fish farm in Norway рыбная ферма ў Нарвегіі рыбная ферма в Норвегии

Рыбная ферма ў Нарвегіі. Фота: franckreporter / Getty Images

Як піша Le Monde, у 2023 годзе экспарт морапрадуктаў прынёс Нарвегіі 15 мільярдаў еўра, што на 13% больш за паказчык папярэдняга года. Толькі ласося гэтая краіна экспартавала 1,2 мільёна тон.

Але за гэтымі лічбамі хаваецца даволі змрочная рэальнасць. Па звестках Нарвежскага ветэрынарнага інстытута, узровень смяротнасці рыбы ў рыбгасах склаў 16,7%, загінула 62,8 мільёна асобін ласося. І гэта самы вялікі паказчык за ўсю гісторыю. У некаторых раёнах загінула кожная чацвёртая асобіна.

Па словах спецыялістаў, тэндэнцыя росту смяротнасці назіраецца апошнія пяць-шэсць гадоў, пры гэтым прычыну гібелі пятай часткі рыбы высветліць не ўдаецца. У 38% выпадкаў да гібелі прывялі інфекцыйныя захворванні, а ў 33% — наступствы траўмаў ці пашкоджанняў, якія часцей за ўсё ўзнікаюць пры рэгулярных апрацоўках рыбы ад ласосевых вошаў, на якія пакутуе рыба ў інтэнсіўных рыбаводчых гаспадарках.

Па правілах, якія рэгулююць аквакультуру, фермерам забараняецца мець больш за 0,5 паразіта на адну рыбу. Для барацьбы з вошамі першапачаткова выкарыстоўвалі лекі. Але ў апошнія гады паразіты сталі да іх устойлівымі.

У такіх умовах адзіным рашэннем зʼяўляецца механічная апрацоўка. Рыбу вымаюць з вады, прамываюць і часам чысцяць шчоткай, а затым зноў выпускаюць у вадаём.

Па словах спецыялістаў, такая працэдура паўтараецца некалькі разоў на працягу жыцця рыбы і выклікае ў яе вялікі стрэс. Акрамя гэтага ёй могуць быць нанесены фізічныя траўмы падчас транспартавання і паласкання, якое можа пашкодзіць слізістае пакрыццё скуры рыбы. Пашкоджанне слізі, якая служыць абарончым барʼерам, павялічвае рызыку развіцця інфекцый. Такім чынам стрэс і пашкоджанні ствараюць заганнае кола, і рыба больш хварэе.

Інтэнсіўнае рыбаводства прыводзіць да высокай шчыльнасці рыбы ў садках і стварае ўмовы для распаўсюджання паразітаў. Але, як сцвярджаюць спецыялісты, сітуацыя не безнадзейная. Некаторым заводчыкам удалося знізіць гібель рыбы да паказчыка меншага за 10% дзякуючы размяшчэнню сваіх фермаў у спрыяльных зонах з меншай шчыльнасцю рыбы, а таксама дзякуючы больш эфектыўным метадам вядзення гаспадаркі.

Але і такі паказчык зʼяўляецца вельмі высокім.

У нарвежскім грамадстве расце колькасць праціўнікаў прамысловага вырошчвання ласося ў аквакультуры. Адпаведна апошняму апытанню, вынікі якога апублікаваныя 21 сакавіка, пра сваё адмоўнае стаўленне да гэтага заявіла 37% рэспандэнтаў.

Урад краіны рыхтуе афіцыйны дакумент (так званую «белую кнігу») аб абароне жывёл, які павінен прывесці да змены заканадаўства, а група дэпутатаў прапанавала праект закона, накіраваны сярод іншага на абмежаванне выдачы ліцэнзій для заводчыкаў, на фермах якіх смяротнасць перавышае 5%. 

Чытайце яшчэ:

Нарвегія дазволіла сваім кампаніям напрамую прадаваць узбраенне Украіне

Чароўныя краявіды, выпрабаванне бюракратыяй і словы, якія нагадваюць пра радзіму. Беларуска расказала пра досвед эміграцыі ў Нарвегію

Мінтай, хек, скумбрыя… Якую рыбу любяць беларусы і адкуль яе прывозяць?

У Ізраілі стварылі цалкам расліннае філе ласося

Якая сувязь паміж БелАЭС і атлантычным ласосем? Аказваецца, самая непасрэдная

Клас
9
Панылы сорам
6
Ха-ха
2
Ого
18
Сумна
16
Абуральна
9

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?