Крытыкі параўноўваюць гэтую кінастужку з іншай быкаўскай экранізацыяй «Узыходжанне» па аповесці «Сотнікаў», якая была знятая ў савецкія часы рэжысёрам Ларысай Шапіцькай і атрымала ўзнагароды многіх прэстыжных міжнародных кінафестываляў.

Neues Deutschland піша, што асновай для фільма Лазніцы стала распаведзеная Быкавым гісторыя віны, невінаватасці і смерці ў беларускіх лясах падчас Другой сусветнай вайны.

«Быкаў пісаў пра тое, што ён бачыў нібыта праз павелічальнае шкло. Пра пакуты і ахвяры беларускага цывільнага насельніцтва на той вайне і пра асноўныя экзістэнцыйныя пытанні на мінным поле ваенных франтоў паміж нямецкімі акупантамі і мясцовымі калабарантамі, паміж партызанамі і мірнымі жыхарамі».

Гэта, напрыклад, расповед пра калабарантаў, якія пайшлі на дамову з д’яблам, каб выратаваць уласнае жыццё. І яны потым здзяйсняюць акт садызму супраць сваіх суайчыннікаў… Або пра партызанаў, якія рызыкуюць жыццём і здароўем, каб вызваліць сваю краіну ад акупантаў, і якія не пазбаўленыя карыслівых эгаістычных думак. Або пра рабочых ды калгаснікаў, які ў жаданні проста выжыць, як правіла, гінуць у першую чаргу.

У свой час ваенная проза Быкава натхніла і Ларысу Шапіцьку. Фільм «Узыходжанне» прынёс ёй «Залатога медзведзя» на Берлінале-77.

Шапіцька абрала форму класічных савецкіх прапагандысцкіх фільмаў і зрабіла ў ёй пераварот. Лазніца гэтак жа ідзе ад класічнай экранізацыі, аднак форма, у якой ён ставіць пытанні адносна маральных прынцыпаў гісторыі, — па-над часам.

Герой фільма — пуцявы абходчык. Спачатку яго як падрыўніка збіраюцца забіць немцы. А потым партызаны хочуць забіць яго як здрадніка. Аднак герой адмаўляецца ад любога супрацоўніцтва і, нягеледзячы ні на што, застаецца прыстойным чалавекам. Для часоў вайны — гэта занадта склданая ісціна.

У іншай рэцэнзіі, якая змешчаная на старонках выдання Die Welt, аўтар піша: «Народжаны ў 1964 ў сучаснай Беларусі рэжысэр Сяргей Лазніца разам з апэратарам Алегам Муту ізноў дэманструюць кінамову без кропкі і коскі, якая адначасна пераўтвараецца ў вельмі сучасную.

Спосаб кінааповеду, чаргаваньне планаў, пастаноўка сцэнаў — усё грунтуецца на школе Уэлса, Гадара, Таркоўскага».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?