Арыэль Анры. Фота: AP Photo/Andrew Kasuku, File

Арыэль Анры. Фота: AP Photo/Andrew Kasuku, File

Прэм'ер-міністр Гаіці Арыэль Анры падаў у адстаўку з пасады кіраўніка ўрада краіны Карыбскага басейна, піша Reuters.com

У адстаўку ён сышоў пасля таго, як рэгіянальныя лідары сустрэліся ў панядзелак на суседняй Ямайцы, каб абмеркаваць рамкі палітычнага пераходу, які ЗША заклікалі на мінулым тыдні «паскорыць» з дапамогай стварэння Прэзідэнцкай рады.

На мінулым тыдні ўзброеныя банды ўзялі штурмам галоўную турму ў сталіцы Гаіці Порт-а-Прэнсе, вызваліўшы большасць з 4 тысяч зняволеных.

На працягу выхадных сутыкненні ў сталіцы краіны Порт-а-Прэнсе сталі яшчэ больш жорсткімі. Узброеныя да зубоў бандыты напалі на Нацыянальны палац (прэзідэнцкую рэзідэнцыю) і з дапамогай бутэлек з запальнай сумессю падпалілі частку будынка Міністэрства ўнутраных спраў, піша Бі-бі-сі.

Да гэтага пастаянным нападам падвяргаўся міжнародны аэрапорт. Яго праца па-ранейшаму спыненая — і ён не можа прыняць самалёт прэм'ер-міністра краіны Арыэля Анры.

На мінулым тыдні кіраўнік урада паспрабаваў вярнуцца на радзіму, аднак яго самалёту не дазволілі прызямліцца; прэм'ер таксама не змог сесці ў суседняй Дамініканскай Рэспубліцы. У выніку Анры вымушаны заставацца ў Пуэрта-Рыка і не можа трапіць у краіну, якую ён тэхнічна ўзначальвае.

У ліку тых, каму ўсё ж удалося пранікнуць на тэрыторыю гэтай гаротнай дзяржавы, была група вайскоўцаў ЗША.

Атрымаўшы запыт Дзяржаўнага дэпартамента, Пентагон заявіў, што праводзіць у Гаіці аперацыю па «ўзмацненні бяспекі» амерыканскай амбасады ў Порт-а-Прэнсе і эвакуацыі супрацоўнікаў, без якіх дыпламатычная місія можа абысціся.

Неўзабаве пасля гэтага ЕС паведаміў, што эвакуюе з Гаіці ўсіх сваіх дыпламатаў на фоне ўспышкі гвалту і самага глыбокага гуманітарнага крызісу пасля разбуральнага землятрусу 2010 года.

Аднак мільёны гаіцянцаў нікуды эвакуявацца не могуць. Яны вымушаныя заставацца ў краіне — як бы кепска ні развівалася сітуацыя.

На фоне палітычнага тупіку ў краіне працягваецца барацьба ўзброеных злачынных груп.

У бальніцы Дзяржаўнага ўніверсітэта Гаіці ў цэнтры Порт-а-Прэнса сітуацыя па-сапраўднаму адчайная. Лекараў і іншага медыцынскага персаналу тут не засталося.

На ложку, побач з пацыентамі, якія безнадзейна чакаюць дапамогі, ляжыць памерлы чалавек. Яго цела загорнута ў прасціну, над ім рояцца мухі. Хоць у памяшканні стаіць невыносны трупны пах, ніхто не патурбаваўся аб тым, каб перанесці цела ў морг, і яно хутка раскладаецца ў карыбскай спякоце.

«Дактароў няма, яны ўсе на мінулым тыдні збеглі, — кажа Філіпе, адзін з пацыентаў, які папрасіў не называць яго сапраўднае імя. — Мы не можам нікуды выйсці. Пастаянна чутныя выбухі і страляніна. Так што нам трэба набрацца смеласці і заставацца тут, сысці нельга».

Паколькі прэм'ер-міністра ў Гаіці няма, а праца ўрада парушаная, практычна поўную ўладу над сталіцай атрымалі ўзброеныя банды.

Яны кантралююць больш за 80% Порт-а-Прэнса, і адзін з самых уплывовых бандытаў Джымі Шэрызье па мянушцы Барбекю зноў заклікаў прэм'ер-міністра падаць у адстаўку. «Калі Арыэль Анры не сыдзе і міжнародная супольнасць працягне яго падтрымліваць, — сказаў Шэрызье на мінулым тыдні, — яны нас прывядуць проста да грамадзянскай вайны, якая скончыцца генацыдам».

Атрады паліцыі, якія значна саступаюць бандытам па колькасці і не адзначаюцца высокім маральным духам, не могуць перашкодзіць марадзёрам і пагромшчыкам. Адзін з участкаў у Порт-а-Прэнсе быў спалены, каля яго застаюцца згарэлыя паліцэйскія машыны.

Аднак жыхарам горада ўсё ж даводзіцца выходзіць са сваіх дамоў, нягледзячы панаванне хаосу і прысутнасць на вуліцах узброеных людзей.

Некалькі гандляроў на суседнім рынку сказалі Бі-бі-сі, што ў іх проста няма іншага выбару. «У мяне трое дзяцей, і я для іх і за маму, і за тату, — кажа Джаслін. — Так што я проста абавязаная ісці і гандляваць. Учора прыйшлі ўзброеныя людзі і скралі ўсе нашы грошы. Многія гандляры ўсё страцілі. Але нельга заставацца дома, калі трэба пракарміць траіх».

«Я да смерці баюся, калі выходжу на вуліцу, — кажа старая жанчына, якая гандлюе садавіной. — Увесь час думаю, а што калі мяне застрэляць? Хто тады паклапоціцца пра маіх дзяцей? У мяне няма сям'і, якая можа дапамагчы».

***

Гаіці — галоўныя факты

Краіна Карыбскага басейну, якая мяжуе з Дамініканскай Рэспублікай. Яе насельніцтва складае каля 11,5 млн чалавек.

Тэрыторыя Гаіці — 27,8 тыс. квадратных кіламетраў. Па памеры яна трохі меншая за Бельгію і крыху большая за Гродзенскую вобласць (але на Гродзеншчыне жыве ў 10 разоў меней людзей).

Гаіці з'яўляецца самай беднай краінай Амерыкі, на працягу многіх дзесяцігоддзяў яе скаланала палітычная нестабільнасць. Дзяржавай кіравалі некалькі дыктатараў, там таксама адбылося некалькі стыхійных бедстваў.

Землятрус на Гаіці 2010 года прывёў да гібелі больш за 200 тыс. чалавек і выклікаў значныя разбурэнні інфраструктуры краіны, моцна падарваўшы эканоміку.

У 2004 годзе ў Гаіці былі адпраўленыя міратворчыя падраздзяленні ААН, якія павінны былі стабілізаваць сітуацыю. Гэтыя сілы вывелі ў 2017-м.

У ліпені 2021 года невядомыя ўварваліся ў прэзідэнцкі дом з узмоцненай аховай у Порт-а-Прэнсе, застрэлілі прэзідэнта Гаіці Жавенэля Маіза і цяжка паранілі яго жонку.

Чытайце таксама:

Банды Гаіці ўзялі штурмам турму і вызвалілі 4000 зняволеных. Краіна пагрузілася ў хаос

Банды Гаіці напалі на паліцэйскую акадэмію і аэрапорт, самалёт прэм'ер-міністра сеў у суседнім Пуэрта-Рыка

У сталіцы Гаіці ўзброеныя банды напалі на ўрадавыя будынкі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
7
Абуральна
2