Вячаслаў Галагуцкі, фота з сайта Радыё Рацыя

Вячаслаў Галагуцкі. Фота з сайта Радыё Рацыя

«Новы час» распытаў Карыну (імя зменена), арэндадаўцу жытла ў Варшаве, дзе жыў Вячаслаў, і ягонага знаёмага Кірыла (імя зменена), які меў з ім кантакт некалькі апошніх тыдняў.

Вось што расказала Карына:

«Адзін з нашых жыльцоў сказаў, што ў яго ёсць сябар, і запытаў, ці можна, каб гэты сябар прыехаў і таксама жыў у нас. Мы згадзіліся.

Вячаслаў Галагуцкі прыехаў, засяліўся, і мы даведаліся, што ён ходзіць з мыліцай і кульгае на адну нагу. Мы ў яго запыталі, што з нагой. Ён сказаў, што ваяваў у Палку Каліноўскага, падарваўся на міне «пялёстак». І дадаў, што ў яго ампутаваная палова ступні — засталіся пятка і пару пальцаў. 

З дакументаў у яго было часовае пасведчанне — ён падаваўся на міжнародную абарону, казаў, што ў яго было некалькі адміністратывак у Беларусі. Яшчэ ён паказваў шалік і шаўрон, казаў, што служыў у батальёне «Тэрор» і меў пазыўны «Змей». Мы вельмі пранікліся гэтай гісторыяй, прынялі яго, пасялілі на першым паверсе.

Я пазваніла свайму знаёмаму з Фонду ветэранаў, які служыў у Палку Каліноўскага, а цяпер заснаваў фонд для дапамогі. Я распавяла пра Вячаслава, каб яму аказалі падтрымку па магчымасці.

Мой знаёмы прыехаў, агледзеў нагу Вячаслава і прасіў паказаць дакументы аб раненні. У Вячаслава не было такіх папер. Мой знаёмы яго сфатаграфаваў, пасля здымкі разаслалі ў Полк Каліноўскага, там яго ніхто не мог апазнаць.

Ён шмат піў, і я яго папярэдзіла, што калі ён працягне так выпіваць, то нам прыйдзецца развітацца.

І раптоўна мне пазваніў чалавек, які прадставіўся пляменнікам Вячаслава. Ён сказаў, што ўсе сваякі Галагуцкага хочуць, каб ён вярнуўся ў Мінск, але ён збег. Чаму так здарылася, ён не патлумачыў.

Я, канешне, запытала, чаму яго кінулі, калі ён ваяваў, дзе яго сябры, знаёмыя якія-небудзь. І пляменнік мне адказаў: «Слава нідзе не ваяваў, гэта дакладна, а што з яго нагой, будуць высвятляць дактары, ён кладзецца ў бальніцу».

Яшчэ пляменнік сказаў, што ў Беларусі Галагуцкі працаваў на высокай пасадзе ў нейкай прыватнай фірме і што ў яго багатая сям’я.

Неўзабаве пасля гэтага тэлефанавання Вячаслаў з’ехаў і лёг у бальніцу».

Паралельна з падзеямі, пра якія расказвае Карына, Вячаслаў камунікаваў з адным жыльцом — Кірылам (імя зменена), які, чым больш з ім размаўляў, тым больш стаў падазраваць у Галагуцкім шпіёна. Вось чым падзяліўся з «Новым часам» Кірыл:

«Я задаваў яму пытанні пра яго жыццё, яго ўдзел у пратэстах у Беларусі, а ён часта не мог адказаць, ці ягоныя адказы былі блытаныя, было шмат несупадзенняў.

Адзін раз у мяне была магчымасць паглядзець яго тэлефон, і я знайшоў перапіску з чалавекам, хутчэй за ўсё, агентам КДБ. Там былі прапісаныя заданні. Маўляў, табе трэба ўкараніцца ў дыяспару, цісні на шкадобу, прасі падтрымкі ў фондах, збірай гранты. А яшчэ яму трэба было даведацца, як фінансуецца РДК (Расійскі добраахвотніцкі корпус), адкуль там падтрымка.

У перапісцы я прачытаў пра непакой Вячаслава наконт яго «легенды», на што быў адказ: «Не хвалюйся, мы цябе абвесцім у міжнародны вышук, і ўсё будзе ок». Яшчэ там былі парады выдаляць усю перапіску, абмяркоўвалася эвакуацыя з Польшчы.

Я знайшоў у тэлефоне Галагуцкага фота прысуду ад 2023 года — там было напісана, што ён намеснік дырэктара прыватнай фірмы, на жаль, я не запомніў назву. Паводле дакумента, ён у стане алкагольнага ап’янення накінуўся на аўтамабіль з расійскімі нумарамі і пашкодзіў яго. Ніякіх дакументаў, фота, звязаных з пратэстамі, я ў яго тэлефоне не знайшоў.

Магчыма, што калі яго злавілі і судзілі за гэты ўчынак, яго і завербавалі. Я расказаў усё гэта Карыне, каб яна ведала, што гэта за чалавек».

Карына дадае, што Вячаслаў званіў ёй перад выпіскай з бальніцы. Яна папрасіла яго забраць рэчы і з’ехаць, таму што адкрыліся вось такія непрыемныя факты — што ён працуе на беларускі КДБ. 

«У адказ Галагуцкі стаў крычаць у трубку, што мы ўсе ненармальныя і нас трэба здаць у псіхушку, — кажа Карына. — Я яго запытвала: дык чаму вы хлусілі, што ваявалі? Вас ніхто не апазнаў, вас ніхто не ведае. Пазней мой знаёмы з фонду паказаў фота нагі Вячаслава медыкам — яны сказалі, што гэта наступствы запушчанага дыябету. 

Галагуцкі пачаў мне казаць, што ён тайны агент ГУР. У выніку мы развіталіся, і больш ён мне не званіў».

«Новы Час» паспрабаваў праверыць звесткі пра тое, што Вячаслаў Галагуцкі з’яўляецца выкладчыкам і кандыдатам навук. «Прагугліўшы» яго імя і прозвішча, журналісты не змаглі знайсці ніякіх матэрыялаў, спасылак на артыкулы, інфармацыі пра ўдзел у навуковых канферэнцыях — звычайны «электронны след» у сеціве любога выкладчыка, нават рэпрэсаванага.

Чытайце таксама:

Як вызначыць агента ў сваім атачэнні

КДБ можа прапаноўваць людзям супрацу пад выглядам украінцаў. Аналіз фільма пра «тэрарыстаў, якіх вяло СБУ»

«Пакайся, ты не Дон Кіхот». Бацьку былога палітвязня выклікалі на размову ў КДБ, і ён пасля таго вельмі змяніўся

Клас
17
Панылы сорам
41
Ха-ха
19
Ого
8
Сумна
6
Абуральна
47