«Я не прыдумаў нічога лепшага, як незаўважна штурхнуць айчыма нагой і гучна сказаць: «Мужчына! Вы, здаецца, збіраецеся сыходзіць?»

Сцяпан сцвярджае, што ў 25 год у яго атрымалася выйсці з-пад мамінага кантролю, але толькі таму, што ён з’ехаў у Расію і быў вымушаны вучыцца жыць самастойна. Кажа, інакш не ведае, чым бы ўсё скончылася.

— Мой айчым на 10 гадоў маладзейшы за маю маму. Мне цяпер здаецца, што яна нас абодвух выхоўвала як сваіх сыноў — толькі айчыму дасталася роля старэйшага. Напрыклад, яго абавязкам было рассцілаць мне ложак — нават калі я ўжо вучыўся ва ўніверсітэце. Бо для маці я заставаўся маленькім хлопчыкам, якога трэба заўсёды кантраляваць. Часам мяне гэта раз’юшвала, але мне здавалася, што так прыкладна ва ўсіх сем’ях.

У школьныя часы маці не дазваляла мне сустракацца з дзяўчынкамі. Казала, што ўсе яны мараць зацягнуць мяне ў ложак, каб зацяжарыць і хуценька выскачыць замуж.

На першым курсе ўніверсітэта яна ўсё ж дазволіла мне паспрабаваць пачаць адносіны. Нават сама стала настойваць, што трэба каго-небудзь запрасіць на спатканне. Доўга глядзела на фоты маіх аднагрупніц у сацыяльных сетках.

Смешна згадваць, а тады мне хацелася ўжо як мага хутчэй схадзіць хоць куды-небудзь з дзяўчынай. І вось мама вырашыла, што спатканне павінна адбыцца ў вельмі модным месцы. Яна патэлефанавала туды, але высветлілася, што столік забраніраваць нельга. Мама пачала панікаваць, што калі я з дзяўчынай прыйду, а месцаў вольных не будзе, то гэта катастрофа. Але яна хутка прыдумала рашэнне. Сказала, што айчым пойдзе ў гэта кафэ за гадзіну да нас і зойме столік, а калі мы прыйдзем, то саступіць нам месца.

Ён сапраўды сядзеў ды сумна піў там каву, і, мусіць, пра нешта задумаўся, калі мы прыйшлі, і не заўважыў нас. І вось максімальна дзіўная сітуацыя: месцаў вольных няма, айчым ва ўпор мяне не бачыць, дзяўчына прапануе пайсці кудысьці яшчэ. Я не прыдумаў нічога лепшага, як незаўважна штурхнуць яго нагой і гучна сказаць:

«Мужчына! Вы, здаецца, збіраецеся сыходзіць?». Ён ускочыў і сказаў: «Так, канешне». І ўцёк. Пасля яшчэ стаяў і з вуліцы глядзеў на нас у вітрыну. Я думаў, што згару ад сораму. А дзяўчына вырашыла, што гэта нейкі гарадскі вар'ят. Пасля гэтага я зразумеў, што з сям'ёй яе сапраўды ніколі не змагу пазнаёміць.

«Пасля спаткання маці хлопца доўга пісала мне ў сацсетках з пытаннем, што ж мне не спадабалася»

Алеся згадвае сваё самае незвычайнае спатканне ці то як камедыю, ці то як фільм жахаў.

— Я вучылася ў Мінску, але на канікулы паехала дадому. І вось літаральна праз некалькі дзён мне піша аднагрупнік, на якога я нават не звяртала ўвагі. Кажа, што вельмі сумуе і хоча мяне пабачыць.

Я, шчыра кажучы, была ў шоку — мы не вельмі камунікавалі ва ўніверсітэце. З чаго раптам такая ўвага?

Ён хацеў прыехаць у мой горад і папіць разам кавы. Мне ўсё гэта здавалася вельмі дзіўным, але сяброўка пераканала паспрабаваць. Казала: «Чаму не, у цябе ж усё роўна няма хлопца цяпер. Папі каву, гэта цябе ні да чаго не абавязвае. Тым больш, што ён сам гатовы прыехаць».

І вось сядзім мы ў кафэ, п'ём каву, і я ў нейкі момант заўважаю, што на нас вельмі ўважліва глядзіць жанчына за суседнім столікам. Мяне гэта вельмі збянтэжыла. Я нават пачала думаць, што са мной нешта не так: можа, я выпэцкалася і не заўважыла? Інакш навошта мяне разглядаць?

Я не вытрымала і сказала хлопцу, што за намі назіраюць і мне гэта вельмі непрыемна. Ён спачатку пачырванеў, а потым прызнаўся, што гэта яго маці. Яна не дазволіла яму ехаць аднаму — баялася, што нешта здарыцца. І плюс хацела паглядзець на мяне.

Натуральна, пасля гэтага спаткання я напісала хлопцу, што ў нас нічога не атрымаецца. А ягоная маці потым пісала мне ў сацсетках з пытаннем, што ж мне не спадабалася. Я яе заблакавала.

«Я напісала хлопцу з Турцыі, што прылячу разам з татам»

Інга дзеліцца сваёй гісторыяй:

— У інтэрнэце я пазнаёмілася з хлопцам з Турцыі. Ён вельмі запрашаў мяне ў госці. Але ж бацькі хваляваліся і не хацелі мяне адпускаць адну ў іншую краіну. У выніку вырашылі, што са мной паляціць бацька.

Хлопец пагадзіўся на такі варыянт. Тыдзень у Стамбуле выглядаў вельмі дзіўна. Мы ўсюды гулялі ўтраіх: я, хлопец і тата. Здаецца, толькі тата адчуваў сябе камфортна і размаўляў увесь час.

У выніку мы вярнуліся дадому, я напісала хлопцу, што мы даляцелі — і на гэтым нашы адносіны неяк і скончыліся. Ён мне не пісаў, ды і ў мяне жадання не было.

А тата быў вельмі задаволены, што атрымаў незапланаваны адпачынак. Кажа, што даўно марыў паглядзець Стамбул.

Чытайце таксама:

«З 3 па 6 клас насіў заплечнік аднакласніцы». Гісторыі людзей, у якіх ніколі не было сур’ёзных адносін

«Маці зайшла ў пакой спытаць, што я хачу на сняданак, а мы з дзяўчынай голыя». Як гэта — жыць з бацькамі, калі табе за 30? 

«Сын ведае, што дзяўчынкі любяць падарункі». Беларусы спрачаюцца ў тыктоку, ці трэба даваць школьніку грошы на спатканне

Клас
4
Панылы сорам
5
Ха-ха
37
Ого
1
Сумна
5
Абуральна
6