Першы дзень новай улады ў паведамленнях кіргізскага дзяржаўнага агенцтва Кабар.

* * *

Наступіў першы дзень новай вяхі ў гісторыі Кыргызстана. Адноўлены рух грамадскага транспарту. Гараджане спяшаюцца па сваіх справах, у тым ліку ў Цэнтр пералівання крыві.

Кыргызстанцы, якія ўжо маюць за плячыма горкі досвед, вынесены з падзеяў 2005 году, не заспетыя знянацку. Нягледзячы на адсутнасць інспектараў дарожнага руху, кіроўцы трымаюцца правілаў. Сярод насельніцтва адчуваецца грамадзянская згуртаванасць, адказнасць, патрыятычная свядомасць.

* * *

Адхілены ад займанай пасады губернатар Ошскай вобласці Мамасадык Бакіраў, на яго месца прызначаны Кушбак Тэзэкбаеў. Да такога рашэння прыйшлі ўдзельнікі мітынгу на Цэнтральнай плошчы гораду, які праходзіць цяпер і дзе, паводле папярэдніх дадзеных, удзельнічае каля пяці тысяч чалавек.

Мітынгам кіруе Асілбек Жээнбекаў. Дзейны мэр Оша Мелісбек Мырзакматаў «часова вызвалены ад займанай пасады».

* * *

Сёння ў Бішкеку на аўтобусных прыпынках вялікай колькасці людзей не заўважана. Учора часова былі закрытыя школы і дзіцячыя сады, а таксама распушчаныя студэнты вышэйшых навучальных установаў.
Супрацоўнікі гарадскіх камунальных службаў прыступілі да расчысткі плошчы «Ала-Тоа» і прылеглай тэрыторыі Дома ўраду. Некалькі машын каля «Белага дома» дагараюць. Вакол будынка раскіданыя аскепкі вокнаў, папер, абломкі аргтэхнікі і крэслаў. Збіраецца моладзь, якая прыехала з розных раёнаў. Лідэры апазіцыі не былі заўважаныя.

* * *

У жывым эфіры Першага нацыянальнага канала выступаюць дэпутат парламента Даміра Ніязаліева і намеснік міністра аховы здароўя Сабіржан Абдыкарымаў, якія расказваюць пра вынікі мінулай ночы, ахвяры, дзейнасць супрацоўнікаў службы хуткай дапамогі і гэтак далей.

Працуюць тэлефоны гарачай лініі, аднак эфір канала часта перарываецца нерухомай застаўкай з надпісам «НТРК хутка працягне свае праграмы».

Тэлеканал НБТ, што ўсю ноч паказваў запіс учарашніх беспарадкаў «без каментароў», а таксама «Пяты канал» не працуюць. Канал «ЭлТР» паказвае перадачу пра будаўніцтва пірамід.

* * *

Часовы ўрад будзе дзейнічаць на працягу шасці месяцаў. Пра гэта сёння на сустрэчы з журналістамі заявіла старшыня часовага ўраду Роза Атунбаева.

Па яе словах, на працягу гэтага часу будуць унесеныя змены ў Канстытуцыю Кыргызстана, у прыватнасці ў Кодэкс «Аб выбарах», у законы «Аб палітычных партыях», «Аб правядзенні мітынгаў, шэсцяў і мірных дэманстрацый».

* * *

Многія ўладальнікі і работнікі крамаў і гандлёвых цэнтраў узброіліся і арганізавалі начное дзяжурства. У выніку іх рашучых дзеянняў некаторыя гандлёвыя кропкі апынуліся марадзёрам «не па зубах».
У прыватнасці ўдалося адстаяць ЦУМ, «Тысячу дробязяў», «Таатан», «Дзіцячы свет» і іншыя гандлёвыя дамы. Дробныя крамы і камерцыйныя кіёскі практычна не пацярпелі.

Таксама адзначым вялікі ўнёсак ветэранаў-афганцаў і чальцоў бішкекскага спорткамітэта, якія арганізавалі народныя дружыны. Праз сваю нешматлікасць дружыннікі былі вымушаныя ўжываць «лятучую» тактыку: машына з некалькімі ўзброенымі дружыннікамі пад’язджала да марадзёраў, ім давалі некалькі чэргаў па нагах і хутка ад’язджалі далей. «На жаль, мы не змаглі дапамагчы вельмі многім — нас было занадта мала, і мы не паспявалі выязджаць па ўсіх выкліках», — заявіў кіраўнік штабу па абароне сталіцы генерал-палкоўнік Абдыгул Чатбаеў.

* * *

Рашэннем калектыву Кыргызскага інфармацыйнага агенцтва «КАБАР» дырэктарам Агенцтва часова прызначаны Айбек Султангазіеў. Гэтым жа рашэннем Нарын Ідзінаў часова зняты з пасады дырэктара. Калектыў агенцтва просіць Урад народнага даверу падтрымаць гэты выбар.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?