Расійская актрыса Юлія Высоцкая дала інтэрв'ю праекту «Скажи Гордеевой». У ім яна пракаментавала сітуацыю ў Купалаўскім тэатры. Глядзець ад 40:19.
На рэпліку, што тэатр, у якім калісьці служыла Высоцкая, сышоў у адстаўку падчас пратэстаў, актрыса адзначыла:
— Я нават не разумею, як маглі застацца тыя, хто там засталіся. Вось гэтага не разумею. Тое, што яны сышлі, я ў гэтым не сумнявалася ні секунды. Калі я бачыла нядаўна адну дзяўчыну — яна вучылася на два гады старэйшай за мяне — і яна рыдала, прызнаючы памылку сваіх калегаў, якія сышлі, вось гэта для мяне дзіўна. Гэта праўда дзіўна.
— Бывае страшна казаць услых сваю пазіцыю. Асабліва артысту, — парыравала журналіст.
— Безумоўна. Мне здаецца, тады лепш маўчаць. Гэта неяк высакародней.
Юлія Высоцкая таксама выказала вялізнае захапленне беларусамі і іх паводзінамі падчас пратэстаў 2020-га.
48-гадовая Юлія Высоцкая — вядомая акцёрка. Сярод іншага, яна знялася ў фільме «Дарагія таварышы». Сваю акцёрскую кар'еру яна пачала ў Тэатры імя Янкі Купалы.