Анатоль Ціханаў (злева), ліпень 2023 года. Фота: VK via «Люстэрка»

Анатоль Ціханаў (злева), ліпень 2023 года. Фота: VK via «Люстэрка»

У Гомелі 17 красавіка адбудзецца судовае паседжанне па крымінальнай справе за парушэнне тэрміну забароны ўезду ў Беларусь. Прозвішча, імя абвінавачанага супадаюць са звесткамі гомельскага спартоўца Анатоля Ціханава, які быў асуджаны за продаж наркотыкаў на працяглы тэрмін, але раптам аказаўся на вайне ва Украіне ў складзе расійскіх войскаў.

У сацсетцы Ціханаў аб'яўляўся апошні раз у канцы студзеня. Знаёмы Ціханава пацвердзіў Флагштоку яго затрыманне.

Ціханаў — родам з Расіі, але жыў і працаваў у Гомелі, маючы дазвол на жыхарства. Займаўся паўэрліфтынгам, удзельнічаў у спаборніцтвах, быў кандыдатам у майстры спорту. Працаваў у розных месцах, апошнім часам — на прадпрыемстве «Салеа-Гомель».

У 2018 годзе Ціханава асудзілі за продаж асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў у складзе арганізаванай групы на 15,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму. Паводле звестак ініцыятывы «Дзікае паляванне», расіянін адбываў пакаранне ў калоніі «Віцьба». А ў 2023 годзе раптам апынуўся на вайне ва Украіне: ён выклаў на сваёй старонцы ў VK фота на фоне акопаў у вайсковай форме без адметных знакаў.

Таксама ён рабіў рэпост відэа бою брыгады «Поўнач-Z», створанай пры Мінабароны РФ. Невядома, ці служыў спартовец менавіта ў гэтай брыгадзе, але расейскае абароннае ведамства, як і ПВК Вагнера, вербавала зняволеных з турмаў і калоній, паведамляла «Люстэрка».

Імаверным выглядае варыянт, што Ціханава як грамадзяніна Расеі перадалі гэтай краіне для адбыцця пакарання на радзіме, а адтуль ён і адправіўся на вайну.

Пазней расіянін выкладваў фота са шпіталя з павязкамі на нагах. Па ўсіх гэтых звестках можна зрабіць выснову, што пасля атрыманага ранення Ціханаў скончыў свой удзел у вайне і вырашыў вярнуцца ў Гомель. Аднак, мяркуючы па тым артыкуле, па якім яго будуць судзіць зноў, разам з пераводам з беларускай калоніі ў расійскую атрымаў і забарону на ўезд у Беларусь.

Суды па аналагічным артыкуле — не рэдкая з'ява. Расіян, якія мелі від на жыхарства ў Беларусі, але трапіліся на злачынствах, высылаюць з краіны, ставячы забарону на ўезд звычайна на 10 гадоў — гэты тэрмін сустракаецца ў падобных крымінальных справах.

Часта за парушэнне тэрміну забароны ўезду ў Беларусь караюць арыштам, але санкцыя артыкула прадугледжвае пакаранне ад штрафу да арышту на адзін год.

Чытайце таксама:

Даведаліся пра зняволеных, якія ў гомельскай калоніі прэсуюць Марыю Калеснікаву

Мінчука затрымалі за каментар пра былога начальніка калоніі

«Калі выпадкова натрапіць на люстэрка, не можа паверыць, што яго давяло да такога стану» — зяць пра зняволенага Рыгора Кастусёва

Клас
17
Панылы сорам
4
Ха-ха
7
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
11