Рашэнне аб аднаўленні льготнага крэдытавання будаўніцтва жылля ў 2012 годзе можа быць прынятае ўжо ў канцы кастрычніка, але разам з істотнымі зменамі ўмоваў крэдытавання.

Рашэнне аб прыпыненні льготнага крэдытавання ў 2012 годзе грамадзян і арганізацый, якія выконваюць функцыю замоўцы па будаўніцтве такіх жылых памяшканняў, змяшчаецца ў пастанове Саўміна ад 27 верасня 2011 года.

— Рашэнне аб аднаўленні льготнага крэдытавання будаўніцтва жылля ў 2012 годзе можа быць прынятае ўжо ў канцы кастрычніка. На наступным тыдні (17–21 кастрычніка) банкі маюць даць інфармацыю пра пачатак аднаўлення крэдытавання. Беларусбанк ужо ўзяў абавязанні па крэдытаванні на 2012–2013 гады ў аб’ёме больш за 6 трыльёнаў рублёў» — паведаміў міністр архітэктуры і будаўніцтва Беларусі Анатоль Нічкасаў.

На канец верасня 2011 года ў Беларусі было ўведзена ў эксплуатацыю 3,923 мільёна кв.м жылля, рэшта крэдытных рэсурсаў на пачатак кастрычніка 2011 склала 3 трыльёна рублёў. З іх 2,5 трыльёна прызначаныя для крэдытавання грамадзян і больш за 700 мільярдаў рублёў — для крэдытавання адпаведнай інфраструктуры.

Аблвыканкам і Мінскім гарвыканкамам падрыхтаваныя адрасныя пералікі жылых дамоў, у якіх фігуруюць паказчыкі кожнага дома, уведзенага ў 2011 годзе. На сёння выпрацаваны дакладны графік тэрмінаў здачы гэтых дамоў і размеркавання рэсурсаў пад іх будаўніцтва.

— Жыллё, якое падлягала крэдытаванню ў 2011 годзе, будзе здадзенае ў эксплуатацыю ў поўным аб’ёме,
 — падкрэсліў міністр.

Да канца 2011 года плануецца ўвесці ў эксплуатацыю 3,8 мільёна кв.метраў жылля за кошт пазасталых крэдытных рэсурсаў. У наступным годзе плануецца ўвод жылля для тых, хто мае патрэбу, з дзяржаўнай падтрымкай у аб’ёме 5 млн кв.метраў.

— Мы шукаем дадатковыя магчымасці для фінансавання жыллёвага будаўніцтва з недзяржаўных крыніц, каб суадносіны льготна-крэдытаванага жылля і жылля, якое ўводзіцца на камерцыйнай аснове або індывідуальным забудоўшчыкам, складалі 50/50, — падкрэсліў Анатоль Нічкасаў.

Льготна-крэдытаванае жыллёвае будаўніцтва — гэта датаваныя сродкі з бюджэту і вялікая нагрузка на эканоміку краіны, растлумачыў міністр. Калі ў 2010 годзе аб’ём уведзенага з дзяржаўнай падтрымкай жылля складаў каля 80%, у 2011 годзе — 75%, то ў 2012 годзе гэтая лічба не павінная перавышаць 50%. Прычым у наступныя гады паказчык уведзенага ў эксплуатацыю льготна-крэдытаванага жылля будзе паступова зніжацца.

Разам з гэтым у Беларусі будзе развівацца будаўніцтва арэнднага жылля. У 2011 годзе Мінскім гарвыканкамам за кошт сродкаў бюджэту будуць пабудаваныя два арэндных жылыя дамы.

— Мы спадзяемся, што гэта дасць імпульс для далейшага развіцця арэнднага сектара ў Беларусі. У Еўропе будуецца да 80% арэнднага жылля. Арэнднае жыллё дазваляе вельмі гнутка выбіраць месца пражывання і працы. Пытанне прыватызацыі або атрымання ва ўласнасць жылля на Захадзе разглядаюцца старанна, маладыя грамадзяне ў асноўным жыллё здымаюць. Мы хочам у Беларусі стварыць такі ж арэндны сектар, як на Захадзе, — падкрэсліў міністр.

Акрамя таго, аблвыканкамамі і Міністэрствам архітэктуры і будаўніцтва Беларусі былі выпрацаваныя новыя падыходы фармавання чэргаў і стварэння спісаў на атрыманне льготнага жылля. Да такіх катэгорыяў грамадзян адносяцца шматдзетныя сем’і (на сёння — 18,1 тыс. сем’яў), сем’і, якія маюць дзяцей-інвалідаў з нараджэння I і II групы (500 сем’яў), грамадзяне, якія атрымалі інваліднасць у сувязі з радыяцыйнымі аварыямі (500 чалавек), грамадзяне, якія пражываюць у жылых памяшканнях, прызнаных непрыдатнымі для пражывання ва ўстаноўленым парадку (2 тысячы чалавек), сем’і, якія пражываюць у інтэрнатах больш за 10 гадоў (48,9 тысячы сем’яў), маладыя спецыялісты па накіраванні (1,6 тысячы чалавек), а таксама малазабяспечаныя сем’і, якія маюць права на льготны крэдыт (47,6 тысячы сем’яў).

У выніку праверак былі выяўленыя каласальныя дыспрапорцыі ў забеспячэнні грамадзян жыллём у гарадах, абласцях і раёнах.
У Беларусі зарэгістравана 833 000 чалавек, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў. У Мінгарвыканкаме ёсць чаргавікі, якія чакаюць будаўніцтва больш за 10 гадоў, а, напрыклад, у некаторых раёнах Віцебскай вобласці жыллё можна атрымаць і за 2 гады.

Дарагія льгатаваныя рэсурсы вылучаліся гэтым групам грамадзянам без якіх-небудзь пэўных крытэраў у першую чаргу. На сёння падрыхтаваныя дапаўненні і змяненні ва Указ прэзідэнта Беларусі № 185 і Указ № 43, закліканыя сфармаваць новую жыллёвую палітыку па выдзяленні льготных крэдытных рэсурсаў на перспектыву.

Крэдытаванне будзе ажыццяўляцца ў аб’ёме не 100, а 90% жыллёвага аб’екта, прычым крэдыты не будуць фіксаваныя. Таксама зменіцца разлік льготнага крэдыту. У адрозненне ад дзейнай сістэмы, калі ўлічваецца ўсё жыллё ва ўласнасці ў членаў сям’і ў населеным пункце, дзе чалавек стаіць на ўліку, прапануецца схема заліку жылля па ўсёй рэспубліцы.

Зыходзячы з таго, што сацыяльна-санітарная норма забеспячэння жыллём у Беларусі ўсталяванае ў памеры 15 кв. метраў, гэтая ж норма ўносіцца і для крэдытавання. Каб абмежаваць прыток насельніцтва ў Мінск і ў сувязі з больш высокімі даходамі мінчан, прапануецца ўсталяваць норму ў 10 кв. м для пастаноўкі на ўлік і 15 кв.метраў для далейшага льготнага крэдытавання.

Захаваюцца пэўныя льготы для жыхароў населеных пунктаў з колькасцю менш за 20 тысяч чалавек. Крэдытаванне будаўніцтва там складзе 20% ад стаўкі рэфінансавання, а таксама захаваецца крэдытаванне для шматдзетных сем’яў пад 1% на 40 гадоў.

260 тыс. з агульнай колькасці чаргавікоў Беларусі трапяць пад новыя ўмовы льготнага крэдытавання.

Тыя грамадзяне, у якіх ужо адкрытая крэдытная лінія на будаўніцтва льготнага жылля, будуць крэдытавацца і ў 2011, і ў наступных гадах без якіх-небудзь істотных зменаў. Паралельна з гэтым выканкамы будуць фармаваць чаргу паводле новых крытэраў пасля прыняцця адпаведнага рашэння ў канцы кастрычніка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?