Фота: essentiallysports.com

Фота: essentiallysports.com

У Кальцова і Сабаленка вялікая розніца ва ўзросце — 17 гадоў. Пакуль Арына была яшчэ маленькай дзяўчынкай, хакеіст паспеў зрабіць выдатную кар’еру: быў адным з першых беларусаў у НХЛ, у складзе зборнай выступаў на алімпіядах і чэмпіянатах свету. Кар’еру гульца ён скончыў у 2016-м.

У Кальцова была ўзорная сям'я. Будучую жонку Юлію (яна руская з Латвіі) ён сустрэў у 2004-м у Штатах, праз два гады пара ажанілася. У шлюбе нарадзіліся трое сыноў — Аляксандр, Даніла і Стэфан. Малодшы з дзяцей нарадзіўся ў 2019 годзе.

Выглядае, што ўжо праз год пачаліся стасункі экс-хакеіста і Сабаленкі.

У 2020-м жонка Кальцова апублікавала пост пра разрыў з мужам, пры гэтым асабліва адзначыла «дзяўчат, што віснуць на шыі чужых мужчын з немаўлятамі ў сем’ях».

Тым часам Арыну сталі бачыць на матчах мінскага «Дынама» — хакейнага клуба, дзе Кальцоў тады працаваў асістэнтам.

У 2021-м пара перастала хаваць адносіны: Кальцоў у сацсетках прызнаваўся дзяўчыне ў каханні, Арына публічна адказвала ўзаемнасцю. Потым з’явіліся і сумесныя фота з пацалункамі, экс-хакеіст і тэнісістка пачалі разам хадзіць на свецкія падзеі.

Пасля падзей 2020-га шмат беларускіх пар распадалася, але Кальцоў і Сабаленка – іншы выпадак, бо яны абое пайшлі па шляху праўладнага спорту. З 2016-га Канстанцін пагульваў за хакейную каманду Аляксандра Лукашэнкі, а ў 2020-м ён падпісаў праўладны ліст спартоўцаў. Пад гэтым жа лістом стаіць подпіс і Арыны.

Фота: sabalenka_aryna / Instagram

Фота: sabalenka_aryna / Instagram

Сабаленка знялася ў навагодняй прамове-2021 Аляксандра Лукашэнкі, а таксама моцна сапсавала сабе рэпутацыю пасля пачатку вайны ва Украіне.

У Арыны як у адной з топавых тэнісістак свету шмат пыталіся пра яе стаўленне да вайны, яна ж здолела асудзіць вайну толькі ў чэрвені 2023-га. Да таго Арына так востра рэагавала на пытанні пра вайну, што гэта неаднойчы трапляла ў загалоўкі медыя.

Яна стала радзей пісаць пра Кальцова — апошні пост пра каханага з'явіўся ў інстаграме Арыны 17 красавіка 2023, у яго дзень народзінаў. Дзяўчына пісала: «Ты мой самы родны чалавек, найлепшы сябар і мая самая моцная падтрымка. Спакою табе са мной, моцы, цярпення і здароўя. Я спадзяюся, што ў нас будзе ўсё, што мы задумалі».

Апошнім часам іх кар'ера насамрэч пайшла ўверх. У 2023-м Арына выйграла Australian Open — гэта была яе першая перамога на турніры Вялікага шлема ў адзіночным разрадзе, і ў студзені 2024-га беларуска яе паўтарыла. У мінулым годзе Арына яшчэ і паспела некалькі месяцаў пабыць першай ракеткай свету.

Што да Кальцова, у апошнія месяцы яму, памочніку трэнера расійскага «Салавата Юлаева», сталі прарочыць новае прызначэнне. Бойфрэнда Арыны сваталі на месца трэнера мінскага «Дынама» і нацыянальнай зборнай.

Пакуль што Арына публічна не рэагавала на смерць Канстанціна. 22 сакавіка яна мусіла распачаць выступ на турніры ў Маямі, і меркавана, што Кальцоў якраз ехаў туды, каб яе падтрымаць. Але ж матча не будзе: спартоўку ўжо выключылі з афіцыйнага раскладу трэніровак, а паведамленні ў сацсетках турніру пра яе ўдзел выдалілі.

Маўчыць у сацсетках і экс-жонка беларуса Юлія. Выглядае, што жанчына перажыла страту больш чым 15-гадовых адносінаў і цяпер будуе новае жыццё — яна працуе рыэлтаркай у Фларыдзе і рэгулярна посціць у інстаграме здымкі сябе і трох сыноў з маляўнічых пляжаў.

Чытайце таксама:

У ЗША загінуў хакеіст Канстанцін Кальцоў — бойфрэнд Арыны Сабаленка

Арына Сабаленка, першая ракетка свету: каханне і маўчанне

Ад НХЛ да каманды Лукашэнкі. Гісторыя хакеіста Канстанціна Кальцова, які загінуў у Маямі

Клас
15
Панылы сорам
12
Ха-ха
18
Ого
15
Сумна
26
Абуральна
35

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?