Ты можаш уявіць сабе беларускае кіно без стужак пра Другую сусветную? Калі не, то глядзі наш Топ-10 фільмаў 1920–1930-х гадоў і натхняйся. Беларусы ўмелі кляпаць моднае кіно, міксаваць жанры, нараджаць трэнды і несці моцны пасыл з экранаў даваенных аймаксаў. Сэкс, алкаголь, фемінізм, бунт, даўншыфтынг ды іншы духоўны мерч — гэта толькі частка таго, пра што здымалі кіно ў Беларусі ў першай палове мінулага стагоддзя.

«Прастытутка»

(«Забітая жыццём»)

1926 год, нямы

Рэжысёр: Осіп Фрэліх

Працягласць: 77 хвілін

Дзе знайсці: архіў Музея кіно/торэнты

Менавіта гэтая карціна — першы беларускі фільм. Выйшла яна пазней за «Лясную быль» Тарыча, але чыста тэхнічна вытворчасць «Прастытуткі» пачалася ранней — самая старажытная прафесія была першай крыніцай натхнення айчынных, чытай габрэйскіх, рэжысёраў. Сюжэт уяўляе з сябе нямы псіхалагічны квэст з крэнам у цяжкае жыццё кінутых жанчын, з вымушаным выхадам на панель, венерычнымі хваробамі ды іншымі вынікамі выпадковых сувязяў.

Па сутнасці, выдатны доказ таго, што сэкс у СССР здараўся не толькі па святах і быў нармалёвай штодзённай справай.

Адразу пасля выхаду «Прастытутка» атрымала статус культавага кіно. Вострая і актуальная тэма, добрыя касавыя зборы, катэгарычная нянавісць журналістаў разам з маралістамі — прысутнічалі ўсе элементы небяспечнага мувіка. Карацей, глядзець трэба адназначна, прычым не толькі дзеля асветы, але і каб адчуць, што Менск — сапраўдны City of Sex. Нягледзячы на тое, што згодна з сюжэтам дзеянне адбываецца пад Масквой.

«Кастусь Каліноўскі»

1927 год, нямы

Рэжысёр: Уладзімір Гардзін

Працягласць: 40 хвілін

Дзе знайсці: архіў Музея YouTube/торэнты

У беларускай гісторыі герояў дастаткова, але тых, каго можна ператварыць у сапраўдны адказ капіталістычнаму Лінкальну, які палюе на вампіраў, не так шмат. Забудзь пра тое, што напісана ў падручніках, — стваральнікі фільма памахалі ручкай гістарычнай адпаведнасці, пакінулі толькі асноўныя падзеі, далей ідзе фэнтэзі.

Калі б фільм выйшаў цяпер, яго смела можна было б называць «К значыць Кастусь», бо Каліноўскі тут паўстае ў вобразе ці то Робіна Гуда, ці то Гая Фокса без маскі, апантаны ідэяй паўстання і абаронай простага народу. Размахваючы шпагай направа і налева, ён бязлітасна б’ецца з салдатамі, робіць мноства трукаў, скача на конях і актыўна адвэртайзіць беларускі нацыянальны касцюм. Увогуле, толькі коміксаў па матывах не хапае, а так перад намі ўсе прыкметы самага стыльнага беларускага баевіка таго часу — эпічнага, відовішчнага і пафаснага.

«Суд павінен працягвацца»

(«Парад дабрачыннасці»)

1931 год, нямы

Рэжысёр: Яфім Дзіган

Працягласць: 33 хвіліны

Дзе знайсці: Фільм захоўваецца ў расейскіх архівах, у бліжэйшыя пару гадоў павінен з’явіцца ў Музеі кіно праз праграму вяртання страчаных стужак на радзіму.

Фільм заснаваны на рэальных падзеях, а дакладней на газетнай нататцы. Маладую лабарантку электразавода Алену гвалцяць пяцёра хуліганаў, за што хлопцам свеціць або пажыццёвае, або найвышэйшая мера. Пакуль ім выносяць прысуд, Алену выганяе з хаты муж, змушаючы галоўную гераіню блукаць па вуліцах, дзе яе дамагаецца кожны мужык, які з’яўляецца на экране.

У выніку хуліганаў прысуджаюць да расстрэлу, але пакрыўджаная Алена не задаволеная — яна хоча бачыць на лаве падсудных усіх бравых камсамольцаў, рабочых і сялян, якія зняважылі яе годнасць.

Гэта дабротная беларуская балабанаўшчына, дзе перад гледачом паўстае гэткая абстрактная Беларусь без каларыту. Тут усе мужыкі казлы, а фарбы згушчаюцца настолькі, што і да нуара недалёка. Акрамя таго, фільм далікатна кранае тэму гендару: сяброўства паміж мужчынам і жанчынай — гэта міф. Ёсць толькі секс і палавая няроўнасць.

Далей чытайце па гэтай спасылцы.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?