22 верасня ў Беларусі пройдзе міжнародная штогадовая акцыя «Дзень без аўтамабіля».

Як паведаміла прэс-сакратар Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Вольга Панцялеева, мэта акцыі — звярнуць увагу насельніцтва на якасць атмасфернага паветра, на неабходнасць абмежаваць карыстанне асабістым транспартам. Мінпрыроды заклікае 22 верасня адмовіцца ад выкарыстання асабістых аўтамабіляў і пры неабходнасці перамяшчацца на грамадскім транспарце.

Панцялеева зазначыла, што аўтатранспарт з`яўляецца найбуйнейшым забруджвальнікам навакольнага асяроддзя. Яго доля ў сумарных выкідах забрудняльных рэчываў у атмасферу Беларусі дасягае 72%.
У склад выкідаў уваходзяць такія таксічныя кампаненты, як вокіс вугляроду, вокіс азоту, вуглевадароды, вокіслы серы, злучэнні цяжкіх металаў. Некаторыя з гэтых рэчываў, напрыклад цяжкія металы і асобныя хлорарганічныя злучэнні, стойкія арганічныя забруджвальнікі, назапашваюцца ў прыродным асяроддзі і ўяўляюць сур`ёзную пагрозу як для экалогіі, гэтак і для здароўя людзей.
Як зазначыла прэс-сакратар, акцыя «Дзень без аўтамабіля» ўпершыню прайшла ў 1997 годзе ў французскім горадзе Ла-Рашэль, затым да яе далучыліся іншыя краіны Еўропы. Беларусь бярэ ўдзел у акцыі з 2008 года.
Толькі за адзін дзень правядзення акцыі ў краіне прадухіляецца выкід у паветра як мінімум 250 тон забрудняльных рэчываў, сцвярджае прадстаўнік Мінпрыроды.

Паводле яе слоў, летась акцыю падтрымалі ад 13 да 24% насельніцтва ў розных рэгіёнах Беларусі. Колькасць аўтамабіляў на дарогах знізілася ад 8 да 18%. Паводле звестак канцэрна «Белнафтахім», знізіліся аб`ёмы спажытага паліва да ўзроўню таго ж дня тыднем раней, у прыватнасці бензіну — на 12,3%, дызельнага паліва — на 10,4%. Быў прадухілены выкід забрудняльных рэчываў у атмасферу ў аб`ёме прыблізна 300 тон.

Як паведаміла Панцялеева, у дзень акцыі 2011 года ў гарадах Беларусі не было зафіксавана перавышэнняў нарматываў якасці па ўтрыманні ў паветры забрудняльных рэчываў. У Мінску канцэнтрацыі дыаксіду азоту ў раёнах вуліц Судмаліса, Чалюскінцаў і Багдановіча былі ў 2,5–5 разоў, фармальдэгіду — да 2 разоў ніжэй за межава дапушчальныя нарматывы. Утрыманне ў паветры аксіду вугляроду было больш як у 5 разоў ніжэй за межава дапушчальныя нарматывы. У параўнанні з папярэднім днём канцэнтрацыі дыаксіду азоту ў раёне вуліцы Чалюскінцаў панізіліся на 12%, фармальдэгіду ў раёне вуліцы Багдановіча — на 30%.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?