Шведскі вайсковец на фоне мапы балтыйскага рэгіёна, дзе цяпер з улікам Швецыі цалкам дамінуе НАТА. Фоты: Nato.int. Калаж: «Наша Ніва»

Шведскі вайсковец на фоне мапы балтыйскага рэгіёна, дзе цяпер з улікам Швецыі цалкам дамінуе НАТА. Фоты: Nato.int. Калаж: «Наша Ніва»

Працэс ратыфікацыі сяброўства Швецыі ў НАТА паспяхова скончаны

Венгрыя была апошняй краінай НАТА, якая не ўзгадняла ўступленне Швецыі ў Паўночнаатлантычны альянс. Ратыфікацыя ў венгерскім парламенце адбылася пазней, чым нават у Турцыі, якая да апошняга актыўна крытыкавала Швецыю за недастатковую «барацьбу з тэрарызмам». 

Тое ж самае было і ў выпадку з Фінляндыяй, якой Турцыя і Венгрыя таксама заміналі хутка ўступіць у НАТА. Але ў выніку Фінляндыя дамаглася членства ў альянсе, што цяпер непазбежна адбудзецца і са Швецыяй.

Швецыя і Фінляндыя да нядаўняга часу з'яўляліся апошнімі часткамі пазла, якіх не хапала для канчатковага ўмацавання НАТА ў балтыйскім рэгіёне. Працэс гэты пачаўся яшчэ ў часы Халоднай вайны з ўступлення ў альянс Даніі, першай краіны НАТА з прамым доступам у Балтыйскае мора, якое на той момант пераважна кантралявалася СССР. 

«Дапамагла» ўзмацненню НАТА ў Балтыцы і сама Расія, распачаўшы два гады таму вайну супраць Украіны, што канчаткова пераканала Фінляндыю і Швецыю адмовіцца ад нейтралітэту на карысць далучэння да альянса.

Тое, што некалі называлася «Возерам Расіі», цяпер з уступленнем у альянс Швецыі канчаткова становіцца «Возерам НАТА».

«Возерам Расіі» звычайна называлі Балтыйскае мора часоў Расійскай імперыі, калі тая валодала сучаснымі Літвой, Латвіяй, Эстоніяй і Фінляндыяй, а таксама часоў СССР пасля Другой сусветнай вайны, калі пад уладай Саюза апынуліся краіны Балтыі разам з ГДР і Польшчай.

Пры гэтым, яшчэ ў 17 стагоддзі Балтыйскае мора называлі «Возерам Швецыі», бо краіна на той момант валодала тэрыторыямі сучасных Нарвегіі, Фінляндыі, Расіі, Эстоніі, Латвіі, Польшчы і Германіі, а таксама лічылася адной з наймацнейшых дзяржаў у Еўропе.

Рэгіён Балтыйскага мора ў розныя часы пад уладай Швецыі (1658), Расійскай імперыі (1913), СССР (1989) і НАТА (2024). Фоты: Wikimedia Commons. Калаж: «Наша Ніва»

Рэгіён Балтыйскага мора ў розныя часы пад уладай Швецыі (1658), Расійскай імперыі (1913), СССР (1989) і НАТА (2024). Фоты: Wikimedia Commons. Калаж: «Наша Ніва»

Пра тое, у чым моц Фінляндыі і якія выгоды яна прынесла НАТА, мы падрабязна распісалі раней.

Чытайце. Фінляндыя ў НАТА: вось чаму гэта змяняе баланс сілаў і вакол Беларусі

Такім жа чынам разгледзім вайсковыя магчымасці Швецыі і раскажам, у чым яе галоўны козыр.

Вайсковая моц Швецыі

Яшчэ да падачы заяўкі на ўступленне ў НАТА Швецыя амаль цалкам адпавядала ўсім стандартам альянсу (акрамя выдаткаў на абарону). Краіна даўно і актыўна ўдзельнічае ў мерапрыемствах і аперацыях НАТА, а ў апошніх буйных вучэннях альянса Steadfast Defender удзельнічала як паўнавартасны член блока.

Шведскае войска уваходзіць у 30-ку найлепшых армій свету (29 месца паводле рэйтынгу Global Firepower 2024). Краіна мае велізарныя эканамічныя магутнасці для самастойнай распрацоўкі зброі і тэхнікі (вайсковы бюджэт складае звыш 11 мільярдаў даляраў).

У Швецыі ёсць каля 25 тысяч прафесійных салдат і каля 7 тысяч прызыўнікоў. Рэзерв налічвае 33 тысячы чалавек, а ў выпадку вайны пад стрэльбу могуць стаць 800 тысяч шведаў (насельніцтва краіны — 10,5 мільёна чалавек).

Па астатніх паказчыках баявая моц Швецыі на 2024 год у мірны час выглядае так.

  • Наземная тэхніка: 120 танкаў, 26 самаходак і амаль 8 тысяч БМП, БТР і іншых транспартных сродкаў.
  • Авіяцыя: 71 знішчальнік (пераважна ўласнай вытворчасці), 53 верталёты, 6 цяжкіх транспартнікаў і 5 самалётаў далёкага радыёлакацыйнага выяўлення (ДРЛВ).
  • Марскі флот: 7 карветаў, 5 падлодак, 8 мінаносцаў і каля 300 патрульных караблёў (у тым ліку ракетныя, супрацьлодкавыя і дэсантныя катары).

З усіх краін балтыйскага рэгіёна Швецыя валодае самым вялікім флотам, які нават большы за балтыйскі флот Расіі і практычна супастаўны з ім па вайсковай моцы (за кошт перавагі ў колькасці і якасці падлодак, карветаў, мінаносцаў і патрульных караблёў).

Па стане на 2024 год Расія мае ў Балтыйскім моры дзве падлодкі, а таксама 1 фрэгат, 1 мінаносец, 5 ракетных эсмінцаў, 4 карветы, 35 патрульных караблёў і 13 дэсантных катараў.

Сумесныя вучэнні Швецыі і ЗША на шведскім востраве Готланд. Фоты: Nato.int

Сумесныя вучэнні Швецыі і ЗША на шведскім востраве Готланд. Фоты: Nato.int

Знішчальнік Saab JAS 39 Gripen (ці проста «Грыфон») — асноўны знішчальнік ВПС Швецыі 4-га пакалення ўласнай вытворчасці. Фота: Wikimedia Commons 

Знішчальнік Saab JAS 39 Gripen (ці проста «Грыфон») — асноўны знішчальнік ВПС Швецыі 4-га пакалення ўласнай вытворчасці. Фота: Wikimedia Commons 

І гэта ўсё толькі адна Швецыя. Але ж акрамя яе ў рэгіёне ёсць і саюзныя Фінляндыя, Данія, Германія, Польшча, Літва, Латвія, Эстонія, якія таксама маюць сучасныя караблі, авіяцыю і цяжкую наземную тэхніку (не кажучы ўжо пра ЗША і астатніх членаў НАТА).

Усё гэта ў сукупнасці не пакідае Расіі ніякай прасторы для манеўру ў Балтыйскім моры і ў выпадку вайны асуджае яе флот на гарантаванае знішчэнне без магчымасці выклікаць дапамогу. Цяпер НАТА ў любы момант можа цалкам «закрыць» Балтыку, ізаляваць Калінінград і адрэзаць ад мора Санкт-Пецярбург.

І ключавую ролю у гэтым ўсім згуляе менавіта Швецыя, бо толькі ў яе ёсць важны інструмент кантролю над усім балтыйскім рэгіёнам — востраў Готланд.

«Непатапляльны авіяносец» і ключавы вузел сувязі

Яшчэ ў артыкуле пра магчымасці Фінляндыі мы пісалі, што паўнавартасны кантроль над Балтыйскім морам магчымы толькі з удзелам Швецыі і яе вострава Готланд. 

Сам востраў знаходзіцца ў цэнтры Балтыйскага мора за 330 кіламетраў ад Калінінграда.

Мапа балтыйскага рэгіёна, дзе сінім колерам адлюстраваны краіны НАТА, зялёнай штрыхоўкай пазначана Швецыя, а чырвоным колерам — шведскі востраў Готланд. Крыніца: Nato.int

Мапа балтыйскага рэгіёна, дзе сінім колерам адлюстраваны краіны НАТА, зялёнай штрыхоўкай пазначана Швецыя, а чырвоным колерам — шведскі востраў Готланд. Крыніца: Nato.int

Такое ўдалае размяшчэнне дазваляе гаспадару Готланда ажыццяўляць кантроль над усімі марскімі перавозкамі ў рэгіёне, а таксама пагражаць сталіцам і буйным гарадам усіх прыбярэжных дзяржаў (асабліва пры размяшчэнні на востраве дальнабойнай зброі, авіяцыі і марскіх баз).

І падобная інфраструктура там ужо ёсць. Пасля расійскай анексіі Крыма Швецыя стала актыўна нарошчваць свой вайсковы патэнцыял на Готландзе і праводзіць там вучэнні з НАТА, асцерагаючыся яго захопу з боку Расіі.

Востраў яшчэ 10 гадоў таму лічыўся самай уразлівай для ўварвання часткай Швецыі, якая ў выпадку вайны не пратрымалася б і паловы дня. Але цяпер Готланд з «ахілесавай пяты» хутка ператвараецца ў непатапляльны авіяносец НАТА, які сур'ёзна пагражае расійскім сілам у Калінінградзе.

Акрамя гэтага, Паўночнаатлантычны альянс атрымлівае выдатную магчымаць сачыць за дзейнасцю расійскіх падводных лодак, якія для абыходу заходніх гідралакатараў звычайна плаваюць па-за тэрытарыяльнымі водамі балтыйскіх краін-удзельніц НАТА. Наяўнасць у альянсе Фінляндыі і Швецыі разам з Готландам звузіць гэты свабодны праход настолькі, што ніводная расійская падлодка не зможа прайсці незаўважанай.

Усе гэтыя перавагі жыццёва важныя для Захаду, бо на Готландзе таксама знаходзіцца галоўны вузел сувязі большасці падводных кабеляў, якія злучаюць паміж сабой балтыйскія краіны НАТА.

Калі Расія яго захопіць, то зможа абсекчы ўсю кабельную сувязь альянса ў балтыйскім рэгіёне (уключна з інтэрнэтам), або узяць гэтую сувязь пад поўны кантроль і атрымаць доступ да велізарнага масіва сакрэтнай інфармацыі.

Гэтая пагроза нікуды не знікае з уступленнем Швецыі ў НАТА, таму альянс будзе вымушаны надаваць першасную увагу бяспецы Готланда.

Чым яшчэ можа адказаць Расія?

Расія адпрацоўвала на вучэннях захоп Готланда яшчэ з моманту анексіі Крыма. Расійскі напад на тэрыторыю Швецыі цалкам магчыма застаўся б без сур'ёзнага адказу, калі б ён адбыўся яшчэ да вайны ва Украіне і да ўваходжання Швецыі ў НАТА.

Гіпатэтычна Расія і цяпер мае магчымасць захапіць Готланд, пакуль Швецыя яшчэ афіцыйна не ў альянсе, аднак вайна ва Украіне сур'ёзна знясіліла расійскі вайсковы патэнцыял.

Падрыхтоўка атакі на Швецыю ў гэты момант запатрабавала б вываду часткі расійскіх сіл з Украіны, што можа прывесці да абвалу яе фронта і значнага паляпшэння становішча ўкраінскай арміі, якая абавязкова скарыстаецца магчымасцю перавесці дух, дачакацца ўзмацнення паставак з боку Захада і затым контрнаступаць.

Да таго ж малаімаверна, што у Расіі зараз атрымаецца захапіць Готланд. НАТА і Захад ужо не тыя, якімі былі яшчэ 10 гадоў таму.

Таксама нікуды не знік варыянт са спробай захопу Літвы, Латвіі, Эстоніі праз Сувалкскі калідор з тэрыторыі Беларусі і Калінінграда.

Але ва ўмовах поўнага атачэння сіламі НАТА Расія будзе мець вельмі нізкія шансы на поспех, пры гэтым моцна рызыкуючы цалкам страціць Калінінград і ганебна адступіць у Беларусь.

Чытайце таксама:

Ці можа Расія анексаваць Прыднястроўе?

Скрыня Пандоры. Як Тайвань можа зладзіць апакаліпсіс у Кітаі?

НАТА чакае нападу Расіі праз Беларусь ужо ў пачатку 2025 — Bild

Некаторыя краіны ЕС і НАТА разглядаюць магчымасць накіраваць сваіх салдат ва Украіну — прэм'ер Славакіі

«Прымушалі савакупляцца і спраўлялі на іх малую патрэбу». Як пасланыя на смерць расійскія салдаты здзекуюцца са сваіх жа таварышаў па службе

Клас
84
Панылы сорам
4
Ха-ха
4
Ого
6
Сумна
4
Абуральна
12

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?