У межах фестывалю адбудзецца спектакль Юрыя Дзівакова Clausa fores з Аляксандрам Казела ў галоўнай ролі. Фота: Tomasz Kulbowski.

У межах фестывалю адбудзецца спектакль Юрыя Дзівакова Clausa fores з Аляксандрам Казела ў галоўнай ролі. Фота: Tomasz Kulbowski.

З 22 па 25 сакавіка ў Берліне Гётэ-Інстытут у выгнанні ладзіць вялікі міждысцыплінарны фестываль беларускай культуры, піша Reform.by.

Праграма фэсту ўключае два дзясяткі мерапрыемстваў з удзелам больш чым 50 тэатралаў, кінематаграфістаў, пісьменнікаў, паэтаў, музыкаў, філосафаў, мастакоў і актывістаў з Беларусі. Фестываль мае на мэце пабудаваць мост паміж беларускімі творцамі, якія жывуць у эміграцыі ў Берліне, Варшаве, Кракаве, Вільні ці Тбілісі і былі вымушаныя пакінуць радзіму ў сувязі з драматычнымі падзеямі апошніх трох гадоў у краіне.

Асноўнай пляцоўкай фестывалю стале Kunsthaus ACUD — адзін з нямногіх незалежных мастацкіх дамоў, заснаваных ва Усходнім Берліне пасля падзення Сцяны.

Дыскусіі, канцэрты, перформансы, прэзентацыі кніг, кінапаказы, спектаклі, воркшопы — праграма фэсту ўключае самыя разнастайныя івэнты, у якіх возьмуць удзел дзеячы сучаснай беларускай культуры.

Саша Філіпенка, Альгерд Бахарэвіч, Юлія Цімафеева, Дзмітрый Строцаў, Сабіна Брыло, Таццяна Нядбай, Ева Вежнавец, Ірына Герасімовіч, Зміцер Вішнеў, Вольга Бубіч прадставяць беларускую літаратурную і перакладчыцкую сцэну на фестывалі.

Вялікі блок гэтаксама — кінапраграма, У межах форуму адбудуцца паказы кінастужак: «Радзіма» Аляксандра Міхалковіча і Ганны Бадзяка, «Спатканне ў Мінску» Мікіты Лаўрэцкага, «Маладосць па-беларуску» Ксеніі Галубовіч, «Дзённік Анастасіі» Максіма Буйніцкага, двух эпізодаў серыяла «Працэсы» Андрэя Кашперскага, праекта ЧынЧынЧанэл «ЧынЧыны ў Берліне».

Экс-дырэктарка форуму «ТэАрт» Анжэліка Крашэўская разам з нямецкай пісьменніцай і перформеркай Анэт Грэшнер прыме ўдзел у дыскусіі аб нямецкай і беларускай культурнай сцэнах. Тэатральную частку фэсту эфектна дапоўніць нашумелы спектакль Юрыя Дзівакова Clausa fores з Аляксандрам Казела ў галоўнай ролі.

Беларуская філософка Вольга Шпарага і мастацкая кіраўніца фестывалю новай музыкі ECLAT Крысцін Фішэр абмяркуюць тэму як эміграцыя ўплывае на нашы ўласныя культурныя практыкі і як яна зменіць беларускую культуру ў доўгатэрміновай перспектыве. Мадэратар дыскусіі — былы дырэктар Гётэ-Інстытута ў Беларусі, кіраўнік інфармацыйнага аддзела ў галоўным офісе Гётэ-Інстытута ў Мюнхене Якаб Рачак.

Канцэрты KOOB, DJ stereobeaver і гуканне вясны з гуртом KRIWI — фестываль не абыйдзецца без музыкі беларускіх выканаўцаў.

Адно з важнейшых падзей на культурным аглядзе — і прэзентацыя зборніка лістоў ад палітзняволеных жанчын Беларусі «Калі вы ідзеце праз пекла — працягвайце ісці» Кардэліі Дворак.

Мерапрыемствы форуму будуць праходзіць на нямецкай, англійскай, беларускай і рускай мовах з перакладам. Уваход на ўсе івэнты — вольны.

Падрабязней з праграмай фестывалю беларускай культуры ў Берліне можна пазнаёміцца тут.

Чытайце таксама:

Сёння Міхалу Анемпадыставу было б 60 гадоў

У Мінску адкрылася выстава, прысвечаная памяці Ібрагіма Канапацкага, які адрадзіў жыццё малога народа

«Грошы ў цябе будуць, а культура можа знікнуць». Як польскія панкі адраджаюць беларускія народныя песні

Клас
5
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
0