У часе ваенных дзеяньняў у Грузіі, паводле апошніх зьвестак, загінула 215 грамадзянаў краіны, зь іх 69 мірных жыхароў. Паранена 1469 чалавек, зь іх 446 працягваюць знаходзіцца ў больніцах. 70 вайскоўцаў лічыцца зьніклымі бязь вестак, да іх ліку належаць 9 нябожчыкаў, распазнаць якіх не ўдалося. Гэтыя дадзеныя перадаў журналістам старшыня камітэту парлямэнту Грузіі па пытаньнях абароны і бяьпекі Гіві Таргамадзэ. Зь ягоных словаў, колькасьць зьніклых бязь вестак сярод мірнага насельніцтва Грузіі ўстанавіць пакуль не ўдалося.

Расея апублікавала толькі зьвесткі па стратах сярод сваіх вайскоўцаў. «У зоне канфлікту з Грузіяй» 74 вайскоўцы былі забітыя, 171 — паранены, 19 чалавек прапалі бязь вестак. Такія лічбы падаў у мінулую сераду на брыфінгу намесьнік начальніка Генштабу Расеі Анатоль Нагавіцын. Колькасьць ахвяраў сярод асяцінскіх, чачэнскіх і казачых баявых фармаваньняў, што бралі ўдзел у баях, невядомая, як і дакладная колькасьць ахвяраў сярод мірнага насельніцтва ў Цхінвалі. Апошняя лічба, як цьвердзяць расейскія крыніцы, вялікая. Паводле інфармацыі МНС Расеі, у горадзе былі пашкоджаны 20 % будынкаў, палова зь іх не падлягае адбудове.

Грузія таксама наракае на вялікую матэрыяльную шкоду: расейскія войскі плянамерна разбурылі ўсю вайсковую інфраструктуру ў зоне акупацыі, пад бамбёжкамі былі разбураныя асобныя жылыя будынкі, узарваны мост на адзінай чыгуначнай магістралі, што злучае ўсход і захад краіны.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?