Прыватная будаўнічая кампанія тры гады атрымлівала буйныя сталічныя дзяржзамовы, выкарыстоўваючы фальшывую ліцэнзію Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва.

Следчым упраўленнем папярэдняга расследавання ГУУС Мінгарвыканкама распачатая крымінальная справа, якая можа выліцца ў буйны скандал для Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва і для сталічнага кіраўніцтва.

У поле зроку праваахоўных органаў трапіла будаўнічая кампанія, якая цягам трох гадоў атрымлівала буйныя дзяржаўныя замовы, выкарыстоўваючы падроблены спецыяльны дазвол на права ажыццяўлення дзейнасці «праектаванне і будаўніцтва будынкаў і збудаванняў 1 і 2 узроўняў адказнасці і правядзенне інжынерных пошукаў для гэтых мэтаў», нібыта выдадзенае Міністэрствам архітэктуры і будаўніцтва Беларусі.

Кампанія выконвала работы для УА «Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт», КУП «УКБ Цэнтральнага раёна г. Мінска», УП «Кінавідэапракат» і іншых арганізацый. Аб’екты здаваліся ў эксплуатацыю, службовыя асобы дзяржарганізацый і кантралюючых структур падпісвалі акты і ніхто нават не падазраваў, што кампанія не мае права весці будаўнічыя работы. Як такое магло адбыцца, цяпер спрабуюць высветліць следчыя. Але ўжо цяпер зразумела, што без надзейнага чыноўніцкага прыкрыцця тут наўрад ці абышлося. Тым больш што ўсе работы выконваліся за кошт бюджэту Мінска.

Пакуль жа ў дачыненні да дырэктара будаўнічай кампаніі распачатая крымінальная справа па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 233 (незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць, спалучаная з атрыманнем прыбытку ў асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэкса Беларусі.

Паводле дадзеных праваахоўных органаў, у выніку заняткаў безліцэнзійнай дзейнасцю дырэктар будаўнічай кампаніі атрымаў прыбытак у памеры 255 млн рублёў.

Цікава, што гэтыя сродкі былі ўзятыя не проста са сталічнага бюджэту, а з тых сродкаў, якія накіроўваліся на выкананне інвестыцыйнай праграмы і, значыць, якія павінныя былі кантралявацца яшчэ больш жорстка.
З якой прычыны і, галоўнае, як гэтыя грошы сышлі налева яшчэ, трэба разабрацца праваахоўным органам.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?