Папа Рымскі Бенедыкт XVI прызначыў арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроці апостальскім нунцыем у Беларусі,паведаміў адказны за СМІ пры сакратарыяце Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі ксёндз Юры Жэгарын.
Раней гэты іерарх займаў пасаду апостальскага нунцыя Грузіі, Арменіі і Азербайджана. Гэтая пасада дыпламатычная. Нунцый - дыпламатычны прадстаўнік Папы Рымскага ў якой-небудзь краіне, з якой у Ватыкана ёсць дыпламатычныя адносіны. Да Гуджэроці ў Беларусі дыппрадстаўніком Ватыкана быў арцыбіскуп Марцін Відавіч - харват па паходжанні.
Цяперашні ватыканскі прадстаўнік - арцыбіскуп Клаўдыё Гуджеэроці - нарадзіўся 7 кастрычніка 1955 года ў італьянскай Вероне. Быў пасвечаны ў сан ў траўні 1982 года. Гуджэроці скончыў факультэт ўсходніх моў пры Венецыянскім дзяржуніверсітэце, а таксама атрымаў ступень магістра навукі святой літургіі пры Папскім літургічным інстытуце святога Анзэльма ў Рыме. У 1985 годзе ён паступіў на служэнне ў Апостальскую сталіцу ў Кангрэгацыю па справах усходніх цэркваў.