від на мегаполіс, які губляецца за даляглядам, з даху Taйбэй-101 — гмаха на паўкіламетра вышынёй, які да ўзвядзення Бурдж-Халіфы быў самым высокім будынкам свету. 

Асабліва вострай была праблема здароўя: японцы, звыклыя да халаднейшага клімату, масава гінулі ад трапічных хвароб. Гэта прымусіла іх інвеставаць у будаўніцтва шпіталяў, дасылаць свае найлепшыя медыцынскія кадры, значная частка з якіх там засталася назаўсёды і стала базай, з якой потым вырасла мясцовая медыцынская школа.

Праблемы ўнутранай лагістыкі вырашаюцца падвешанымі пуцеправодамі і чыгункай

Японцы кіравалі востравам да свайго разгрому ў Другой сусветнай вайне. Пасля 1945-га япанізаваны востраў, дзе ўжо сталі забываць кітайскую мову, зноў аказаўся сам-насам, пакуль на кантыненце ішла барацьба за Кітай.

Ін’екцыю жыцця востраў атрымаў у 1949-м, калі Чан Кайшы эвакуяваў мільёны сваіх прыхільнікаў на Тайвань пасля паразы Гаміньдана ад камуністаў. 

На востраве ўзнікла паралельная кітайская цывілізацыя, варожая ідэям камунізму. Пазней з яе вырасла дэмакратыя.

На востраве мала старой традыцыйнай кітайскай архітэктуры, закручаных пагад. Тут мала будавалі такога ў мінулым, а ў японцаў і Чан Кайшы былі свае ўяўленні аб прыгожым. 

Першыя дзесяцігоддзі праўлення Гаміньдана былі крывавымі, і, як і мацерыковы Кітай, народ на Тайвані жыў у атмасферы тэрору. Ён тут называецца «белым тэрорам».

Тайванскае «Акрэсціна», сучасны выгляд — цяпер тут музей таталітарызму і памяці ахвяр рэпрэсій. 

Іншадумства было забаронена, людзей масава катавалі ў тайванскіх «Акрэсціна», некаторыя проста «знікалі». Цяпер у турме — музей таталітарызму і памяці ахвяр рэпрэсій. 

Дырэктар музея правоў чалавека — 74-гадовы Фрэд Чын Хім-сан 12 гадоў быў палітвязнем. 

Дырэктар музея правоў чалавека 74-гадовы Фрэд Чын Хім-сан адседзеў 12 гадоў і расказвае цяпер пра гэта ў зале, дзе яго судзілі.

Тайванскія «губазікаўцы» паміж катаваннямі неяк дазволілі яму выхапіць пісталет. Калі ён рашыўся спыніць пакуты і стрэліў у сябе, то кулі там не аказалася, а «губазікаўцы» рассмяяліся, што гэта акурат тое, да чаго яны і хацелі яго давесці, — выхаду няма. 

Адкруціў гайкі і дазволіў вырасці апазіцыі і свабодным медыя сын Чан Кайшы Цзян Цзінго, які, дарэчы кажучы, быў жанаты з беларускай з-пад Оршы Фаінай Іпацьеўнай Вахравай — на Тайвані яна ўзяла імя Цзян Фанлян. 

Адна з дачок нашай Фаіны і сына Чан Кайшы яшчэ жывая. Хто ведае, якую ролю сыграла беларуская мяккасць жонкі Цзян Цзінго ў наступнай дэмакратызацыі Тайваня? На Тайвані Фаіну любяць, яна свайго роду такая чалавечная тутэйшая прынцэса Дыяна. 

 

Першая лэдзі Кітайскай Рэспублікі Фаіна Вахрава з мужам і дзецьмі. Фота: Wikimedia Commons

Цзян Цзінго адмяніў ваеннае становішча на Тайвані ў 1987 годзе, дазволіў палітычную канкурэнцыю і выбары, стаў адным з пачынальнікаў эканамічнага цуду, які зрабіў з беднага вострава пад пятой дыктатара паспяховую рэспубліку.

У гісторыі поспеху вялікую ролю сыгралі амерыканцы, якія ставілі на Гаміньдан як на апанента камуністам. Як толькі амерыканцы разабраліся з вынішчэннем сацыяльнай базы камунізму ў Японіі і заклалі базу для рынкавай эканомікі, яны ўзяліся за Тайвань.

Калі завезці вас з мехам на галаве ў любое месца мегаполіса на заходнім беразе і зняць яго, то, азірнуўшыся, вы ўбачыце прыкладна аднолькавую карціну вакол сябе. 

Да эканамічных рэформаў на востраве прыклаў руку ўсходнееўрапеец па паходжанні, украінскі яўрэй Вольф Ладзяжынскі, які правярнуў на востраве той жа самы трук, што ў Японіі: дзяржава прымусова выкупіла ў буйных землеўладальнікаў зямлю і прадала яе ў 30-гадовы крэдыт сялянам, забіўшы двух зайцоў:

— гарантаваўшы з’яўленне капіталу ў раней буйных уласнікаў, якія больш не маглі зарабляць на зямлі і вымушаныя былі шукаць іншыя сферы;

— ператварыўшы ўчарашніх батракоў у дробных землеўласнікаў, якія сталі вучыцца жыць з думкай, што яны не рабы, а чымсьці валодаюць, маюць што развіваць.

Амерыканцы шмат інвеставалі ў адукацыю на востраве, дзяліліся праграмамі і адпраўлялі туды свае акадэмічныя кадры. А потым інвеставалі грошы і адкрылі свой рынак. 

Эліта Гаміньдана таксама разумела, што мазгі — ключ да поспеху. Перад вачыма быў і прыклад Японіі, якая імкліва ўляцела ў эру электронікі.

 

Крошкі індустрыі з Японіі даставаліся Тайваню. Але ўласны цуд змог здарыцца толькі тады, калі насельніцтва яшчэ заставалася дастаткова бедным, ягоная праца мала каштавала, але яно ўжо было дастаткова адукаваным, каб рабіць тое, за што па той бок акіяна або ў Еўропе плацілі непараўнальна больш.

На вуліцах Тайбэя. Мясцовыя цэняць нямецкі аўтапрам.

Што тут цяпер? 

Бюджэт Беларусі на адукацыю ў 2023 годзе — 1,64 мільярда беларускіх рублёў. Тайвань апошнім часам выдаткоўвае на адукацыю з бюджэту каля 30 мільярдаў долараў штогод. Веданне гэтай розніцы спросціць разуменне апісанага далей жыцця на востраве.

 

Экспарт Тайваня падбіраецца пад паўтрыльёна (!) долараў за год. 

Багацце вострава абумоўлена яго інтэлектуальнай і прамысловай сілай.

Тайвань займае 60% рынку чыпаў і паўправаднікоў, пры гэтым 90% найбольш сучасных чыпаў вырабляецца на Тайвані, які ні з кім не дзеліцца тэхналогіямі.

Ад гэтых чыпаў залежаць усе высокатэхналагічныя рэчы, якія вырабляюцца на Захадзе. 80% мазгоў «Тэслы» зробленыя на Тайвані, знакаміты «Хаймарс» б’е дакладна ў цэль, таму што мазгі яму зрабілі на Тайвані, айфон працуе, таму што мазгі яму таксама зрабілі на Тайвані. І гэтак далей.

Канечне, чыпы робяць і ў Японіі ці Кітаі, у Штатах. Але галоўны сэнс вайны за чыпы ў іхнім памеры. Тайвань ужо робіць элементы памерам 2 нанаметры, канкурэнты адстаюць у разы, дзясяткі разоў. Цяпер на Тайвані кажуць пра чыпы з элементамі памерам 1 нанаметр — гэта тое, да чаго тайванцы ўжо наблізіліся. 

Taiwan Semiconductor Manufacturing Company (TSMC) — гэта святая карова Тайваня, самы прасунуты вытворца чыпаў у свеце, які кантралюе больш за палову сусветнага рынку. На TSMC не пускаюць журналістаў, афіцыйныя дэлегацыі з ветлівасці водзяць па калідорах, дзе нічога не бачна.

Недзе там, за браніраваным шклом, людзі ў белых халатах ствараюць будучыню. Фота з аднаго з навуковых паркаў, якія тут уяўляюць сабой мільярдныя даследчыя бізнэсы.

 

Бізнэс траціць на навуковыя даследаванні да 20% ад свайго прыбытку, тут інвестуюць у навуку, а не ў лядовыя палацы. 

Супрацоўнікі TSMC на Тайвані — гэта як супрацоўнікі міліцыі ці медыкі. Гэта амаль дзяржслужачыя, гэта паважаныя ў грамадстве людзі.

Ад іх работы шмат у чым залежыць лёс усяго вострава. Адзін TSMC зарабляе больш за 36 мільярдаў долараў чыстага прыбытку — гэта больш за палову ўсяго беларускага ВУП пры Лукашэнку.

ТSMC была заснаваная адразу пасля спынення рэпрэсій і адмены ваеннага становішча на Тайвані. 

Але і іншых вытворцаў тут нямала, TSMC — гэта толькі жамчужына на вяршыні. 

Acer, Asus, Mediatek, HTC і іншыя вытворцы электронікі з мільярднымі прыбыткамі — гэта ўсё тайванскія кампаніі. Аснова эканомікі Тайваня — гэта шматлікія малыя і сярэднія прадпрыемствы.

Пабудаваць паўправадніковы завод патрабуе столькі ж інвестыцый, колькі неабходна на будаўніцтва атамнай станцыі. 

Таксама Тайвань — асноўны пастаўшчык інтэгральных сістэм (іх экспарт — 184 мільярды долараў), асноўныя спажыўцы — Intel, Nvidia, AMD, Apple, Sony і гэтак далей.

Тут моцныя лазерныя тэхналогіі — паўправаднік памерам 2 нанаметры не нарэжаш пілой. 

Работнікам індустрыі паўправаднікоў, дарэчы кажучы, тут забаронена пераходзіць на работу да канкурэнтаў. Глабальна работу мяняць можна, а вось да канкурэнтаў — нельга. Можна ў іншую сферу.

Тайвань пільна беражэ свае сакрэты. За прамысловы шпіянаж тут ад 10 гадоў турмы і страшнае паражэнне ў правах, уключна з адменай пенсіі. 

Кітайцы, якія накралі з усяго свету масу тэхналогій, не могуць зрабіць такія ж чыпы, як тайванцы, хоць і размаўляюць на адной мове, і жывуць побач.

Музейныя экспанаты, да якіх падпускаюць турыстаў, — сучаснае абсталяванне вам тут не пакажуць. 

 

Але ў Кітая тут былі іншыя поспехі, напрыклад, у крадзяжы насення — на Тайвані моцная школа селекцыі раслін і ў цэлым сельская гаспадарка рабатызаваная. Ваду ці ўгнаенні тут будуць падаваць аўтаматычна паводле аналітыкі датчыкаў у глебе. 

 

Залежнасць краін Захаду ад тайванскіх тэхналогій нарадзіла канцэпцыю бяспекі, якая называецца «сіліконавы (крэмніевы) шчыт».

Дабіўшыся таго, што без тайванскай прадукцыі немагчымы выраб сучаснай тэхнікі, патрэбнай найперш Захаду, Тайбэй прымусіў вялікія дэмакратыі абараняць свой суверэнітэт ад экзістэнцыйнай пагрозы — камуністычнага Кітая, які ўжо падпарадкаваў сабе Ганконг з Макаа і мроіць пра Тайвань. 

Імкненне Тайваня да прызнанай светам незалежнасці — выклік для Пекіна. 

Недзе ў сельскай мясцовасці на ўсходнім маланаселеным беразе вострава. 

 

Тайвань не хоча дзяліцца сваімі тэхналогіямі з Захадам, разумеючы, што гэта размывае ягоны сіліконавы шчыт.

Існуюць планы будаваць завод па вырабе паўправаднікоў у Арызоне на выпадак вайны і знішчэння заводаў на Тайвані. Будаўніцтва ўжо ідзе, але незразумела, якія менавіта тэхналогіі Тайвань туды перадасць. Гэты працэс зацягваецца.

На тайбэйскай Зыбіцкай. Толькі сутуліцца кепска, але вы выпіце столькі ж і паспрабуйце стаяць роўна ў 3 гадзіны ночы. 

Цяпер вядзецца гаворка пра тое, што ў Арызоне будуць толькі вырошчваць крэмніевыя крышталі, а вось апрацоўваць — усё роўна на Тайвані. 

Сёння амерыканцы трымаюць каля вострава войскі, перадаюць Тайваню зброю стрымлівання і публічна абяцаюць абараняць яго ў выпадку вайны.

Аддаць Тайвань — азначае аддаць кантроль над перадавымі тэхналогіямі дэмакратычнага свету ў рукі пачварнай камуністычнай дыктатуры.

Дыктатар Кітая Сі Цзіньпін, у сваю чаргу, публічна заяўляе аб неабходнасці «ўз’яднання Кітая» і чыніць ваенныя правакацыі вакол вострава, адпраўляючы баявыя караблі, самалёты і нават ракеты ў бок Тайваня.

Асноўны транспартны сродак у мегаполісе — скутары. 

 

Ці зможа Кітай захапіць Тайвань у выпадку вайны?

Атакаваць Тайвань, як Украіну, знянацку танкавымі калонамі не ўдасца. Дзяржавы раздзяляе праліў шырынёй 150 кіламетраў. 

Сакрэт абароны Тайваня вельмі просты — на гэтым востраве мала шырокіх пляжаў, усяго 14. На самых шырокіх з іх нельга высадзіць больш за батальён салдат. Каля чатырнаццаці батальёнаў — гэта максімум, які можа трапіць з вады на замініраваны пясок. 

Заходняя частка вострава раўнінная, далей на ўсход пачынаюцца горы. 

 

Тайвань атрымлівае вайсковую дапамогу ад ЗША, а таксама мае сваё моцнае войска і ракетную праграму. У Тайваня ёсць ракеты, здольныя далятаць да Пекіна. Пры патрэбе краіна гатовая мабілізаваць 12 мільёнаў чалавек. Вядома, не ўсіх на фронт. 

Зоны паражэння тайванскіх ракет. Краіна, дарэчы кажучы, не спадзяваецца на Starlink Ілана Маска, а мае ўласную касмічную і спадарожнікавую праграмы. 

А ўкраінская перадавая ракета «Няптун», якая адправіла флагман Чарнаморскага флоту на знакаміты адрас, для Тайваня — пройдзеная гісторыя. Іх антыкарабельныя ракеты лепшыя і больш сучасныя.

Метро Тайбэя. Здавалася б, краіна перадавых тэхналогій, але па інфарматызацыі тут сітуацыя горшая, чым у Мінску: расплаціцца карткай на ўваходзе немагчыма. Трэба зняць грошы, а потым за кэш купіць жэтон. Беларускім айцішнікам ёсць куды прадаць свае рашэнні. 

 

Тайвань будуе дзясяткі тысяч марскіх дронаў, якія павінны не даць кітайскаму флоту наблізіцца да берагоў і высадзіць дэсант. 

Але, канечне, сілы няроўныя хаця б з пазіцыі таго, што Тайвань — гэта востраў, які можа быць узяты ў аблогу, адрэзаны ад свету, нават без непасрэднага ўварвання. 

Таму, як кажуць тыя мясцовыя вайсковыя аналітыкі, з якімі ўдалося пагаварыць, галоўная задача — пратрымацца да падыходу саюзнікаў. Пад саюзнікамі разумеюцца не толькі амерыканцы. Іншыя саюзнікі Тайваня і ЗША ў рэгіёне — гэта Японія, Паўднёвая Карэя, Філіпіны і Аўстралія. 

Вайна ў тым рэгіёне ўдарыла б па свеце глабальна. Больш значна, чым нават адчуваецца вайна ва Украіне, якую некаторыя краіны ўвогуле імкнуцца не заўважаць.

Рэч у тым, што цераз Тайванскі праліў, дзе ў выпадку чаго будзе палыхаць, праходзіць 80% сусветнага марскога кантэйнернага гандлю.

Артэрыя сусветнага марскога гандлю. Плывучы ад кантынента да кантынента, караблі праходзяць цераз вузкі спакойны Тайванскі праліў. 

 

Ці гатовыя тайванцы ваяваць? На ўзроўні рыторыкі — гатовыя.

Кіроўная партыя імкнецца да незалежнасці. Дэ-факта Тайвань — незалежная дзяржава са сваімі пашпартамі, органамі ўлады, войскам. Але дэ-юрэ яго незалежнасць прызнае мала краін свету, у асноўным астраўныя і афрыканскія дзяржавы, якія робяць гэта найперш у абмен на фінансавую падтрымку. 

Цікава, што Гаміньдан, які ваяваў з камуністамі, цяпер, як лічыцца, падтрымліваецца Камуністычнай партыяй Кітая, таму што Пекіну выгадная палітычная праграма Гаміньдана — уз'яднанне і існаванне аднаго Кітая.

Пад уладай дэмакратаў, канечне, але гэты пункт не хвалюе Пекін, ён смяецца з гэтага пункту.

Прыклад Украіны натхняе тайванцаў у тым сэнсе, што наяўнасць у ворага вялікай і грознай арміі — не гарантыя перамогі, калі народ гатовы паміраць за Радзіму.

Тусоўка моладзі недзе далёка ад цэнтра Тайбэя. 

«Мы бачым, як яны пасылаюць ракеты ў бок вострава. Ні я, ні мае знаёмыя не ігнаруем гэтай пагрозы, але мы і не дазваляем Кітаю ўплываць на наша жыццё. Будаўнічы рынак не ўпаў, спажыванне на востраве не ўпала. Людзі працягваюць жыць, хтосьці вучыцца на вайсковых курсах і курсах першай дапамогі. Мы ўпэўненыя, што маем дастаткова сіл і стрымальнай зброі, каб у Сі Цзіньпіна не было ніякай упэўненасці ў тым, чым скончыцца яго авантура. Пуцін быў упэўнены на 100%, што пераможа, і дзе ён цяпер і ягоная краіна? Сі не можа быць упэўнены нават на 50%, што ў яго нешта атрымаецца. Але можа быць, з другога боку, на 100% упэўненым, што нічога добрага ягонаму лёсу правал не прынясе. Я думаю, камуністы і далей будуць маляваць з Тайваня кепскіх хлопцаў, але на вайну не наважацца», — за півам сказаў мне шведскі прадпрымальнік Эліяс Эк, які ўжо 20 гадоў жыве на востраве.

«Калі я еду за мяжу, я кажу, што я тайванка, і не кажу, што я кітаянка», — сказала дзяўчына 23 гадоў у краме. 

 

«Украінцы паказалі ўзор мужнасці, мы ўсе сочым за тым, як яны ўжо адкінулі Расію і наступаюць», — сказаў мясцовы хлопец 25 гадоў у бары. А такім, як ён, першым і паміраць калі што.

У чым прычына поспеху Тайваня? 

Многія задаюцца пытаннем: як за сорак гадоў на невялікім востраве з беднай дыктатуры вырасла перадавое грамадства і эканоміка, якая рухае свет наперад. 

Эканамісты і сацыёлагі разважаюць, шукаюць сакрэт поспеху, спрачаюцца. І я таксама на гэтае пытанне не адкажу.

Тайбэй, сталіца Тайваня, уначы.

 

На Тайвані дзіўным чынам сутыкнуліся і змяшаліся заходні крэатыў з азіяцкай працаздольнасцю, афінскія палітычныя каштоўнасці з кітайскай дысцыплінаванасцю. 

З аднаго боку, глядзіш на паверхню іхняга жыцця: будынкі, інфраструктуру, эканоміку, сферу паслуг — і здаецца, што месцамі тут ну большы Захад, чым на Захадзе. Але калі паглыбіцца ў грамадства, то тут захоўваецца шмат такога канфуцыянскага: бацькі ўсё яшчэ маюць вялікі ўплыў на рашэнні дзяцей: з кім будзеш жаніцца, куды пойдзеш працаваць.

Будысцкі храм у Тайбэі. Карціна ў цэлым як у кафедральным саборы Мінска на ранішняй службе — 90% пенсіянераў, пару цікаўных турыстаў. 

 

«У гэтым грамадстве, у адрозненне ад шведскага, напрыклад, прынята так, што дзеці жывуць з бацькамі да моманту шлюбу. Што гэта азначае? Што пакуль ты жывеш з бацькамі, ты накормлены, апрануты, табе не трэба плаціць за кватэру, твае патрэбы ў заробку ніжэйшыя, чым у шведа, які пайшоў з сям’і ў 18. Гэта азначае, што я магу набіраць за тысячу долараў двухмоўных маладых спецыялістаў з бліскучай тэхнічнай адукацыяй, якія разбіраюцца лепш за мяне. Вось у чым тут сэнс, вось чаму я раблю тут бізнэс», — сказаў мне швед Эліяс Эк.

Швед, дарэчы, узначальвае на востраве кансультацыйную раду для дапамогі заходнім бізнэсменам, яму можна пісаць у LinkedIn — Elias Ek. Ён аўтар кнігі «How to start a business in Taiwan?». 

Культура, кнігі, фільмы — тут гэта не падмята Галівудам, тут свае зоркі, свае інфлюэнсеры.

Вароты аднаго з папулярных тут начных рынкаў. 

Забаўна, але ў разгар кавіду Лукашэнку б на Тайвані аштрафавалі на 100 тысяч долараў — такі штраф быў за дэзынфармацыю адносна хваробы. 

Тайвань не дапусціў ні «спынення эканомікі», ні катастрафічнай смяротнасці і лічыцца ўзорам у змаганні з каранавірусам. Там медыкам аддалі ўладу над усімі сферамі эканомікі ў частцы таго, што крызісны вірусны цэнтр мог прымаць абавязковыя да выканання рашэнні ў залежнасці ад сітуацыі ў канкрэтных рэгіёнах ці калектывах.

Лагічны выбар ураджэнца краіны без мора ў тайванскім рэстаране самаабслугоўвання. 

Медыкам далі доступ да баз аб перасячэнні мяжы, каб выяўляць тых, хто прыбыў з небяспечных рэгіёнаў. Хутка на аўтаматычны каранцін сталі адпраўляць усіх, хто вярнуўся на востраў.

Вытворчасць перапрафілявалі на выраб неабходных медыцынскіх тавараў. Тайвань стаў вырабляць 13 мільёнаў масак за суткі.

За цэлага смажанага кальмара або за шчупальца васьмінога на начным рынку просяць 5 еўра ў эквіваленце. 

Ну і вялікае значэнне мела шырокая інфармацыйная кампанія, штодзённыя справаздачы аб небяспецы і актуальнай смяротнасці.

За час пандэміі на 23-мільённым, шчыльна заселеным Тайвані загінула 18 тысяч чалавек — у пяць разоў меней, чым у 9-мільённай Беларусі

Прадпрыемствы не спынялі, падзенне ВУП было меншым, чым у іншых развітых эканоміках, якія абралі палітыку лакдаўну.

Дзіка папулярная забава сярод мясцовай моладзі — гуляць у аўтаматы з шарыкамі, але не на грошы, а на плюшавыя падарункі. Папулярныя і аўтаматы з маніпулятарам, які дастае цацкі. Але выглядае гэта ўсё як адмыванне грошай. Можа, памыляюся. 

 

Нягледзячы на поспехі ў эканоміцы і падыходы да арганізацыі грамадства, краіна, вядома, за кароткі ў гістарычным маштабе час не можа вырашыць усе праблемы, якія назапасіліся за стагоддзі гісторыі не ў самым паспяховым рэгіёне планеты.

Прастытутка-трансвестыт на вуліцы Тайбэя. Напэўна, у сумцы побач усё неабходнае, каб у разе чаго заехаць у ІЧУ. Прастытуцыя тут забароненая. 

На Тайвані таксама ёсць бедныя, таксама ёсць людзі, міма якіх прайшла чыпавая рэвалюцыя і якія не маюць ніякага дачынення да высокіх тэхналогій. Яны са сваіх халуп з зайздрасцю глядзяць угару, на агеньчыкі таго свету, які пабудавалі іх разумнейшыя суайчыннікі.

Ілюстрацыя аднаго з не самых багатых раёнаў Тайбэя. 

 

Пры гэтым мінімальны заробак наёмнага работніка на Тайвані — 856 долараў. 

Тайванскія бацькі разумеюць, што пуцёўка ў жыццё для дзіцяці — гэта адукацыя.

Як у Беларусі, калі мама з татам штурхаюць сваіх дзяцей у ІТ, мяркуючы, што гэта іх шанец вырвацца ў людзі, дакрануцца да грошай, убачыць свет.

Вулічная кухня. Хто кепска вучыцца ў школе і ўніверсітэце, той трапляе сюды. 

 

На Тайвані гэта прымае экстрэмальныя формы: дзіця не вылазіць з дадатковых заняткаў, рэпетытараў, для яго шукаюць магчымасці трапіць на вучобу ў ЗША яшчэ на ўзроўні школы.

Грамадства тут адкрытае і бяспечнае. І Тайвань, і яго сталіца Тайбэй гадамі не пакідаюць топ-3 самых бяспечных краін і гарадоў свету. Тайвань больш бяспечны, чым, дапусцім, Нарвегія ці Швейцарыя. Канечне, на практыцы розніцы няма, але рэйтынг ёсць рэйтынг. 

Мясцовая гарэлка каўлян на начным рынку — 58 градусаў. Мясцовыя чырванеюць і п'янеюць нашмат хутчэй за еўрапейцаў. 

 

Адкрытасці грамадства спрыяе варожы Кітай, які гуляе ўжо ў больш тонкія прапагандысцкія гульні, чым на гэта здольная нават Расія. Кожны дзень з’яўляюцца прапагандысцкія ўкіды, хлусня, фэйкі і маніпуляцыі, на якія тайванскім чыноўнікам даводзіцца рэагаваць абвяржэннямі і каментарыямі.

 

Як тонка працуе прапаганда Кітая ў дачыненні да Тайваня, можна ўбачыць нават у беларускіх медыя. Літаральна днямі Onliner.by апублікаваў фантастычна-драматычную гісторыю беларуса Яраслава пра жыццё на Тайвані.

Скрыншот з сайта «Анлайнера». 

 

Паводле легенды, так званы Яраслаў не знайшоў працы ў Беларусі пасля каледжа, а англійская мова яму «не далася», і таму ён пайшоў у Інстытут Канфуцыя (аналаг Дома Масквы ў Мінску, толькі кітайскі — Рэд.), дзе вывучыў кітайскую мову, якая яму далася.

Потым на другой жа сустрэчы ў Расіі ён ажаніўся з тайванкай і ў выніку паехаў жыць на востраў, дзе сутыкнуўся з тым, што па вуліцах ходзяць пацукі, людзі жывуць у трушчобах, а моладзь выганяе бацькоў з дому, і тыя вымушаныя хадзіць сярод каналізацыйнага смуроду па вуліцы і выпрошваць у мінакоў бутэльку вады. 

Тайбэйская Каменная Горка. 

А калі не так паглядзець на чужую машыну «ў адным горадзе», то з яе выйдзе гангстар і пачне па табе шмаляць, ананімна кажа аўтар жахлівага аповеду. 

Ці існуе ў рэальнасці гэты Яраслаў — невядома. Нешматлікія беларусы і ўкраінцы, якія жывуць на востраве гадамі, расказаныя ў матэрыяле «Анлайнера» жахі ўспрымаюць з іроніяй. Такая вось забаўная гісторыя з пекінскімі вушамі.

Што за ежа ў талерцы — сказаць складана. Пахне як попельніца, але на смак не так і блага. Кулінарны твор вулічных кухараў. Атруціцца насамрэч немагчыма нават у самай паганай з выгляду забягалаўцы. Прадукты нармальныя. А самая шакавальная экзотыка — смажаная кобра. 

«Гарачае лета і вільготная зіма — гэта мінусы жыцця тут, але за гады звыкаеш. Таму галоўны мінус, як па мне, што яны тут ездзяць як мудакі», — даў свой водгук жыццю на Тайвані адзін з беларусаў, якога я сустрэў тут.

 

Беларусы тут, як і большасць мігрантаў з Захаду, займаюцца інтэлектуальнай работай. Даследчыкі, праграмісты, інжынеры ў навуковых цэнтрах ці камерцыйных кампаніях.

Ці ёсць сэнс адкрываць для сябе гэты рэгіён?

Справа — карамелізаваны свіны кіндзюк. Калі б даць гэта пакаштаваць вашаму дзеду, ён бы не пазнаў у гэтым традыцыйны для Беларусі прадукт. Прадаецца на начных рынках. Есці можна. 

Калі вы настроеныя рабіць тэхналагічны бізнэс або набрацца досведу ў перадавых кампаніях — то адназначна. З гэтым усё ў парадку.

На Тайвані моцныя банкі, невялікія працэнтныя стаўкі, прымальныя падаткі на прыбытак, па некаторых катэгорыях тавараў — бязмытны доступ на рынкі ЗША і ЕС.

Атрымаць візу і дазвол на жыхарства адносна нескладана, калі вы інтэлектуальны работнік або прадпрымальнік. 

Белы хлеб на Тайвані, у пераліку цана троху большая за долар. 

На Тайвані замежнікам можна валодаць 100% кампаніі, у адрозненне ад некаторых суседніх краін, дзе ты абавязаны браць у склад акцыянераў мясцовых грамадзян.

Цяпер на супрацоўніцтва з Тайванем робіць стаўку Літва, праз што пасварылася з Кітаем, адкрыўшы ў сябе прадстаўніцтва Тайваня.

Адміністрацыйны цэнтр Тайбэя побач з маўзалеем Чан Кайшы. 

У адказ на гэты жэст Тайвань абяцае Літве інвестыцыі і тэхналогіі, сумесныя прадпрыемствы сапраўды адкрываюцца. Праўда, самых сучасных тэхналогій Тайвань не дае нікому, але і тое, што дае, — ужо нямала. 

Тайвань — гэта тая краіна Азіі, дзе можна пачаць дзейнічаць з веданнем толькі англійскай мовы, таму што значная частка мясцовых, з якімі вы сутыкняцеся ў дзяржустановах ці на вуліцы, размаўляе па-англійску. Каб паўнавартасна інтэгравацца ў грамадства, канечне, трэба вывучыць кітайскую. 

«Я карэнная» напісана на майцы. Прадстаўнікі абарыгенных народаў Тайваня падкрэсліваюць сваё паходжанне. 

Арэнда жылля ў Тайбэі можа сягаць як празмерных тысяч долараў, так і сціплых 250 — усё залежыць ад месца, як паўсюль. Цэнтр Тайбэя дарагі, але еўрапейцы здымаюць кватэры па гуманных цэнах, паміж мінскімі і варшаўскімі.

Тут танная ежа, дома ў прынцыпе рэдка гатуюць, бо патрэбу можна закрыць за сімвалічныя адносна еўрапейскіх паняццяў грошы на вуліцы. Камуналка за кошт ядзернай энергетыкі меншая, чым у еўрапейскіх краінах зімой.

Фота зроблена а 5-й раніцы. А палове на шостую гэтыя харчэўні ўжо павінны выдаваць масу свежай гатовай ежы, таму што ў гэты час многія тайванцы, пачаўшы свой дзень, заходзяць паснедаць. 

Беларусы таксама могуць карыстацца адукацыйнымі магчымасцямі Тайваня. Прадстаўнікі бізнэсу могуць падацца на семінары абмену досведам, патэнцыйныя студэнты — на стыпендыі на навучанне на тэхнічных спецыяльнасцях. 

Для гэтага можна вывучыць прапановы ICDF або звярнуцца ў прадстаўніцтва Тайваня ў Вільні на мэйл [email protected] і даведацца аб магчымасцях. З камерцыйнымі прапановамі таксама можна звяртацца ў прадстаўніцтва.

Дарэчы кажучы, выпала магчымасць сустрэцца з міністрам замежных спраў Тайваня Джозэфам У. Спытаў яго, як Тайвань ставіцца да Аляксандра Лукашэнкі, з аднаго боку, і да Святланы Ціханоўскай — з іншага. Той адказаў, што Тайвань дапамагаў Літве ў адбіцці мігранцкай атакі.

Падарыў міністру У бела-чырвона-белую пляцёнку, патлумачыўшы каштоўнасць нацыянальных колераў для беларусаў. Паслухаўшы, міністр надзеў яе і сфатаграфаваўся. Фота трапіла ў падборку тайванскага МЗС. 

 

«Літоўскія сябры прыйшлі да нас і расказалі, што Беларусь выкарыстоўвае бежанцаў як зброю, каб атакаваць літоўскую граніцу. Яны папрасілі нас гэта зразумець і забяспечыць якую-небудзь па магчымасці дапамогу. Мы сказалі ім «так», — сказаў міністр У. 

«І другое, пасля пачатку захопніцкай вайны Беларусь стаіць вельмі блізка з Расіяй. Мы асуджаем Расію, мы асуджаем развязаную ёй вайну, мы не можам дазволіць, каб Расія атрымлівала нейкія тэхналагічныя рэчы з Тайваня, якія дапамогуць ёй весці гэтую вайну, удасканальваць сваю зброю і атакаваць Украіну. Беларусь у гэтым жа шэрагу. Таму мы не маем з гэтымі краінамі ніякіх сувязяў. Нягледзячы на гэта, мы разумеем, што Лукашэнка разам з Пуціным падаўляе грамадства і свабоду ў Беларусі. І мы былі б радыя мець шанец спрычыніцца да павароту сітуацыі ў Беларусі разам з тымі, хто змагаецца за яе свабоду», — дадаў ён.

Ніякіх адносін з Офісам Ціханоўскай яны на гэты момант не падтрымліваюць.

Тыповая вуліца мегаполіса. Скончыцца яна кіламетраў праз 30. 

І забаўная гісторыя на канец рэпартажа-замалёўкі. Летась на Тайвані сабралі рэкордную колькасць падаткаў, і партыя Гаміньдан выкарыстала гэта супраць цяперашніх уладаў, падаўшы рэкордны збор як рабаванне народа — бюджэту прыйшлося вяртаць частку назад.

Ці дорага злётаць на Тайвань? Не, за 12 тысяч кіламетраў нядорага. Ахвотныя ўбачыць востраў на свае вочы могуць скарыстацца сэрвісам SecretFlying.com — цана на квіткі з Еўропы пачынаецца з 290 еўра туды-назад. Выбірайце ў пошуку from: Mainland Europe, to: Taiwan. 

Прыклад вынікаў пошуку.

Пытанні адносна тэксту і не толькі аўтару можна пісаць на мэйл [email protected]

Клас
109
Панылы сорам
6
Ха-ха
11
Ого
10
Сумна
24
Абуральна
33

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?