На фота -- кадр з фільма

На фота -- кадр з фільма

Фільм рэжысёра Сяргея Лазніцы «У тумане» ўвайшоў у спіс карцін, якія будуць прэтэндаваць на галоўную ўзнагароду 25-й цырымоніі ўручэння European Film Awards,
паведаміў генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм», сумесна з якой знята кінастужка, Алег Сільвановіч.

Увогуле за ўзнагароду будуць змагацца 47 карцін з 31 еўрапейскай краіны. Намінантаў у розных катэгорыях вызначаць 2 тыс. 700 членаў Еўрапейскай кінаакадэміі.

Спісы намінантаў будуць аб’яўлены 3 лістапада ў час кінафестывалю ў іспанскай Севільі. Галоўная цырымонія адбудзецца 1 снежня на Мальце.

У аснове карціны «У тумане» — твор вядомага беларускага пісьменніка Васіля Быкава. Гэта міжнародны кінапраект, у стварэнні якога, акрамя «Беларусьфільма», удзельнічалі MA.JA.DE Fiction (Германія), кінакампанія «Джы Пі» (Расія), Rija Films (Латвія), Lemming Film (Нідэрланды), а таксама тэлеканал ZDF/ARTE (Германія), Фонд падтрымкі еўрапейскага кіно EURIMAGES. Правы на сусветныя продажы карціны належаць кампаніі Match Factory. Фільм «У тумане» ўжо ўдастоены прэстыжнага прыза журы Міжнароднай федэрацыі кінапрэсы FIPRESCI на 65-м міжнародным кінафестывалі ў Канах, а таксама многіх іншых узнагарод.

Год таму Еўрапейская кінаакадэмія галоўным прызам узнагародзіла псіхалагічную драму аб канцы свету «Меланхолія» Ларса Фон Трыера (Данія — Швецыя — Францыя — Германія).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?