Павел Латушка Павел Латушко Pavel Latushko

Павел Латушка. Скрын відэа PavelLatushka / YouTube

У сваім звароце кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка наўпрост не называе імёнаў, а адзначае, што існуе меркаванне наконт таго, што санкцыі быццам бы правакуюць Лукашэнка на працяг рэпрэсій у Беларусі, а іх узмацненне прыводзіць да яшчэ большых рэпрэсій.

Латушка прапануе паглядзець на праблему праз іншую аналогію: агрэсія і супраціў. І ў якасці прыкладу прыводзіць Украіну. «Ці трэба супраціўляцца агрэсару, ці трэба яго караць за агрэсію? Ці трэба скласці зброю, капітуляваць і заплюшчыць вочы на ўсё, што ён ужо нарабіў, каб не правакаваць яго на яшчэ большую агрэсію?

Што трэба было рабіць Украіне, калі Расія пры ўдзеле рэжыму Лукашэнкі развязала супраць яе поўнамаштабную вайну? Што трэба было рабіць Украіне, каб не «справакаваць» Расію? І што Украіне трэба рабіць зараз? Можа быць, здацца, капітуляваць, здаць свае тэрыторыі?

А што рабіць партнёрам Украіны, пра што Украіне трэба іх прасіць? Можа быць, ім трэба сказаць: ну добра, Расія, мы перастаём дапамагаць Украіне, здымаем з цябе ўсе санкцыі і заадно прызнаем, што акупаваныя табой тэрыторыі афіцыйна становяцца тваёй часткай — таму што мы не хочам цябе далей правакаваць. Так?» — задае пытанні палітык.

На погляд Латушкі, «у 2020-м годзе Лукашэнка напаў на беларусаў, якія не хочуць жыць пад яго дыктатурай (гэтак жа, як украінцы не хочуць жыць пад расейскай акупацыяй). Гэты напад у выглядзе масавых штодзённых рэпрэсій, якія ўжо неаднаразова былі названыя, якія носяць прыкметы і падпадаюць пад злачынствы супраць чалавечнасці ў розных міжнародных дакументах, працягваецца дагэтуль».

Латушка нагадвае, што Лукашэнка як марыянетка Пуціна забяспечыў напад Расіі на Украіну з тэрыторыі Беларусі, і такім чынам здзейсніў акт агрэсіі адносна Украіны. І гэта злачынства працягваецца. Акрамя гэтага Лукашэнка арганізуе незаконныя перамяшчэнні і дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый, што з'яўляецца ваенным злачынствам.

«І што ж у гэтых умовах прапануюць нам прыхільнікі падыходу «не правакаваць агрэсараў»? Я адкажу, што яны прапануюць — змірыцца, бяздзейнічаць і здацца. Здаць Украіну Пуціну. І здаць Беларусь Лукашэнку. Што ў канчатковым выніку азначае таксама здаць Беларусь яго гаспадару — Пуціну. Гэта значыць замест «быць», яны прапануюць «не быць», — адзначае Павел Латушка і звяртаецца да гледачоў з пытаннем, што выбіраюць яны.

Чытайце яшчэ:

«Не злаваць дзеда». Рыгор Астапеня прапанаваў новую стратэгію дэмакратычным сілам

«У даркнэце быў аб’яўлены кошт за маё жыццё» — Латушка

Павел Латушка расказаў, як Пяткевіч забараніла яму ісці на юбілей Барадуліна

Клас
73
Панылы сорам
8
Ха-ха
2
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
4